Top.Mail.Ru

«Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе»

29 жніўня — Арэхавы Спас (Малы, Хлебны, Арэхавы, Палатняны), трэці са жнівеньскіх Спасаў. Праваслаўная царква ў гэты дзень адзначае Свята перанясення Нерукатворнага Вобраза Госпада Ісуса Хрыста (Спас Нерукатворны)


У думках мімаволі складваецца: «… І гэтае лета зусім незаўважна сыходзіць ад нас». Сапраўды, падыходзіць да свайго заканчэння жнівень, а разам з ім і лета. Будзем спадзявацца, што толькі каляндарнае. Бо наперадзе нас чакае бабіна лета, нягледзячы на вядомае: «Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе». Завяршаецца і чарада жнівеньскіх святаў (Мядовы Спас, Яблычны Спас, Успенне Прасвятой Багародзіцы) — народных і царкоўных. Менавіта падчас іх так яскрава адчуваецца сувязь з продкамі, голас роду.

Праваслаўная царква 29 жніўня адзначае Свята перанясення Нерукатворнага Вобраза Госпада Ісуса Хрыста (Спас Нерукатворны). Яно вельмі шануецца вернікамі. У гэты дзень у храмы на службу яны прыносяць для асвячэння плён працы сваёй — новы ўраджай (хлеб, садавіну, арэхі, якія ўжо выспелі да гэтага часу). Такім чынам народ дзякуе Богу за хлеб надзённы.

Гісторыя свята

Гісторыя свята адыходзіць да I стагоддзя нашай эры. Паводле падання, цар блізкаўсходняга горада Эдэса па імені Аўгар захварэў на праказу. Лекары беспаспяхова спрабавалі яго вылечыць. Аднойчы да яго дайшлі чуткі аб магутным прапаведніку ў Палесціне. Той ацаляў усіх, хто меў патрэбу.

Гаворка ішла пра Ісуса. Цар адправіў да яго мастака Ананія, каб напісаць партрэт Хрыста. Але Збавіцель у адказ загадаў падаць Яму ваду і абрус (ручнік). Памыўшыся, Ён абцёр ім свой твар. І на палатне дзівосным чынам з’явілася Яго Аблічча — Нерукатворны вобраз.

Абрус і адвезлі ў Эдэсу. Цар Аўгар, прыклаўшыся да яго, адразу вылечыўся. Пасля ён разам са сваімі падданымі прыняў хрышчэнне ад аднаго з вучняў Хрыста.

Перанясенне Нерукатворнага вобраза

Вобраз сталі асабліва шанаваць. Па паданні, менавіта з яго пачалі пісаць першыя іконы. Доўгі час святыня захоўвалася ў Эдэсе, пакуль у 944 годзе яе ўрачыста не перанеслі ў Канстанцінопаль. Гэта падзея адбылася 29 жніўня па загадзе візантыйскага імператара Канстанціна Багранароднага. У памяць аб ім і было ўстаноўлена свята — Перанясенне Нерукатворнага Вобраза Госпада Ісуса Хрыста з Эдэсы ў Канстанцінопаль.

Сама рэліквія бясследна знікла ў 1204 годзе падчас разрабавання візантыйскай сталіцы крыжакамі.


«Трэці Спас хлеба прыпас»

Свята Трэцяга Спасу пачыналася ў беларусаў з працы — трэба было сабраць апошні хлеб на палях, падвесці вынікі ўраджаю, зладзіць дажынкі.
Падчас дажынак збіралі «апошні сноп». Яго ўпрыгожвалі стужкамі, абмотвалі ручніком, каб потым паставіць у чырвоны кут — «на шчасце, на долю, на добры год». Здавалася б, праца выканана. Але на полі быў яшчэ адзін важны клопат.

Там, дзе жалі апошняе жыта, пакідалі з дзясятак каласкоў — «бараду». І «бараду» ўпрыгожвалі кветкамі, стужкамі. Да яе неслі яйкі, соль, сыр. Каб задаволеная «барада» спрыяла багаццю і дабрабыту.
Таксама на ўдачу было ўзяць ад гэтага сімвала хоць каласочак і заткнуць за пояс, абвязаць талію ці пакласці за спіну — на цялеснае здароўе!


Праца зроблена. Апошні сноп — у цэнтральнай хаце вёскі, у гаспадара, які ладзіў для жней і ўсіх аднавяскоўцаў вялікае свята з танцамі.

У адрозненне ад першых двух Спасаў, якія выпадаюць на строгі Успенскі пост, Арэхавы адзначаюць пасля яго заканчэння (28 жніўня — вялікае дванадзясятае свята Успенне Прасвятой Багародзіцы), таму на сталах ужо з’яўляюцца скаромныя стравы. Гаспадыні пяклі караваі і пірагі са свежай мукі. У выпечку, кашы і прысмакі дадавалі ляшчыну новага ўраджаю. Усе збіраліся за святочным сталом, дзе цэнтральнае месца займалі асвячоныя хлеб і арэхі.

Народныя прыкметы

Сярод самых распаўсюджаных арэхаў у Беларусі лічыцца ляшчына.

Згодна з міфалагічнымі ўяўленнямі беларусаў, арэх, у тым ліку ляшчына, — свяшчэннае дрэва. Па павер’ях ў яго ніколі не б’е маланка. З гэтай нагоды менавіта пад арэшнікам сяляне і хаваліся ў час навальніцы.
Таксама маладыя парасткі ляшчыны затыкалі за пояс, паколькі яны лічыліся абярэгам, здольным адганяць ад свайго ўладальніка змей, хмары ды нячыстую сілу.
Адначасова моцны, гнуткі арэхавы куст, які дае адразу шмат пладоў, сімвалізаваў чалавечае каханне і пладавітасць. Так, каб мець першым сына, маладая клала пад ложак менавіта арэхі.


Здвоеныя ж арэхі, якія часта сустракаюцца на арэшніку, у народзе называюць спарышамі. Па іх дзяўчаты варажылі аб замужжы. Цікава, што калі першым падчас збірання арэхаў трапляўся спарыш, у якім абодва арэхі былі з паўнаважнымі ядрамі, то лічылася, што быць дзяўчыне ў моцнай пары.

А яшчэ:

  • Багаты ўраджай арэхаў — да добрага ўраджаю пшаніцы ў наступным годзе.

  • Жураўлі і ластаўкі адлятаюць да Трэцяга Спаса — на Пакровы будуць замаразкі.

  • Дождж і навальніца ў гэты дзень — да цёплай восені.

  • Першы арэх, які вы сабралі, спелы і смачны — да ўдалага году.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю