Top.Mail.Ru

Па ўсёй краіне праходзяць урачыстыя цырымоніі адкрыцця трэцяга працоўнага семестра

Лета для моладзі і падлеткаў — гэта не толькі пра пляжы, адпачынак ад заняткаў, гульні і падарожжы. Традыцыйна гэта яшчэ і магчымасць папрацаваць, а значыць — зарабіць свае першыя грошы. Прычым легальна, а не з падачы сумнеўных работадаўцаў, рызыкуючы ўляпацца ў крымінальную справу і панесці сур’ёзную адказнасць.


Маштабная ініцыятыва

Студатрадаўскі рух у Беларусі працягвае набіраць абароты: у 2025 годзе ён аб’яднаў больш за 64 тысячы маладых людзей і ў гэтым сезоне планку зніжаць не плануе. БРСМ — асноўны аператар маладзёжнага працаўладкавання. Арганізацыя выступае сувязным звяном паміж моладдзю, работадаўцамі і органамі занятасці, забяспечваючы не толькі пошук вакансій, але і прававую падтрымку.

Статыстыка гэтага года пацвярджае высокую цікавасць моладзі да працы: на 1 мая 2026 года ў краіне ўжо адпрацавалі і працягваюць працаваць 387 атрадаў агульнай колькасцю больш за 5 тысяч чалавек, з якіх больш за 2 тысячы — падлеткі да 18 гадоў. Праца ў студатрадах дае маладым людзям шэраг бясспрэчных пераваг. Гэта атрыманне першай працоўнай прафесіі і павышэнне канкурэнтаздольнасці на рынку працы, фінансавая незалежнасць, магчымасць падарожнічаць па краіне і развіваць лідарскія якасці. Акрамя гэтага, байцы студэнцкіх атрадаў маюць падатковыя льготы, могуць праходзіць бясплатную медыцынскую камісію пры залічэнні на працу, маюць гарантаваную мінімальную заработную плату, а таксама ўсе гарантыі пры працаўладкаванні і працы.


Студатрадаўскі рух у Беларусі — маштабная ініцыятыва, якая дапамагае вырашыць пытанні працаўладкавання моладзі. Шырокая геаграфія праектаў, уключаючы міжнароднае супрацоўніцтва, і разнастайнасць профіляў дзейнасці дазваляюць кожнаму маладому чалавеку знайсці сваё прызванне, зрабіць асабісты ўнёсак у развіццё краіны і атрымаць бясцэнны вопыт, які стане надзейным падмуркам для будучай кар’еры.

Не проста падпрацоўка

У аўторак трэці працоўны семестр адкрылі студатрады Віцебскай вобласці. Урачыстае мерапрыемства адбылося на на базе Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова. Яго ўдзельнікамі сталі больш за 180 прадстаўнікоў студатрадаўскага руху з усіх куткоў рэгіёна.


У сераду ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» далі абласны старт трэцяму працоўнаму семестру. Больш за 300 прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна гатовы прыняць на працу ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў. Мерапрыемства аб’яднала больш за 350 прадстаўнікоў студатрадаўскага руху ўсіх гарадоў і раёнаў Брэсцкай вобласці. Падчас цырымоніі таксама былі ўручаны працоўныя пуцёўкі.


— Мы ставім перад сабой задачу максімум: значна павялічыць колькасць маладых людзей, якія былі задзейнічаны ў студэнцкіх атрадах. Працаўладкоўваем маладых людзей па сямі профілях. Ёсць і «фішачкі». У нас сёлета прыступіў да працы сэрвісны атрад, прадстаўнікі якога праводзяць экскурсіі ў Брэсцкай крэпасці. Сэрвісныя атрады працуюць у Белавежскай пушчы, на чыгунцы. Сельскагаспадарчыя атрады, як заўсёды, будуць дапамагаць аграрыям падчас уборачнай кампаніі, — расказала першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ Лізавета ЧАМАРМАЗОВІЧ.

Дарэчы, у Брэсцкай вобласці сёлета каля 8 тысяч чалавек плануе працаўладкавацца ў студатрадах: у будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, сэрвісных, экалагічных, медыцынскіх і вытворчых.


Сёлета студатрадаўцы будуць працаваць на чыгунцы, у летніх аздараўленчых лагерах, дапамагаць у будаўніцтве патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці і аўтамабільнага моста праз раку Прыпяць паміж Столінскім і Лунінецкім раёнамі.

А сёння ўвечары ўрачыстая цырымонія адкрыцця трэцяга працоўнага семестра адбудзецца ў Мінску — у парку Перамогі.

Асабістыя ўражанні

— Студатрад — гэта не проста падпрацоўка, — падкрэсліла камандзір педагагічнага атрада «Маяк юнацтва» імя Героя Савецкага Саюза Марата Казея Надзея ВАРАНЧАК. — Цікава тым, што ёсць магчымасць і зарабіць, і адпачыць у коле аднагодкаў. Студатрадаўскі рух адкрывае шмат магчымасцяў: афіцыйнае працаўладкаванне, досвед працы ў камандзе, новыя знаёмствы, падарожжы па Беларусі. Натуральна, гэта спосаб крута правесці лета.


— Разам з будаўнічымі студэнцкімі атрадамі з розных абласцей на працягу 2 месяцаў мы працавалі на значным для нашай краіны аб’екце, — расказала Ульяна ХРАМЕНКА, якая ўлетку 2025 года працавала камісарам на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі «Памяць пакаленняў» на аб’екце будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея і Парку народнага адзінства. — Выконвалі падсобныя работы, але некаторыя яшчэ праходзілі і дадатковае навучанне па спецыяльнасцях, каб працаваць на будоўлі. Аб’ект, вядома, уразіў сваімі маштабамі. Тым цікавей было на ўласныя вочы назіраць, як паверх за паверхам з’яўляецца вялізны будынак, што паўтарае абрысы нашай роднай Беларусі«. Работа, па словах Ульяны, была пагадзінная — за 2 месяцы можна было зарабіць ад 2 тысяч рублёў.


Рэспубліканскі медыцынскі працоўны праект «Медыкус-2026» — месца прыцягнення байцоў студэнцкіх медыцынскіх атрадаў, жаданае і ўжо для многіх любімае, адзначае Арцём Мандзік, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Ён быў на праекце камісарам СМА «Сінапс» імя Героя Савецкага Саюза Л. С. Кравец:

— Для кагосьці гэта шанц удасканаліць свае навыкі, для кагосьці — зрабіць першыя крокі ў медыцыне. Памятаю сваю першую працоўную змену ў ролі медбрата кардыялагічнага аддзялення. Гэта вопыт, якога так часам не хапае студэнтам-медыкам, — падкрэслівае юнак. — Але былі і экскурсіі, і конкурсы, і магчымасць пазнаёміцца з хлопцамі і дзяўчатамі з усіх куткоў нашай краіны, краін блізкага і далёкага замежжа, знайсці новых сяброў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Аміна НАЗАРАВА, Віктар ЛЮБІМАЎ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю