Паўнамоцтвы прадстаўнікоў прафсаюзаў замацаваны на заканадаўчым узроўні. Вызначана, што прафсаюзы могуць удзельнічаць у расследаванні нават там, дзе няма першаснай прафсаюзнай арганізацыі. Таксама выбудавана работа ў выпадках, калі траўму атрымаў работнік, які не з’яўляецца членам прафсаюза. Накіраванне прадстаўніка для ўдзелу ў расследаванні ў такіх выпадках вызначаюць галіновы прафсаюз ці абласное (Мінскае гарадское) аб’яднанне прафсаюзаў.
Новыя правілы будуць садзейнічаць аб’ектыўнаму і своечасоваму расследаванню, афармленню і ўліку няшчасных выпадкаў і прафесійных захворванняў, што дасць магчымасць не дапусціць ушчамлення правоў траўміраваных работнікаў. Акрамя таго, падчас расследаванняў няшчасных выпадкаў у арганізацыях, дзе няма прафсаюзнай арганізацыі, тэхнічная інспекцыя мае права правесці грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове працы.
— Задача прафсаюзаў -— пракантраляваць, каб пры ўстанаўленні прычын трагедыі не былі парушаны правы работніка. Удзел прафсаюзаў пры расследаванні няшчасных выпадкаў дае магчымасць бачыць карціну цалкам, улічыць усе абставіны і максімальна абараніць людзей, якія атрымалі траўму на вытворчасці. У прафсаюзаў ёсць права выказаць асобае меркаванне, калі не згодны з вынікамі ці ходам расследавання. Напрыклад, летась у сталіцы на адным з прадпрыемстваў прамысловасці работнік атрымаў цяжкую траўму. Тэхнічны інспектар працы галіновага прафсаюза не пагадзіўся з высновамі расследавання, якія ўказвалі на асабістую неасцярожнасць пацярпелага. На думку тэхінспектара працы, няшчасны выпадак здарыўся ў выніку недасканаласці абсталявання і неадпаведнасці тэхналагічнага працэсу. Асобае меркаванне было ўлічана. У выніку работнік атрымаў кампенсацыю, — расказаў галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Павел Манько. — У нашай практыцы ёсць выпадкі зваротаў, якія тычацца фактаў утойвання няшчасных выпадкаў і нежадання асобных наймальнікаў прызнаваць вытворчую траўму або ўвогуле перакласці віну на работніка. Пагадзіўшыся на такія ўмовы, работнік шмат што губляе, у першую чаргу права на кампенсацыю. Дарэчы, летась 21 наймальнік быў прыцягнуты да адказнасці за спробу ўтойвання няшчаснага выпадку.
На сёння дзяржавай гарантаваны абавязковыя страхавыя выплаты пры атрыманні вытворчай траўмы. Акрамя таго, прафсаюзы працягваюць работу над тым, каб кожны калектыўны дагавор арганізацыі змяшчаў норму, згодна з якой работнік можа разлічваць на дадатковыя выплаты ў выпадку траўмы — у памеры аднаго сярэдняга заробку за кожны працэнт страты працаздольнасці і 10 сярэднегадавых заробкаў сям’і ў выпадку гібелі работніка на вытворчасці па віне наймальніка.
— Не рэдкія выпадкі, калі работнікі самі не ведаюць, на якую кампенсацыю могуць разлічваць пры атрыманні траўмы. Напрыклад, у адной з арганізацый Брэстчыны, прафсаюзны спецыяліст выявіў, што работніку ў сувязі з вытворчай траўмай выплацілі толькі страхавыя выплаты, а норму калектыўнага дагавора наймальнік праігнараваў. Прадстаўнік прафсаюза ўказаў на парушэнне — работніку недаплацілі каля 60 тысяч рублёў. Сёння наймальнік ужо пачаў праводзіць належныя работніку выплаты — дасягнута пагадненне аб растэрміноўцы нявыплачанай сумы роўнымі долямі на працягу 30 месяцаў. У цэлым, у 2024 годзе ў выпадку гібелі работніка наймальнікі па патрабаванні прафсаюзаў выплацілі сем’ям пацярпелых звыш 3 мільёнаў рублёў, — дадаў Павел Манько.
Неабходна адзначыць, нягледзячы на вялікую прафілактычную работу, якая праводзіцца на пастаяннай аснове, правядзенне маніторынгаў і праверак, узмацненне адказнасці за выкананнем заканадаўства аб ахове працы, праблема вытворчага траўматызму па-ранейшаму застаецца актуальнай практычна для ўсіх галін. Толькі за мінулы год на працоўных месцах у выніку няшчасных выпадкаў загінула 105 чалавек (у 2023 годзе — 117), 1849 работнікаў атрымалі вытворчыя траўмы.
Нагадаем, паведаміць аб фактах парушэнняў аховы працы, неадпаведных умовах працы або спрэчнай сітуацыі з наймальнікам можна ў Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр ФПБ па адзіным бясплатным нумары — 8 801 100 1111.