Top.Mail.Ru

Па выніках першага паўгоддзя 2026 года органамі КДК праведзена 38 праверак па тэме выплаты зарплаты ў канвертах і выяўлена 108 злачынстваў

Па заканадаўстве нашай краіны кожны наймальнік абавязаны ўтрымліваць і накіроўваць у бюджэт 13 працэнтаў ад заработнай платы работніка (падаходны падатак), а таксама пералічваць у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва 35 працэнтаў ад сумы налічанай заработнай платы. Але ў імкненні сэканоміць, звесці да мінімуму выдаткі на аплату працы, падаткі і адлічэнні некаторыя спрабуюць абысці гэтыя правілы.


Цана вуснай дамоўленасці

Адна з распаўсюджаных падобных схем выглядае так: у афіцыйных паперах фігуруе мінімальна дапушчальная зарплата, а ўсё астатняе — часта львіная доля заробку — перадаецца з рук у рукі, абыходзячы ўлік у бухгалтэрыі. Яшчэ горш, калі падобным чынам, «у канверце», выплачваецца ўся заработная плата — і ні падаходны падатак, ні страхавыя ўзносы не паступаюць увогуле.

Людзі згаджаюцца на такія ўмовы па розных прычынах: хтосьці не задумваецца пра наступствы, а кагосьці ставяць перад жорсткім выбарам — браць частку грошай неафіцыйна ці шукаць іншае месца. Між тым падчас праверак работадаўцаў на такія выплаты адпаведныя органы звяртаюць самую пільную ўвагу. А адказнасць за падобныя парушэнні прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная — у першую чаргу, за ўхіленне ад выплаты падаткаў.

Скупы плаціць двойчы

Па выніках першага паўгоддзя 2026 года органамі Камітэта дзяржаўнага кантролю было праведзена 38 праверак па тэме выплаты заробку ў канвертах і выяўлена 108 злачынстваў. Па даных ведамства, сума дадаткова прад’яўленых па выніках гэтых мерапрыемстваў падаходнага падатку і страхавых узносаў перавысіла 56 мільёнаў беларускіх рублёў.

Па крымінальных справах, узбуджаных у першым паўгоддзі, зафіксаваны эпізоды выплаты зарплаты ў канвертах у дачыненні да больш як 18 тысяч работнікаў Беларусі. Прычым сярод тыповых крыніц фарміравання такіх шэрых фондаў — утоеная выручка, пераводы падкантрольных індывідуальных прадпрымальнікаў за фіктыўныя работы, а таксама маскіроўка звычайных працоўных адносін пад грамадзянска-прававыя.

Дарэчы, падобны выпадак быў выкрыты сёлета органамі фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю ў сферы пасажырскіх перавозак. Больш за чатыры тысячы вадзіцеляў 16 мінскіх кампаній таксі атрымлівалі зарплату ў канвертах. Урон дзяржаве склаў больш за пяць мільёнаў рублёў, і ў дачыненні да службовых асоб кампаній распачалі крымінальныя справы.

Удар па пенсіі і сацыяльных гарантыях

Шэры заробак становіцца праблемай і для работнікаў, папярэджваюць спецыялісты Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Па-першае, у такіх выпадках не даводзіцца разлічваць на справядлівы памер пенсіі, бо пры яе разліку ўлічваюцца тыя сумы, з якіх выплачаны абавязковыя страхавыя ўзносы, гэта значыць афіцыйная частка ведамасці. Да таго ж той час, на працягу якога не рабілася выплата страхавых узносаў, у адпаведнасці з заканадаўствам, не ўвойдзе ў стаж.

Па-другое, неафіцыйныя даходы адбіваюцца на сацыяльных выплатах: тыя ж дапамогі па непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах будуць або мінімальнымі, або не аплачвацца зусім. Тое ж самае датычыцца адпускных: налічэнні ідуць ад зафіксаванага ў дакументах заробку, а не ад вусных дамоўленасцяў. Страціць можна і іншыя сацыяльныя гарантыі, звязаныя, напрыклад, з нараджэннем дзіцяці.

Да таго ж, калі рэальны даход не адлюстраваны ў афіцыйных дакументах, значна складаней атрымаць крэдыт на будаўніцтва або буйную пакупку: банк ацэньвае толькі афіцыйна пацверджаны заробак, ад якога і залежыць сума пазыкі. Нарэшце, калі зарплата выдаецца ў канверце, няма надзейнай гарантыі, што абяцаныя грошы ўвогуле будуць атрыманы — як у поўным аб’ёме, так і своечасова.

Тым, хто асабіста сутыкнуўся з выплатамі ў канвертах, не варта мірыцца з такім станам рэчаў. На сайце Камітэта дзяржаўнага кантролю можна ананімна паведаміць пра падобныя факты, калі запоўніць спецыяльную форму анлайн.

Аміна НАЗАРАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю