Ва ўсіх раёнах Беларусі сёння ўспамінаюць ахвяр спаленых вёсак. У мемарыяльным комплексе «Хатынь» 22 сакавіка, у дзень, калі адзначаецца 83-я гадавіна з дня трагедыі, па традыцыі праходзіць Вахта Памяці, да якой далучаюцца ўсе рэгіёны краіны. У гэтую журботную дату да брацкай магілы згарэлых у агні жыхароў беларускай вёскі, да фігуры Непакорнага чалавека, а таксама да Вечнага агню прыносяць кветкі прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, моладзь, прыязджаюць узгадаць хатынцаў сем’і з самых аддаленых куткоў краіны і з-за мяжы.
У гэты дзень Вахты Памяці праходзяць каля мемарыялаў жыхарам і іншых спаленых вёсак. Так, у Барысаўскім раёне землякі збяраюцца ля брацкіх магіл мірных жыхароў вёсак Скупліна і Лісіна, у аграгарадку Мсціж — каля помніка партызанам — работнікам калгаса імя Леніна, па-зверску закатаваным фашыстамі 4 кастрычніка 1942 года. Шануюць памяць мірных жыхароў вёсак Іканы, Пустамсціж і Гарэлы Луг, спаленых і расстраляных фашыстамі 28 мая 1943 года і інш. У Вілейскім раёне моладзь, прадстаўнікі ўлады і сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, ідэалагічны актыў збяраюцца ў мемарыяльным комплексе «Месца спаленай вёскі Любча».
У Капыльскім раёне мерапрыемствы праходзяць па пяці такіх адрасах: каля помнікаў ахвярам фашызму ў вёсцы Жаўлкі, Рулева, Калодзежнае, Масевічы і Вялікія Прусы. У Мядзельскім раёне ўспамінаюць загінуўшых жыхароў вёскі Новікі, а ў Пухавіцкім ускладаюць кветкі да брацкай магілы ахвяр вайны ў вёсцы Прыстань. У Чэрвеньскім раёне памятныя мерапрыемствы праходзяць у мемарыяльным комплексе «Папова Града».
Турчын ушанаваў памяць ахвяр Хатыні
Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын усклаў кветкі падчас Акцыі памяці ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» да манумента «Непакорны чалавек» і да Вечнага агню, паведамляе SB. by.

Таксама даніну памяці загінуўшым аддалі кіраўнікі Усебеларускага народнага сходу, Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў, Адміністрацыі Прэзідэнта, Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, Апарату Савета Міністраў.

Сёння спаўняецца 83 гады з дня Хатынскай трагедыі. У ходзе акцыі памяці ў мемарыяльным комплексе на працягу дня праходзяць цырымоніі ўскладання кветак.

Галоўчанка: Мы будзем рабіць усё, каб наступныя пакаленні атрымалі прышчэпку ад вайны
Беларусь будзе рабіць усё магчымае, каб наступныя пакаленьні атрымалі прышчэпку ад вайны. Гэта адзначыў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка пасля ўскладання кветак у «Хатыні», паведамляе БелТА.

Як падкрэсліў Раман Галоўчанка, сёння важна зрабіць усё магчымае, каб мемарыяльны комплекс «Хатынь» быў не проста турыстычным аб’ектам на карце краіны.
«І перш за ўсё — адстойваючы сваю пазіцыю неабходнасці захавання гістарычнай праўды, глыбей і глыбей капаючы карані і вытокі тых страшных падзей, якія адбываліся на беларускай зямлі. І пры гэтым вельмі правільна расказваць аб вайне тым, хто пра гэта ведае толькі па мастацкіх творах і апавяданнях нават не сваіх сваякоў», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.
Таму ў Беларусі будуюцца музеі, прысвечаныя гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, для гэтага адраджаюцца і падтрымліваюцца ў належным стане мемарыялы.
«Трэба ўспомніць, з чаго пачынала свой шлях дэмакратыі Еўропа ў 1990-х гадах. Са зносу і забыцця помнікаў вызваліцелям. І праз 30 гадоў там адбываецца мілітарызацыя, адраджаюцца рэваншысцкія настроі. Гэта наглядны прыклад, што, магчыма, калі нацыя так ставіцца да сваіх мэмарыялаў і да сваёй гістарычнай памяці. Мы такім шляхам не пойдзем і будзем рабіць усё, каб наступныя пакаленні беларусаў атрымалі прышчэпку ад вайны, якую не атрымалі нашыя еўрапейскія суседзі», — сказаў Раман Галоўчанка.
«Вакуум заўсёды запаўняецца». Пярцоў аб гістарычнай памяці як абароне ад альтэрнатыўнай хлуслівай гісторыі
Інфармацыйны вакуум заўсёды запаўняецца, таму важная гістарычная памяць для абароны ад альтэрнатыўнай хлуслівай гісторыі, паведаміў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў пасля ўскладання кветак у мемарыяльным комплексе «Хатынь», перадае БелТА.


«Як толькі мы пачынаем забываць, выдаляць з памяці гэтыя факты або спрабуем перавярнуць старонку, не зважаць на трагедыі, якія адбыліся на нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, асабліва з мірным насельніцтвам, ні ў чым не вінаватымі жыхарамі такіх вёсак, як Хатынь, адразу пачынае фармавацца і распаўсюджвацца альтэрнатыўная ілжывая гісторыя, у першую чаргу накіраваная на маладое пакаленне», — сказаў Уладзімір Пярцоў.


Кубракоў: Мы памятаем і ніколі не забудзем зверствы, якія фашысты тварылі на нашай зямлі
Памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны перадаецца з пакалення ў пакаленне. Аб гэтым заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, які сёння, 22 сакавіка, прыняў удзел у жалобным шэсці ў Дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь», паведамляе SB. by.

Традыцыйна МУС бярэ ўдзел у такіх мерапрыемствах. І сімвалічна, што ў складзе дэлегацыі — прадстаўнікі падрастаючага пакалення, адзначыць кіраўнік ведамства:
— Штогод 22 сакавіка дзясяткі тысяч беларусаў, а таксама грамадзяне многіх краін, не толькі СНД, але і Еўропы, спецыяльна прыязджаюць у Хатынь, каб пакланіцца людзям, якія былі па-зверску забіты фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Забіты былі безабаронныя: жанчыны, дзеці, старыя. Фашысты спачатку здзекаваліся з іх, а потым проста спалілі. Гэта даніна памяці не толькі ахвярам Хатынскай трагедыі, але і ўсім ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Бо спалена было вельмі шмат вёсак. Мы ў Рэспубліцы Беларусь памятаем і ніколі не забудзем зверствы, якія фашысты тварылі на нашай зямлі.

Іван Кубракоў заявіў, што гэтая памяць перадаецца з пакалення ў пакаленне і падзяліўся гісторыяй, як у дзяцінстве, калі ён прыехаў у Мінск з іншага рэгіёна, і першым месцам, куды яго павезлі, была Хатынь.
— Трагедыя Хатыні, гэты мемарыял — яшчэ адна нагода для ўсяго свету задумацца: вайна не шкадуе нікога, ні старых, ні дзяцей, — працягнуў міністр. — Гінуць мірныя, ні ў чым не вінаватыя людзі. Мы бачым, што адбываецца сёння ў многіх краінах: разбураюцца і знішчаюцца помнікі, і мы бачым, да чаго гэта прыводзіць — да новых трагедый, да новых ахвяр. Мы зробім усё, каб не дапусціць паўтарэння тых страшных гадоў, якія адбыліся некалі ў нашай краіне. Як супрацоўнікі органаў унутраных спраў, мы падаем прыклад. Мы ведаем цану жыцця, таму што міліцыянеры ў мірны час рызыкуюць сабой, каб абараніць грамадзян і гарантаваць бяспеку ў краіне.

«Гэта гісторыя і нашага краю». У Борках прайшоў мітынг-рэквіем у Дзень памяці трагедыі ў Хатыні
Мітынг-рэквіем у Дзень памяці трагедыі ў Хатыні прайшоў сёння на мемарыяльным комплексе ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна, перадае БелТА.
У Дзень памяці трагедыі ў Хатыні ў Магілёўскай вобласці ўзгадалі жыхароў рэгіёну, па-зверску закатаваных і загінуўшых ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
15 чэрвеня 1942 года ў Кіраўскім раёне прайшла адна з найбуйнейшых карных аперацый нацыстаў на тэрыторыі Беларусі. У той дзень фашысты знішчылі разам з жыхарамі вёску Боркі і некалькі прылеглых да яе пасёлкаў. Былі спалены і расстраляны больш за 2 тыс. мірных жыхароў. Цяпер тут — месца памяці.
Першай часткай тэматычнага мерапрыемства стаў аўтапрабег: дзясяткі машын збіраліся ў Борках з усёй вобласці. Прадстаўнікі абласнога выканаўчага камітэта, Кіраўскага райвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў, дэпутаты, ветэраны, моладзь — людзі ўсіх узростаў ускладалі сёння кветкі да мемарыяла.
Сярод тых, хто прыехаў у памятны дзень у Боркі, магіляўчанка Таццяна Дзегцярэнка разам з сям’ёй — мужам Аляксандрам і дзевяцігадовай дачкой Сафіяй. «У такія даты важна прыязджаць сем’ямі, з дзецьмі ў памятныя мясціны, гаварыць аб тых падзеях, расказваць гісторыю той вайны моладзі. Каб яна ведала, памятала, шанавала і берагла свет. І галоўнае — каб не дапусціла паўтарэння страшных падзей», — падзялілася яна.

Сафія часта ездзіць з класам на розныя мерапрыемствы і экскурсіі. Была і ў Хатыні. «Страшнае месца, асабліва, калі расказалі, што там адбылося. А калі біў звон — унутры балюча было, — распавяла яна. — Але трэба бываць на такіх помніках. Гэта ж гісторыя нашага краю, нашых людзей. І мы павінны яе ведаць».
Ушанаваць памяць землякоў разам з калектывам прыехала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 1 Кіраўска Юлія Бяляўская. «Нам уручаюць самае дарагое, што ёсць у людзей, — сваіх дзяцей. Займаемся іх выхаваннем, у тым ліку і патрыятычным. Малым складана казаць пра такія рэчы проста на словах, трэба быць прыкладам, — кажа яна. — Таму сёння тут — ушанаваць памяць загінулых, распавесці дзецям аб тым, што такое вайна, каб больш шанавалі яны мірнае неба, спакойнае стваральнае жыццё».
Жалобны мітынг-рэквіем, ускладанне кветак, хвіліна маўчання, малітва за загінуўшых — многія з цяжкасцю стрымлівалі слёзы, якія падступалі.