Наш карэспандэнт паглядзела, як у Брэсцкім раёне нарыхтоўваюць сянаж для рэкордных удояў
На палях ААТ «Агро-сад Рассвет» — гарачая пара. Стартавала першая касавіца травы, ад якой у немалой ступені залежыць якасць кармоў на ўсю будучую зіму. Тэхніка працуе без прыпынку: трэба не проста скасіць, а правільна правяліць, здрабніць, закансерваваць і ўтрамбаваць зялёную масу ў траншэях.

Галоўны аграном гаспадаркі Алег ЦЫОЛТА асабіста кантралюе кожны этап першай касавіцы:
— Касьба траў у нас пачалася 21 мая. Усяго трэба будзе скасіць 600 га — 300 га люцэрны і 300 га бабова-зёлкавай травы. Працэс ідзе даволі хуткімі тэмпамі. Скончыць плануем да 28 мая.

Усяго ў першай касьбе траў тут задзейнічана 2 касілкі, 2 кормаўборачныя камбайны, 6 адзінак на адвозку, 3 трамбоўшчыкі «АМКАДОР» са спецыяльнымі прычапнымі віламі і 3 адзінкі грабляў.


Працэс стварэння сенажу ўдасканалены да дробязяў.
— Прама ў момант уборкі камбайн дадае ў траву кансерванты, каб зрабіць сянаж больш пажыўным. Потым на працягу сутак травы правяльваюцца. Затым мы зграбаем гэту масу, здрабняем яе камбайнамі, вязём у сянажную траншэю, дзе яна трамбуецца. Далей ідзе кансерваванне зялёнай масы — і ўжо праз месяц яна гатова да скормлівання, — тлумачыць Алег Цыолта.

Умовы надвор’я на гэты момант аптымальныя, з задавальненнем адзначае галоўны аграном:
— Дажджу няма. Тэмпература плюс 20–22 градусы. Пры такіх умовах маса не перасыхае і не мокне.

Безумоўна, якасная касавіца немагчыма без папярэдняй працы. Травы загадзя падкармілі, каб яны набралі пажыўную масу.
— Мы з вясны праводзім баранаванне траў і падкорм калійнымі і азотнымі ўгнаеннямі. Высейваем, абараняем, вырошчваем, падкормліваем. На сянаж ідуць бабова-зёлкавая травы. Напрыклад, канюшына, цімафееўка, — расказвае Алег Цыолта.
Дарэчы, гаспадарка мае салідныя плошчы — 3 067 га сельгасугоддзяў. Акрамя 670 га кармавых культур, тут вырошчваюць азімы рапс, тэхнічныя культуры, цукровыя буракі, збожжавыя — 800 га. Таксама ў гаспадарцы ёсць 140 га саду. Але галоўная яе спецыялізацыя — вытворчасць малака, таму якасць кармоў пры касавіцы тут мае прынцыпова важнае значэнне.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара