Top.Mail.Ru

Па ўсёй краіне стартавала здача ЦЭ і ЦТ

Час іспытаў

У панядзелак пачаўся адказны этап для беларускіх абітурыентаў. Для вучняў 11-х класаў, а таксама выпускнікоў мінулых гадоў адначасова стартавалі цэнтралізаваныя выпрабаванні ва ўсіх 144 пунктах правядзення. Здавалася б, толькі ўчора выпускнікі адзначалі «Апошні званок», як прагучаў ужо новы, у дарослае жыццё — запрашэнне на цэнтралізаваны экзамен. Стартавала і цэнтралізаванае тэсціраванне — для выпускнікоў мінулых гадоў і каледжаў. Адказнасць уступнай пары абітурыенты ўсведамляюць цалкам, бо ад яе вынікаў, без перабольшвання, залежыць будучыня маладых людзей. Карэспандэнты «Звязды» на месцах сачылі за першым днём іспытаў.

«Ніякіх сюрпрызаў не чакаецца»

Паглядзелі на арганізацыю экзамену ў БДПУ

У БДПУ імя М. Танка яблыку няма дзе ўпасці. Вядучая педагагічная ВНУ краіны расчыніла свае гасцінныя дзверы для амаль дзвюх тысяч школьнікаў! Тут маладыя людзі на выбар здавалі фізіку, матэматыку, хімію, біялогію, замежную мову, гісторыю Беларусі, грамадазнаўства, геаграфію і сусветную гісторыю. З арганізацыяй правядзення цэнтралізаванага экзамену ў БДПУ азнаёмілася намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч.

Цэнтралізаваны экзамен цалкам карэляваны з праграмай агульнаадукацыйнай школы, і ніякіх сюрпрызаў у гэтай частцы не чакаецца. Пра гэта перад пачаткам правядзення цэнтралізаванага экзамену заявіў намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Андрэй Стрыгельскі: «Сёння адказны дзень для ўсіх выпускнікоў краіны, у тым ліку і для сталічных. На базе 10 пунктаў здаецца цэнтралізаваны экзамен. 12 800 выпускнікоў мінскіх школ і гімназій сёння пройдуць выпрабаванні ў форме цэнтралізаванага экзамену. Гэтаму папярэднічаў сур’ёзны перыяд падрыхтоўкі: была і рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену, і ў сваіх установах адукацыі ажыццяўлялася падрыхтоўка. Указам кіраўніка дзяржавы створана Дзяржаўная камісія па кантролі за ходам арганізацыі ўступнай кампаніі. Я з’яўляюся членам і адначасова старшынёй гэтай камісіі ў БДПУ. Тут здаюць цэнтралізаваны экзамен выпускнікі школ, гімназій Маскоўскага раёна. Для праходжання ЦЭ сюды заявіліся 1967 выпускнікоў».

Паводле яго слоў, ва ўстанове адукацыі створаны ўсе ўмовы для камфортнай здачы выпрабаванняў, у тым ліку арганізавана дзяжурства медыцынскіх работнікаў: «Былі ў нас індывідуальныя запыты ў Дзяржкамісію, што датычацца дзяцей, якія маюць тыя ці іншыя хранічныя захворванні і для якіх трэба стварыць асаблівыя ўмовы. Гэта было выканана. Таксама тут забяспечаны пітны рэжым. Сёлетняе новаўвядзенне — у корпус, дзе праводзіцца цэнтралізаваны экзамен, нельга праносіць ніякія электронныя прылады. Таму арганізаваны збор мабільных і іншых электронных прылад».

Цэнтралізаваны экзамен у педуніверсітэце ў першы дзень здавалі школьнікі з 36 гімназій і школ Маскоўскага раёна сталіцы. Як адзначыў рэктар БДПУ Аляксандр Жук, ва ўсіх 73 аўдыторыях усё было падрыхтавана і арганізавана: «Мы пастараліся стварыць для школьнікаў камфортныя ўмовы. Прадумана перамяшчэнне, усюды стаяць таблічкі і паказальнікі. Адшукаць аўдыторыі дапамагаюць нашы валанцёры-студэнты... Усё зроблена так, каб маладыя людзі паспяхова здалі цэнтралізаваны экзамен».

Адказны сакратар Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам уступнай кампаніі ў 2025 годзе Дзмітрый Міронаў расказаў, як забяспечваецца празрыстасць уступнай кампаніі: «Кантроль за яе правядзеннем ажыццяўляецца ў тры этапы. Першым крокам з’яўляецца стварэнне Дзяржаўнай камісіі па кантролі за працэсам, якая фарміруецца ўказам Прэзідэнта. Другі ўзровень кантролю ўяўляе сабой абласныя камісіі, якія ўзначальваюць старшыні абласных камітэтаў дзяржкантролю. На трэцім узроўні ў кожнай адукацыйнай установе, дзе праводзяцца ЦЭ і ЦТ, створаны спецыяльныя камісіі, якія звычайна ўзначальваюць члены Дзяржаўнай камісіі». Такім чынам, кожная адукацыйная ўстанова і пункт тэсціравання знаходзяцца пад уважлівым кантролем. Асноўная мэта — забяспечыць роўныя правы для ўсіх дзяцей пры здачы ўступных выпрабаванняў і залічэнні, а таксама аператыўна рэагаваць на любыя непрадбачаныя інцыдэнты«.

ЦЭ сёлета здадуць больш за 56 тысяч выпускнікоў 11-х класаў. Пройдуць выпрабаванні ў 144 пунктах. Найбольш запатрабаванымі прадметамі сталі руская мова (яе выбралі больш за 46 тысяч выпускнікоў), матэматыка (амаль 19 тысяч навучэнцаў) і беларуская мова (тэст напішуць больш за 10 тысяч чалавек).

У тэму

ЦЭ і ЦТ: першыя вынікі энтралізаваны экзамен учора здавалі 56 778 адзінаццацікласнікаў

Правядзенне цэнтралізаванага экзамену праходзіла ў суправаджэнні 8454 спецыялістаў. Не прысутнічалі на цэнтралізаваным экзамене 146 чалавек (у 2024-м — 149). Асноўныя прычыны — хвароба, удзел у спартыўных спаборніцтвах. У пункты ЦЭ не дапусцілі трох чалавек — у дзяцей не было з сабой пашпартоў. У 2024 годзе такіх было двое.

Па даных Міністэрства адукацыі, ад экзамену былі вызвалены 478 навучэнцаў. 302 з іх — навучаюцца дома, 176 — з’яўляюцца пераможцамі трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды.

Гавораць абітурыенты (Брэст і Пінск)

Данііл Мельнічук, вучань 11-га кадэцкага класа СШ № 35 Брэста, здаваў ЦЭ па гісторыі Беларусі ў сценах Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта

Паводле слоў юнака, з тым, што ён будзе паступаць на гістарычны факультэт, вызначыўся яшчэ год таму, нават ва ўніверсітэцкай алімпіядзе ўдзельнічаў сёлета і заняў прызавое месца. А дысцыпліна і арганізаванасць, якія пануюць у кадэцкім класе, дапамаглі правільна размеркаваць час і добра падрыхтавацца да іспытаў.

— Заданні былі крыху больш складанымі, чым, напрыклад, на рэпетыцыйным тэсціраванні, але ў цэлым усё ў межах школьнай праграмы. Калі сеў за выкананне задання, зусім перастаў хвалявацца. І часу хапіла на ўсе пункты. Так што перад любым ЦЭ важна правільна настроіцца — і ўсё атрымаецца, — лічыць выпускнік.

Аляксандр Пратасевіч скончыў Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж некалькі гадоў таму. Учора здаваў ЦТ па матэматыцы ў Палескім дзяржаўным універсітэце. Хлопец не хавае свайго хвалявання, але ж спадзяецца, што напісаў добра:

— У каледжы я атрымаў прафесію, звязаную з тэхнічнай эксплуатацыяй абсталявання харчовай прамысловасці. Вучыцца было цікава. Яшчэ падчас вучобы нашы выкладчыкі настройвалі нас на тое, што варта працягваць адукацыю. Папрацаваў, паслужыў у арміі і вось «саспеў» для рашэння паступаць у ВНУ. Рыхтаваўся да іспытаў старанна, спадзяюся на добрыя вынікі.

Абітурыенты сталіцы кажуць

Сярод тых, хто ўчора ў БДПУ здаваў першы ў сваім жыцці сур’ёзны экзамен, — выпускнік сталічнай школы Мацвей. 

Ён падзяліўся сваімі перажываннямі: «Хлусіць не буду: надзвычай хвалююча! Хоць, несумненна, рыхтаваўся ўвесь час вельмі старанна. У гэтым моцна дапамаглі мае настаўнікі. Страшна, цікава, але лічу, што маіх ведаў хопіць для таго, каб усё здаць паспяхова. Я мару паступіць у БДУІР на факультэт камп’ютарнага праектавання. Але таксама разглядаю як варыянт БНТУ, а менавіта інжынерныя прафесіі».

Выпускніца сталічнай гімназіі Мілана таксама перажывала з-за экзамену. Дзяўчына здавала біялогію, марыць паступіць у БДМУ. Яна расказала пра сваю падрыхтоўку да экзаменаў, падзялілася ўражаннямі: «Вельмі цікава, якія будуць заданні, таму што доўга рыхтавалася да гэтага, займалася на курсах, з рэпетытарамі. Я мару пайсці па шляху сваіх бацькоў — стаць сапраўдным урачом. Таму і выбрала для сябе менавіта БДМУ, бо, вядома, гэта перадавая медыцынская ВНУ краіны, у якой у свой час навучаліся мае бацькі. І, безумоўна, мне вельмі хочацца здаць усе ўступныя іспыты годна, каб паступіць туды, куды хачу, і працягнуць сямейную справу. Хвалююся, але вельмі спадзяюся, што ўсё атрымаецца».

А што ў Гродне?

У галоўным корпусе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы маладыя людзі ўчора таксама праходзілі цэнтралізаваны іспыт і цэнтралізаванае тэсціраванне. Журналісты папрасілі некаторых з іх падзяліцца планамі і адчуваннямі.

Алеся Ляшкевіч, выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў:

— Планую паступаць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Атрымала спецыяльнасць «Харэаграфічнае мастацтва», хачу звязаць сваю будучую дзейнасць са сферай спорту. Здаю сёння цэнтралізаванае тэсціраванне па гісторыі Беларусі, а 29 мая яшчэ буду здаваць рускую мову. Настрой у мяне добры, рыхтавалася разам з аднагрупнікамі, займалася з выкладчыкамі, рашала ЦТ мінулых гадоў. Мяркую, усё будзе добра, стараюся не хвалявацца, бо пазітыўны настрой спрыяльна ўплывае на вынік.

Андрэй Болтраль, вайсковец:

— Здаваў ЦТ па фізіцы. Рашыў усе заданні недзе за 40 хвілін. Было нескладана, бо я старанна рыхтаваўся. Думаю, усё ў мяне добра атрымалася. Пасля школы я нікуды не паступаў, пайшоў служыць. Цяпер хачу паступіць на ваенны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта, таму што вырашыў і далей строіць кар’еру ў ваеннай сферы.

Аляксандр Маскаленка, выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага:

— Заданні на цэнтралізаваным тэсціраванні былі розныя. Нейкія былі лёгкія для мяне, нешта далося больш складана. Але ў цэлым, думаю, вынік будзе добры, бо падрыхтоўка ішла ўзмоцнена, і ў некаторых момантах была цяжэйшая, чым само выпрабаванне. Наперадзе яшчэ руская мова і матэматыка. Хачу паступіць у БНТУ на ваенна-тэхнічны факультэт. Вырашыў пайсці па шляху дзядулі, ён у мяне таксама быў вайскоўцам.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю