Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.
Мінулы тыдзень кіраўніка дзяржавы быў прысвечаны стратэгічным пытанням, ад якіх залежыць будучы воблік Беларусі ў самых розных сферах. Увагі і часу хапіла на ўсё. Пачатак тыдня быў прысвечаны духоўнасці — Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі розных канфесій, гаварылі пра адметныя асаблівасці кожнай з іх і агульныя для ўсіх каштоўнасці. А яшчэ гэта сустрэча дала старт важнай справе — Прэзідэнт прапанаваў кожнай канфесіі стварыць свае рэлігійныя цэнтры, якія будуць збіраць людзей з усёй краіны. Дзяржава ў гэтым дапаможа. Затым вырашалі найважнейшае палітычнае пытанне — на пасяджэнні Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу разглядалі яго структуру. Да чарговага пасяджэння УНС- два месяцы, таму падрыхтоўка кіпіць. І напрыканцы тыдня разглядалі эканамічную, прамысловую ды і іміджавую для краіны тэму — мікраэлектроніку. Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ «ІНТЭГРАЛ», дзе не толькі азнаёміўся з работай прадпрыемства, але і актуалізаваў задачы для ўсёй галіны.
1.«Мы разам — дзяржава і прадстаўнікі ўсіх канфесій — вывелі агульную формулу: павага — разуменне — згода. Наш народ прывык жыць менавіта так і нават не ўяўляе сабе жыцця інакш. Хоць бывае. Мы з болем у сэрцы бачым, ды чаго дайшла сітуацыя ва Украіне, напрыклад. Нас таксама спрабавалі разгайдаць у 2020 годзе, у тым ліку і па рэлігійных пытаннях. Невыпадкова адзін з наймацнейшых інфармацыйных удараў быў нанесены менавіта па святарах», — адзначыў Прэзідэнт на сустрэчы з прадстаўнікамі канфесій. Ён заўважыў, што і дзяржава, і царква ў складаны перыяд пандэміі і палітычных праблем дапусцілі нямала памылак. Але, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, час не толькі расстаўляе ўсё на свае месцы, але і многаму вучыць. Гэты ўрок у Беларусі засвоілі.
2.«Я заўсёды казаў, што ў кожнага свая дарога да храма і ніхто нікому не павінен перашкаджаць. Калі мусульманін хоча пайсці ў мячэць — ён туды пойдзе, яму перашкаджаць не трэба. Калі каталік прывык хадзіць у касцёл і хоча туды пайсці — ён туды пойдзе. Калі праваслаўныя хочуць у царкве памаліцца — няхай туды ідуць. Наша задача дапамагчы чалавеку не знайсці (ён сам знойдзе) сваю дарогу, мы павінны падтрымаць яго ў гэтым імкненні. І ніякага ціску тут быць не павінна. І гэта дапамагло нам. Таму мы маем такі міжканфесійны мір», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што такога міжканфесійнага міру, як у Беларусі, няма ні ў адной краіне. І прызнаўся, што вельмі гэтым ганарыцца. Па словах кіраўніка дзяржавы, рэгіянальныя цэнтры кожнай канфесіі гэта толькі замацуюць і пацвердзяць.
3.«Усебеларускі народны сход павінен займаць сваю нішу ў дзяржаве і не ўмешвацца ў кампетэнцыю іншых дзяржаўных органаў. Нельга спарадзіць новыя нарады, перапіску, фармалізм. І галоўнае не павінна быць сутыкнення лбамі адных органаў улады з іншымі і ўсіх разам з Усебеларускім народным сходам,— адзначыў кіраўнік дзяржавы на пасяджэнні Прэзідыума УНС. — Мы, як першапраходцы, ідзем па цаліне, фарміруем структуру на гады наперад. І ад гэтага рашэння шмат у чым залежыць прадуктыўнасць і аўтарытэт самога УНС і іншых органаў дзяржаўнага кіравання. Калі мы хочам мець эфектыўную дзяржаву, то пачынаць трэба з аптымізацыі кіраўнічых працэсаў, татальнай дэбюракратызацыі і жалезнай выканальніцкай дысцыпліны». Другое пасяджэнне УНС у новым канстутыцыйным статусе пройдзе ў красавіку ў два дні. У першы дзень Прэзідэнт звернецца з Пасланнем да беларускага народа і парламента. У другі дзень — прэм’ер-міністр выступіць з дакладам аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця. І тут варта ўзгадаць класічнае «будзе вельмі цікава».
4.«Роля электронікі для будучыні Беларусі, у тым ліку Беларусі і Расіі, вельмі важная. У наш час перадавыя тэхналогіі — гэта і абараназдольнасць, і суверэнітэт, і незалежнасць дзяржавы. Наша краіна адна з нямногіх, хто мае высокія кампетэнцыі ў распрацоўцы і вытворчасці шырокай наменклатуры электроннай кампанентнай базы, вырабе ўнікальнага тэхналагічнага абсталявання для прадпрыемстваў галіны», — звярнуў увагу Прэзідэнт на нарадзе, прысвечанай развіццю мікраэлектронікі. Але час нікога не чакае і канкурэнты нікога не чакаюць. Таму, выкарыстоўваючы існуючыя базу і кампетэнцыі, трэба ісці наперад, ці, інакш кажучы, быць у трэндзе — такую задачу паставіў кіраўнік дзяржавы перад адказнымі за галіну мікраэлектронікі. Ён запэўніў, што дзяржава ўсяляк будзе падтрымліваць гэты напрамак.
5.«Сёння свету патрэбны мільярды чыпаў, мікрасхем, транзістараў. Але і барацьба за рынкі ідзе значная, сур’ёзная. Ніхто проста так сваю нішу нікому не аддасць. Канкурэнцыя будзе толькі ўзмацняцца. Мы можам на гэтым рынку канкурыраваць. Гэта вялізнае наша дасягненне. Таму неабходна як мага далей зазіраць у будучыню і ўкладацца ў развіццё», — сказаў Прэзідэнт пра мікраэлектроніку, але, зразумела, што ўзяць гэты пасыл на ўзбраенне варта кожнаму прадпрыемству. Ды і Аляксандр Лукашэнка на гэта намякнуў, адзначыўшы, што на «Інтэграле» і так укладаюцца ў будучыню, але хацелася б, каб так было і на ўсіх іншых прадпрыемствах. «Не будзеш глядзець у будучыню — жыццё нядоўгае. Патрэбна пастаянная апераджальная мадэрнізацыя прадпрыемстваў, укараненне найноўшых тэхналогій, інвеставанне ў кадры», — арыентуе беларускі лідар.
Фота БелТА