На майскай хвалі
У гэтыя майскія дні Гомельскі палацава-паркавы ансамбль — быццам вялікі кветкавы тэатр пад адкрытым небам. Галоўныя партыі ў ім выконваюць цюльпаны, і партэрныя клумбы на фоне палаца на некалькі тыдняў становяцца цэнтрам прыцягнення вялікай колькасці турыстаў і гараджан. Як ствараецца галоўная вясновая кветкавая падзея Гомельшчыны — у рэпартажы «Звязды».
Клумбавая геаметрыя
У апошнія гады менавіта на сезон цвіцення цюльпанаў у батанічным помніку прыроды — парку Гомельскага палацава—паркавага ансамбля —спецыяльна прыязджаць госці з іншых гарадоў краіны, турысты з блізкага ды і далёкага замежжа.
Гэта жывое кветкавае мастацтва, вядома, немагчыма паставіць на паўзу ці зусім дакладна паўтарыць ў наступным сезоне. На цэнтральных клумбах парка саліруе цюльпан, які цяпер, як кажуць спецыялісты, «стаіць на бакале», гэта значыць знаходзіцца ў піку красавання. Малюнак кожнага кветніка загадзя вылічваецца спецыялістамі. Прадумваецца вышыня кожнай кветкі, каб ні адна не збіла агульны рытм малюнка клумбы.

— У гэтым годзе ў парку высаджана 27 тысяч цыбулін цюльпанаў. Кветкі падбіраюцца па форме бутона, колеру ліста зялёнай часткі. Бо нават іх адценні — ад светла зялёных, салатавых ці з белымі палоскамі — могуць парушыць гармонію каляровага ўспрымання. Падбіраецца і сам бутон цюльпана — лілеякветны, махрысты, роўны. Вытрымліваюцца абавязкова неабходныя тэрміны красавання, каб клумба цвіла няспынна і змянялася арганічна, — аб тонкасцях стварэння кветкавай прыгажосці расказвае намеснік генеральнага дырэктара Гомельскага палацава—паркавага ансамбля Святлана Прышчэпава.
Асаблівы гонар супрацоўнікаў парка, дадае Святлана Міхайлаўна, — тое, як дасягаецца доўгае цвіцення цюльпанаў на клумбах. Гатункі падбіраюцца літаральна да дробязяў: раннія, пазнейшыя, розныя па тэрмінах раскрыцця бутонаў, і іх красаванне працягвалася на працягу месяца. Калі ж цюльпаны адцвітаюць, цыбуліны выкопваюць, акуратна сартуюць па гатунках і захоўваюць да восені, калі прыходзіць час зноў вяртаць кветкі на клумбы.

Плошча цюльпанавых пасадак у парку сёння складае каля 1500 квадратных метраў. І за стварэннем усёй гэтай кветкавай прыгажосці — карпатлівая работа вялікай каманды працаўнікоў участка па добраўпарадкаванні і ландшафтнага архітэктара Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
Жывая гісторыя
Як звяртае ўвагу намеснік генеральнага дырэктара, сучасныя цюльпанавыя клумбы ансамбля — не проста сезоннае ўпрыгожванне парку, а працяг прыгожай традыцыі.
— На працягу ўсёй гісторыі станаўлення палаца князёў Румянцавых і Паскевічаў і палацава-паркавага ансамбля вялікая ўвага надавалася менавіта кветнікам, — звяртае ўвагу Святлана Прышчэпава. — На тэрыторыі некалі знаходзілася шмат цяпліц, дзе вырошчвалі вялізную колькасць кветак, якія потым выстаўлялі ў вазонах, высаджвалі ў кветніках па ўсім парку. На жаль, не захавалася фатаграфій кветнікаў таго часу, але ў гістарычных запісах ёсць звесткі аб тым, што цыбуліны цюльпанаў у вялікай колькасці закуплялі і прывозілі ў Гомель з Варшавы, а таксама ружы і іншыя расліны, а вось адналеткі вырошчвалі ўжо на месцы, у цяпліцах, — тлумачыць Святлана Міхайлаўна.

Супрацоўнікам парка асабліва прыемна бачыць шчырае захапленне наведвальнікаў, калі пасля працоўнага дня людзі прыходзяць да кветнікаў, каб адпачыць. Многія турысты дзеляцца, што прыйшлі на «тэрапію» прыгажосцю і параўноўваюць гомельскія кветнікі з вядомымі еўрапейскімі кветкавымі садамі. Аднак асаблівую атмасферу парку на беразе Сожа ствараюць менавіта яго партэрныя клумбы, што арганічна дапаўняюць агульны архітэктурны стыль палацава-паркавага ансамбля.

Батанічны парадак
Малюнак кветнікаў у гомельскім парку змяняецца двойчы на год. Калі завяршаецца сезон цвіцення цюльпанаў, спецыялісты рыхтуюць летняе напаўненне клумбаў. Месца вясновых цыбулінкавых займаюць аднагадовыя кветкі. Сёлета на змену цюльпанам плануюць высадзіць каля 80 тысяч аднагадовых раслін. У парку асабліва любяць працаваць з бягоніямі, тагецісамі, канамі і сальвіяй. Уражвае і калекцыя мнагалетнікаў у парку: хост, гейхер, магоній, верасу.

— Вельмі натхняе ў рабоце, што ўсе наведвальнікі парка шчыра захапляюцца яго прыгажосцю. Для нас, усіх працаўнікоў установы вялікі гонар, але і вялікая адказнасць, што Гомельскі палацава-паркавы ансамбль застаецца галоўным турыстычным сімвалам Гомельшчыны, адным з найбольш пазнавальных паркавых комплексаў краіны. Штогод аб’екты ансамблю наведваюць больш за 300 тысяч чалавек, у мінулым годзе пабывалі турысты з 17 краін свету. Таму вельмі важна захоўваць гэту турыстычную жамчужыну Беларусі. Мы нагадваем, што парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля — гэта не толькі папулярнае і адна з самых любімых месца адпачынку гараджан і гасцей Гомеля, але і батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння, які патрабуе асабліва беражлівых адносін, — звярнула ўвагу намеснік генеральнага дырэктара.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара