Top.Mail.Ru

Па старонках «Звязды»: летапіс барацьбы і вызвалення

«Ніякія межы, ніякія пагранічныя слупы больш не падзеляць, не пасякуць на часці нашу родную зямельку — Беларусь»

З гэтых слоў Змітрака Бядулі, змешчаных у нумары за 18 верасня 1939 года, «Звязда» пачынае весці сапраўдную хроніку яднання. Газетныя старонкі захоўваюць жывую гісторыю. Тую, якую немагчыма перапісаць. З матэрыялаў карэспандэнтаў, лістоў, зваротаў у рэдакцыю можна прасачыць, як натхнёна беларускі народ успрыняў вызваленне заходняй часткі нашай зямлі. Як усходнія беларусы перажывалі за сваіх братоў, як самаахвярна гатовы былі змагацца за агульную будучыню, дапамагаць, падказваць, расказваць пра тое, якіх поспехаў удалося дасягнуць за апошнія 20 гадоў. Колькі радасці, надзей на лепшую будучыню было на захадзе і якімі горкімі гісторыямі дзяліліся людзі, якія апынуліся на адрэзаным ад Радзімы баку, як яны змагаліся за сваё вызваленне. Пра ўсе гэта, гартаючы старонкі «Звязды» амаль дзевяностагадовай даўнасці, мы раскажам у рубрыцы «Летапіс барацьбы і вызвалення».


17 верасня старшыня Савета народных камісараў СССР Молатаў выступіў па радыё з прамовай, у якой паведаміў, што савецкі ўрад аддаў распараджэнне галоўнаму камандаванню Чырвонай Арміі «перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі». Навіну горача абмяркоўвалі. Як пісала «Звязда», «Совецкі ўрад выканаў волю народа»: з Віцебска, Гомеля, Магілёва, Мазыра, Полацка, Оршы, Барысава, Бабруйска, Рэчыцы, з усіх гарадоў, вёсак, машынна-трактарных станцый, саўгасаў паступалі шматлікія рэзалюцыі сходаў рабочых, служачых, інтэлігенцыі, калгаснікаў, якія ўхвалялі прынятае рашэнне.

Рэдакцыя прымала шмат лістоў ад пісьменнікаў. Вершаваныя звароты да заходніх беларусаў перадавалі Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Анатоль Астрэйка і іншыя. Прывітанне да братоў з Заходняй Беларусі даслаў праз газету і Якуб Колас: «Рознымі дарогамі ішло наша жыццё па адзін і па другі бок граніцы. Дваццаць гадоў мы будуем свой дабрабыт, сваю культуру, сваё мастацтва, свае школы, навуку. Дваццаць гадоў не ведаем мы нацыянальнага гнёту, панскай няволі, здзеку і гвалту чалавека над чалавекам... Але наша радасць не была поўнай, бо мы чулі ваш голас пакуты, мы ведаем пра вашу галечу, цемру, нацыянальны гнёт і бяспраўе, паланізацыю, асадніцтва». «Вітаю мудрае рашэнне ўрада», — даслаў Янка Купала ліст з Ерэвана, дзе на той час знаходзіўся ў творчай вандроўцы.

«Хутка пабачымся, — выказаў радасць Заір Азгур. — Я, як скульптар, адчуваю блізкую сустрэчу з народнымі мастакамі і скульптарамі вызваленага з-пад польскага ярма беларускага народа. Гэта будзе такая сустрэча, якая можа быць толькі паміж роднымі братамі, якіх прымусам разлучылі чужыя людзі».

Пасланні паступаюць ад работнікаў Акадэміі навук. Заслужаныя настаўнікі Мінска выказваюць гатоўнасць падзяліцца сваім вопытам: «Мы ведаем, што каля 90 працэнтаў насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны непісьменнае, што панская Польшча душыла беларускую і ўкраінскую культуру, што там не было школ на роднай мове, што толькі голад і нястача, бізун і нагайка былі іх удзелам». Прадстаўнікі Тэатра оперы і балета, Белдзяржфілармоніі дасылаюць лісты на імя члена Ваеннага савета Беларускага фронту, сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі з просьбай накіраваць іх на абслугоўванне часцей Чырвонай Арміі і працоўных Заходняй Беларусі.

«Галеча ў вёсках жахлівая»

На ўсходзе пільна сачылі за жыццём працоўных і сялян па той бок мяжы. Звесткі пра складанае становішча ў Заходняй Беларусі прасочваліся і ў замежны друк. Рабочыя жылі ў бараках, недаядалі, працоўны дзень павялічваўся на многіх прадпрыемствах да 14-16 гадзін. Асабліва цяжка прыходзілася беларусам: ім атрымаць работу было амаль немагчыма.


Згодна з палітыкай асадніцтва, з 1920 года лепшыя землі на тэрыторыі Заходняй Беларусі як узнагарода выдзяляліся салдатам польскай арміі, так званым «асаднікам». Беларускім сялянам даставаліся самыя горшыя, закінутыя, забалочаныя надзелы. Нізкі ўраджай і непасільныя падаткі канчаткова даводзілі іх да галечы. «Звязда» прыводзіць прыклады «пісьмаў сялян», надрукаваных польскім Інстытутам сацыяльнай эканомікі.

«Галеча ў вёсках жахлівая. З бедных сялян толькі нямногія маюць хлеб, а мяса ядуць толькі на Каляды і Вялікдзень», «Цяпер мы адмаўляем сабе літаральна ва ўсім. Цукру мы не ўжываем, хіба толькі ў вялікія святы, а соль эканомім — яна вельмі дарагая. Жанчыны пераносяць агонь з дому у дом у жалезных гаршках, а кожную запалку я дзялю на дзве, а часам на чатыры часткі. Керасін і лямпы ў нас у вёсцы — гэта роскаш. Хаты асвятляюцца проста лучынай». Тыф, туберкулёз і іншыя хваробы забіралі сотні тысяч ахвяр. Аўтары «Звязды» знайшлі звесткі, што «палавіна дзяцей Заходняй Беларусі, не дасягнуўшы 7-гадовага ўзросту, гіне ад голаду і заразных хвароб».


З пачаткам ваенных дзеянняў на тэрыторыі Польшчы сяляне Заходняй Беларусі адчулі асаблівы «клопат» пра іх: 

«Паліцэйскія банды і дружыны асаднікаў ноччу, як шакалы, робяць непрарыўныя налёты на вёскі, выграбаючы зярно, фураж, палатно, вопратку і калёсную мазь, не пакідаючы харчавання нават дзецям. Так, напрыклад, у хутары Дуброўка ноччу, нягледзячы на жудасны плач і крыкі жанчын і старыкоў, паліцыя як саранча ачысціла ўсе двары хутара, увяла 8 кароў і 13 авечак». «З вёскі Рубяжэвічы першага верасня гвалтоўна ўвялі 180 коней. На жудасныя крыкі і просьбы старыкоў паліцэйскія адказалі збіваннем». Такія ж грабяжы, што тлумачылася насельніцтву «ваеннымі патрэбамі», як пісала «Звязда», адбываліся і ў іншых населеных пунктах. Збяднелыя з-за дзясяткаў падаткаў сяляне і рабочыя ўсё часцей паглядалі ўбок СССР. Не тое што абурацца, нават разважаць аб іншай долі забаранялася: «Беларускі селянін не мае права мець радыёпрыёмнік, гаварыць аб вайне, аб СССР і наогул аб палітычных пытаннях: за ўсё гэта яму пагражае 15 год катаргі ў канцэнтрацыйным лагеры Бяроза-Картуска, які расшыраецца з кожным днём».



Але, як піша газета, «цярпенне беларускага селяніна прыйшло к канцу»: «не дзіўна таму, што ў вёсках Глыбокае, Салонае, Луткі і Парфіёнава з’явіліся партызанскія атрады. Абураныя сяляне знішчаюць памешчыкаў, робяць налёты на ўрадавыя ўстановы і тэлеграфныя лініі».

На тым беразе

17 верасня для Заходняй Беларусі стала асаблівай датай. У газету прыходзілі паведамленні аб тым, як магчымасць уз’яднацца ўзрадавала сялян і працоўных. Раней вёскі, што знаходзіліся на польскім беразе, здаваліся бязлюднымі, «нямымі», а з пачаткам Вызваленчага паходу Чырвонай Арміі «мужчыны і жанчыны групамі падыходзяць к берагу многаводнай Заходняй Дзвіны, радасна пераклікаюцца з калгаснікамі, якія працуюць на гэтым беразе». «З выключнай радасцю сустрэлі працоўныя беларусы мястэчка Леанполь прыход часцей доблеснай Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Дамы ўпрыгожыліся чырвонымі сцягамі. Са слязьмі радасці на вачах беларускія жанчыны, як з роднымі братамі, цалаваліся з чырвонаармейцамі». 

На вышытых абрусах сяляне падносілі хлеб, клікалі байцоў да сябе ў дом, прасілі больш расказаць аб жыцці на савецкім баку. 

У гутарках з байцамі і камандзірамі сяляне Заходняй Беларусі выказвалі сваю нянавісць да паноў, якія ўстанаўлівалі непасільныя падаткі і паборы, што прывялі да голаду і галечы. Мужчыны, жанчыны і дзеці хадзілі босымі, праблемы былі нават з набыццём дроў, кубаметр, якіх каштаваў столькі ж, колькі некалькі пудоў хлеба.

«Звязда» пісала, што на захадзе паўсюль цёпла, часта са слязьмі на вачах нават у мужчын, сустракалі чырвонаармейцаў: 

«Працоўныя Заходняй Беларусі выходзяць з дзецьмі на цэнтральную дарогу за некалькі кілометраў, каб выказаць сваю радасць і перадаць гарачае прывітанне і падзяку за праяўленне вялікай дружбы да народу Заходняй Беларусі».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота з архіва газеты

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю