Кожны чацвер ва ўсіх абласных і Мінскім гарадскім аб’яднаннях прафсаюзаў спецыялісты асабіста прымаюць заўвагі і прапановы па ўдасканаленні сітуацыі на спажывецкім рынку.
- Напрыклад, спажывец з Мінска паскардзіўся ў грамадскую прыёмную, што ў магазіне, які ён часта наведвае, у продажы стала менш дзіцячага малака пэўнага вытворцы. Прафсаюзны спецыяліст пагаварыў і з таваразнаўцам магазіна, і з сектарам продажаў вытворцы. Як высветлілася, тавар паступае ў гандлёвую кропку паводле зацверджаных заявак. Акрамя таго, у магазіне ў вялікім асартыменце прадстаўлена дзіцячае малако і іншых айчынных вытворцаў. Разам з тым, адміністрацыя крамы прыняла да ўвагі пажаданне жыхара мікрараёна сталіцы — у бліжэйшы час плануецца павялічыць колькасць гэтага віду прадукцыі.
Таксама ў поле зроку прафсаюзаў апынуліся пытанні, звязаныя з асартыментам тавараў у аўталаўках Віцебскай вобласці, адмовай прадпрымальніка ў выдачы касавага чэка на прададзены тавар у Магілёўскай вобласці, неадпаведнасцю цаны на цэнніку і на касе ў сталічным магазіне, з правіламі выдачы кнігі заўваг і прапаноў у Гомелі — у кожным выпадку прафсаюзныя спецыялісты імкнуліся аператыўна разабрацца і даць адказ спажыўцам.
Нагадаем, у грамадскую прыёмную звярнуцца можна асабіста — спецыялісты з 11.30 да 20.30 прымаюць звароты ва ўсіх абласных цэнтрах і Мінску. Падрабязная інфармацыя аб месцы правядзення прыёмаў размешчана на афіцыйным інтэрнет-партале ФПБ.
Алена КРАВЕЦ.