Top.Mail.Ru

Па ўсёй краіне ў гэтыя майскія дні ўшаноўваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны

Жывая гісторыя Перамогі

Вайна заспела 14-гадовага Фёдара Фешчанку ў Ніжнім Тагіле. Ён стаў за станок на танкавым прадпрыемстве, у 17 гадоў пайшоў добраахвотнікам на фронт і ўдзельнічаў у аперацыі «Баграціён». Нягледзячы на тое, што Фёдар Сяргеевіч не беларус па нараджэнні, свой лёс ён назаўжды звязаў з нашай зямлёй. Ён быў у ліку вызваліцеляў Мінска, а Перамогу сустрэў у Берліне. 

У мірны час стаў выкладчыкам БДУ.

Учора ветэрана, якому сёлета споўніцца 101 год, віншавалі са Святам Перамогі. Нягледзячы на паважаны ўзрост, Фёдар Сяргеевіч трымаецца як сапраўдны салдат.

Старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Ірына КАСЦЕВІЧ, якая віншавала ветэрана, адзначыла:

— Асаблівую вастрыню нашай сустрэчы надае сучасны кантэкст. Ва ўмовах інфармацыйнай вайны праўду пра Вялікую Перамогу трэба абараняць гэтак жа, як некалі абаранялі граніцы Радзімы. Сёння на Захадзе спрабуюць зацерці ролю савецкага салдата, зносяць помнікі, перапісваюць гісторыю. Мы павінны казаць праўду пра Вялікую Айчынную вайну, пра Вялікую Перамогу.


— Біяграфія Фёдара Сяргеевіча — гэта пацверджанне любові да Радзімы, жыцця і людзей. Сваім прыкладам ён паказаў сапраўды чалавечыя магчымасці, якія ўключаюць у сябе мужнасць, гераізм, стойкасць, — заўважыла Ірына Касцевіч.

Асаблівая ўвага ў гэтыя перадсвяточныя дні — выхаванню моладзі. Разам з парламенітарыем ветэрана наведалі школьнікі са 126-й школы Мінска, якая шэфствуе над Фёдарам Сяргеевічам.

Паводле назіранняў Ірыны Касцевіч, жывая размова з героем мяняе дзяцей:

— Выдатна, што яны ўдзельнічаюць у гэтым дыялогу. Бачу іх вочы, калі Фёдар Сяргеевіч расказвае пра ваенны час і аднаўленне Мінска. Уражанняў шмат, асабліва на кантрасце з тым, якая прыгожая наша Беларусь сёння.


Сам ветэран адзначае, што размовы з моладдзю даюць яму сілы, а іх настаўнікам — бясцэнны педагагічны вопыт:

— Госці прыходзяць часта, асабліва школьнікі. Я дапамагаю ім праводзіць святочныя мерапрыемствы, падбіраю патрэбныя словы для розных аўдыторый. Быў выпадак, калі пасля мерапрыемства да мяне падышла настаўніца гісторыі і сказала: «Фёдар Сяргеевіч, дзякуй, вы мне далі цудоўны матэрыял», — падзяліўся ветэран.

Гэты чалавек, які спаўна панюхаў пораху, дакладна ведае, на чым трымаецца сіла духу народа. Адказваючы на пытанне аб паняцці «патрыятызм», ветэран даў простае і мудрае вызначэнне:

— Гэта любоў да сваёй Радзімы, народа, гатоўнасць абараняць тэрыторыю роднай краіны, яе незалежнасць і суверэнітэт.

Фёдар Сяргеевіч, нягледзячы на свой векавы ўзрост, па-ранейшаму зараджае энергіяй, дзеліцца ўспамінамі і знаходзіць неабходныя словы для кожнага.

Лізавета ГОЛАД, фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю