Top.Mail.Ru
361

Паўночная Атлантыда

Доўгі час тэрыторыя паўночнай Беларусі была белай плямай на археалагічнай карце перыяду неаліту — бронзавага веку. У параўнанні з іншымі рэгіёнамі тут знаходзілі вельмі мала археалагічных помнікаў гэтага перыяду. Нават выказваліся версіі, а ці не было тут якіх эпідэмій, з-за якіх людзі не хацелі сяліцца. Але раскопкі на тэрыторыі Крывінскага тарфяніка, якія знаходзіцца на тэрыторыі Бешанковіцкага і Сеннецкага раёнаў дапамаглі раскрыць сакрэты Паазер’я. Рэшткі старажытных паселішч проста раней не там шукалі. Яны знаходзяцца ці пад вадой, ці пад пластом торфу. Таму загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі называе іх Паўночнай Атлантыдай. 



Як заўважыў археолаг, клімат заўсёды мяняецца. У прамежку паміж пятым і сярэдзінай другога тысячагоддзя да нашай эры на нашых землях, асабліва на тэрыторыі паўночнай Беларусі ўзровень грунтовых вод і вод у азёрах быў ніжэйшы за сённяшні ў сярэднім на 2- 2,5 метры. Адпаведна азёры былі меншыя па плошчы. Людзі заўсёды імкнуліся сяліцца бліжэй да вады. На поўначы рэкі былі з крутымі гліністымі берагамі, жыць ля іх было нязручна. Іншая справа — азёры, да таго ж значна багацейшыя на рыбу. У сярэдзіне другога тысячагоддзя адбылася нейкая глабальная кліматычная змена, якая прывяла не толькі да пахаладання. Паступова стаў падымацца ўзровень вады. Калі яна падбіралася да жытла, людзі сыходзілі на больш высокія месцы. Праз 200 гадоў іх нашчадкі ўжо маглі плаваць над былой вёскай. Максім Чарняўскі выказаў гіпотэзу, што такія з’явы маглі быць вынікам глабальнай прыроднай катастрофы, напрыклад, вывяржэння вулкана, у выніку якой змяняўся клімат на ўсёй планеце... 

Качкі.JPG

Першыя раскопкі на Крывінскім тарфяніку вяліся яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Актыўна даследаваўся гэты археалагічны помнік у 1960-я гады, што супала з ростам цікавасці да тарфяніковых паселішчаў ва ўсходняй Еўропе і на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. У гэты ж самы час аналагічнымі паселішчамі займалася экспедыцыя Эрмітажа. Актыўна даследаваліся тарфянікавыя паселішчы ў Літве і Латвіі. Археолагі абменьваліся методыкамі, інфармацыяй аб матэрыялах. Унікальнасць беларускіх раскопак у тым, што тут знойдзены паселішчы звычайнага тыпу, якія ствараліся на цвёрдай зямлі, але з цягам часу іх паглынула вада. У раскопках на Смаленшчыне і Пскоўшчыне, якія праводзіў Эрмітаж, знойдзены рэшткі палівых канструкцый — дамкоў, якія стаялі над вадой. 

З 1999 года экспедыцыя на Крывінскім тарфяніку працуе няспынна. Умовы працы, як падзяліўся Максім Чарняўскі, тут няпростыя: «Стаіш у балоце, у жыжы. Фізічна не магчыма ўскрываць вялікія плошчы, бо спатрэбіцца вялікая колькасць людзей у раскопе і яшчэ большая на апрацоўцы матэрыялу, яго аналізе».

IMG_20230803_095434.jpg 

Затое тарфяніковыя раскопкі надзвычай багатыя на знаходкі

Археалогія — навука, якая дазваляе рабіць рэканструкцыю старажытнасці на падставе тых рэчаў, нейкіх аскепкаў чалавечай дзейнасці, якія археолагі знаходзяць у зямлі. Чым больш такіх артэфактаў і чым яны разнастайней, тым лепш можна пазнаваць гісторыю. Так на тэрыторыі пясчаных археалагічных помнікаў далёкай першабытнасці каменнага і бронзавага веку ўздоўж Нёмана, Прыпяці, Дняпра археолагі знаходзяць пераважна фрагменты бітага глінянага посуду, кераміку, крамянёвыя і каменныя прылады працы. За сотні і тысячы гадоў у выніку гніення знішчаецца большасць матэрыяльнай культуры — тое, што было зроблена з дрэва, скуры, косткі, рога, сплецена з травы. Тарфяніковыя помнікі археалогіі захоўваюць значна больш матэрыялаў, таму яны на вагу золата, іх не так шмат не толькі ў Беларусі, а ўвогуле па Еўропе. 

Бурштын.JPG

Сёння ў нашай краіне самым вядомым і больш даследаваным з’яўляецца Крывінскі тарфянік. На ім на дадзены момант знойдзена 12 помнікаў ад ранняга неаліту да ранняй бронзы. У вільготных умовах, калі няма доступу кіслароду ў тарфяніках захоўваюцца нават арганічныя матэрыялы Знаходкі дазваляюць даведацца наколькі багатым быў свет першабытных людзей. Нават дзякуючы знойдзеным тут прыладам працы можна адкрываць новыя аспекты з іх жыцця. Так пры дапамозе калегі з Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры ў Санкт-Пецярбурзе Ганны Малюцінай, якая вывучае рэчы пад мікраскопам і дапамагае раскрыць іх прызначэнне, удалося вызначыць для чаго выкарыстоўваліся некаторыя знаходкі. Так, высветлілася, што касцяныя зубчыкі маглі служыць першабытнымі людзьмі як часалкі, каб працаваць з расліннымі валокнамі ці воўнай. Такое адкрыццё змяняе ўяўленне і пра ўзровень тэхналогій, якімі валодалі першабытныя людзі, і пра іх адзенне. Атрымліваецца, што рабіць тканіну на тэрыторыі паўночнай Беларусі людзі сталі досыць рана, а не як лічылася раней, што ў перыяд позняй бронзы. Сярод унікальных прылад, знойдзеных падчас раскопак на Крывінскім тарфяніку — ігла для пляцення. Шмат знаходак дазваляюць даведацца і пра тэхналогіі рыбнай лоўлі. Некаторыя з вынаходніцтваў першабытных людзей былі настолькі зручнымі, што дажылі да ХХ стагоддзя. Максім Чарняўскі расказаў, што ў адной з экспедыцый па Лепельскаму раёну бачыў берасцяныя паплаўкі гаспадара, якія былі ідэнтычныя тым, што трапляюцца падчас раскопак на Крывінскім тарфяніку. Атрымліваеццашто па часе вырабу паміж імі розніца ў 6 тысяч гадоў.

Дзякуючы знаходкам на Крывінскім тарфяніку можна даведацца і пра элементы светапогляду першабытнага чалавека, яго культуру. Усё ж мастацкія і культавыя рэчы рабіліся пераважна з арганічных матэрыялаў. Тут былі знойдзены флейты, падвескі з салярнымі сімваламі, лунніцы, розныя амулеты, касцяны чалавечак, выявы змейкі, вадаплаўных птушак — качак. Апошнія, між іншым, уключаюць тэрыторыю паўночнай Беларусі ў вялікі рэгіён распаўсюджвання культу птушкі (ад паўднёвай Скандынавіі да Уральскіх гор). Наяўнасць бурштынавых упрыгожанняў, разнастайных падвесак, гузікаў дадаткова сведчыць пра досыць шырокія тэрытарыяльныя кантакты паміж жыхарамі таго часу.

З адкрыццяў за апошнія 10 гадоў на Крывінскім тарфяніку — і тое, што тут знойдзены сляды культуры шарападобных амфар. Моцны ўплыў на мясцовае насельніцтва аказалі вандроўнікі- гандляры...

Матэрыялы, атрыманыя дзякуючы раскопкам на Крывінскім тарфяніку, трапляюць у падручнікі гісторыі. Магчыма ў будучым, яны паслужаць і развіццю турызму ў гэтых раёнах, якія могуць у якасці брэнда выкарыстаць звесткі пра найстаражытнейшыя пасяленні і беларускую Атлантыду. Далучыцца ж да пошуку новых адкрыццяў на Крывінскім тарфяніку ці іншых раскопак, якія вядуць супрацоўнікі Інстытута гісторыі, сёння могуць любыя рамантыкі, як студэнты, так і дарослыя. Валанцёры могуць звяртацца непасрэдна да археолагаў ці рэгістравацца на сайце экспедыцыі «Асавец».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ.

Фота з архіва Максіма Чарняўскага.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю