«Рэалізацыя запланаванага — у нашых руках»
Па словах кіраўніка дзяржавы, кожны дэлегат на месцы павінен данесці пачутае на Сходзе і адказаць на пытанні сваіх калег, суразмоўцаў.
«Мы прадукцыйна папрацавалі, — канстатаваў Старшыня УНС. — Упершыню рэалізаваны шэраг новых канстытуцыйных паўнамоцтваў, абноўлены склад найвышэйшых судовых інстанцый, зацверджаны базавы дакумент дзяржаўнага планавання на сярэднетэрміновы перыяд, абавязковы да выканання ўсімі. Радуе, што ў нас адбылася адкрытая і грунтоўная размова аб надзённых праблемах і шляхах іх вырашэння».
Прэзідэнт канкрэтызаваў, што падчас пасяджэння УНС падведзены вынікі адыходзячай пяцігодкі, вызначаны прыярытэты развіцця дзяржавы і грамадства на наступныя пяць гадоў.
«Прынятая праграма — гэта праект мадэрнізацыі, абнаўлення ўсіх сфер жыцця, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — У ёй улічаны дасягненні мінулых гадоў, актуальныя выклікі, нашы магчымасці. Так, пастаўленыя на пяцігоддзе задачы напружаныя, але не завоблачныя. Мы ніколі не пакутавалі ад пражэкцёрства, заўсёды будавалі рэальныя планы, ішлі наперад паступова, крок за крокам. І рэалізацыя запланаванага — у нашых руках».
Па словах кіраўніка дзяржавы, дасягненне тых параметраў, якія былі зацверджаны на пасяджэнні Сходу, патрабуе істотнага росту эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання, цвёрдай выканальніцкай і вытворчай дысцыпліны. «Гэта тое, дзе мы павінны быць у першых шэрагах, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Не толькі органы ўлады, але і кожны беларус на сваім месцы павінен прыкласці максімум намаганняў для рэалізацыі тых мэт, якія абазначылі. Нам трэба быць гатовымі рэагаваць на новыя выклікі, знаходзіць яшчэ не задзейнічаныя рэзервы, здабываць максімум з перспектыў, якія адкрываюцца».
Якой бы ўстойлівай ні была сацыяльна-эканамічная мадэль Беларусі, па словах кіраўніка дзяржавы, глабальныя ўзрушэнні, якія адбываюцца, не могуць не ўплываць на яе. «Ну, а калі беларусам было лёгка? — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. — Мы заўсёды стойка пераносілі ўсе выпрабаванні. Упэўнены, выстаім і цяпер».
Ды і ніхто, па яго словах, не адбярэ ў нас нашы працавітасць, знаходлівасць, уменне гуртавацца і падтрымліваць адно аднаго. «Усё гэта, як і любоў да роднай зямлі, будзе заўсёды з намі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Менавіта ў гэтым залог нашых цяперашніх і будучых поспехаў і дасягненняў».
Як праінфармаваў Старшыня УНС, наступны год з’яўляецца юбілейным для Усебеларускага народнага сходу. Першы Сход адбыўся ў 1996 годзе. «Спаўняецца трыццаць гадоў, як ён упершыню выступіў выказвальнікам сапраўднай волі беларускага народа ва ўмовах раздзьмутага нашымі „свядомымі“ грамадска-палітычнага крызісу, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Спыніў хаос і грамадзянскае супрацьстаянне, гарантаваў права беларускага народа самому вырашаць свой лёс і права быць канстытуцыйным органам».
Па словах кіраўніка дзяржавы, беларусы з пяцігодкі ў пяцігодку ўдасканальвалі, адточвалі механізмы работы нашага народнага веча. Новы канстытуцыйны статус, па меркаванні Прэзідэнта, толькі ўмацаваў ролю Сходу як стабілізуючай і накіроўваючай сілы грамадска-палітычнага развіцця Беларусі.
«У Сходу стала больш паўнамоцтваў, — заўважыў Старшыня УНС. — Адказнасць за рашэнні, што прымаюцца, за іх рэалізацыю ўзрасла. Таму важна старанна абдумаць кожную ідэю, ацаніць рызыкі, спрагназаваць наступствы, выверыць кожнае слова, выпрацаваць механізмы ўвасаблення намі з вамі задуманага. І вы, усе мы — дэлегаты Сходу — праваднікі сённяшніх рашэнняў у жыццё. У нас для гэтага ёсць усё — вопыт, веды, бясспрэчны аўтарытэт і, самае галоўнае, давер грамадзян».
Як патлумачыў Аляксандр Лукашэнка, важна не толькі растлумачыць прынятыя дакументы, але і згуртаваць, мабілізаваць людзей на рэалізацыю намечаных планаў. «Пераканаць іх у галоўным: тое, як мы будзем жыць заўтра, залежыць ад кожнага з нас і ад нашага адзінства, — дадаў ён. — Будзем адзінымі, згуртаванымі — будзем моцнымі. А будзем моцнымі — краіна будзе мірнай і квітнеючай».
«Мы ў гэтым свеце далёка не адзіныя»
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мелі рацыю тыя, хто казаў, што да гэтага ўсенароднага веча прыглядаюцца не толькі мільёны грамадзян унутры Беларусі, нашы сябры-суседзі, але і ўважліва назіраюць далёка за межамі нашай краіны.
«У тым ліку і на Захадзе, — удакладніў ён. — Вельмі пільна назіраюць».
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у прамым эфіры глядзеў, як праходзіла пасяджэнне VII УНС у першы дзень, 18 снежня. «Ён павіншаваў нас з вялікім поспехам», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць у тым, што за ходам УНС уважліва назіралі і ў Кітаі, у прыватнасці, вялікі сябар беларускага народа Сі Цзіньпін. Не выключэнне, па меркаванні беларускага лідара, складаюць і кіраўнікі азіяцкіх, афрыканскіх краін, з якімі Беларусь мае і будзе мець добрыя адносіны.
«Я ўпэўнены, што яны з задавальненнем адзначаць поспех нашага Сходу, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Значыць, мы ў гэтым свеце далёка не адзіныя».
Кіраўнік дзяржавы падзяліўся, што не любіць з’язджаць з краіны (нядаўна беларускі лідар знаходзіўся ў вялікай камандзіроўцы за мяжой), бо вельмі сумуе па роднай зямлі. «Вельмі хачу, каб бачылі нашу Беларусь менавіта такой зямлёй, куды вы заўсёды, у любы час можаце з далёкай камандзіроўкі ў імя гэтай краіны, гэтай зямлі, пасля пэўнай падзеі вярнуцца ў гэты цёплы і ўтульны дом», — выказаў спадзяванне Аляксандр Лукашэнка.
Рэзюмуючы, Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што трэба змагацца за адзінства, за згуртаванасць. «Разумець, што ні для нас, ні для нашых дзяцей іншай светлай, добрай, любімай намі і любячай нас зямлі ў свеце няма, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Нам трэба быць адзінымі і згуртаванымі. Будзем моцнымі значыць. Моцных, паўтараю, паважаюць. Беларусь для нас — гэта і сучаснасць, і будучыня! Дзякую ўсім за працу».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА