Top.Mail.Ru
163

Па жыцці — з роднай мовай і са «Звяздой»

Стары анекдот, але ж тут і зараз дарэчы... Адзін дзядзька штораніцы кленчыў — бога прасіў: «Дапамажы мне выйграць прыз ад газеты „Звязда“!», «Дапамажы мне выйграць...» Задурыў галаву Усявышняму, і той адазваўся! Сказаў: «Чалавеча! Ты ж — калі хочаш выйграць — таксама нешта зрабі: падпішыся на гэту газету...»

Спадарыня Зінаіда Пятроўна ДАНІЛЬЧЫК, якая днямі прыязджала ў рэдакцыю, каб забраць свой сумленна выйграны кухонны камбайн, выпісвае «Звязду»...

Ажно не верыцца!

— У 1962 годзе я прыехала ў Мінск, — успамінае падпісчыца, — паступіла ва ўніверсітэт. Ён адзін тады быў — Беларускі дзяржаўны... Разам з аднакурсніцамі мы засяліліся ў студэнцкі інтэрнат на вуліцы Свярдлова, потым — на Паркавай. Вельмі сціпла жылі, бо хацелася ж і паесці, і прыбрацца, і ў тэатры недзе схадзіць... Так што «Звязду», каб танней было, выпісвалі ў складчыну. А пасля вучобы я ўжо сама — без ніводнага перапынку... 

Хоць перыяды ў жыцці былі, напэўна ж, розныя: і бескватэр’е, і безграшоўе, і клопаты з нараджэннем дзяцей, з абаронай кандыдацкай дысертацыі.

Агулам 46 гадоў Зінаіда Пятроўна выкладала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы поруч з цудоўнымі людзьмі і найперш — з Іванам Якаўлевічам Лепешавым, карпатлівым працаголікам, аўтарам шматлікіх слоўнікаў, у тым ліку — насамрэч вялікага двухтомнага — фразеалагізмаў.

— У нашым універсітэце, на кафедры беларускай філалогіі, цяпер усе нашы вучні, — з гонарам кажа педагог. — Адзін — Даніловіч Мікалай Аляксандравіч — нават прафесар, праўда, ён ужо на пенсіі. А працуюць Марыя Антонаўна Якаўцэвіч, сёстры Аліна Эдмундаўна Сабуць і Нона Эдмундаўна Шандроха... Абедзве вялікія разумніцы! Адна яшчэ вучыцца ў дактарантуры, другая скончыла... Анатоль Аляксандравіч Брусевіч доктарскую абараніў...

Але ж не працай адзінай, як той казаў: у Зінаіды Пятроўны дзве любімыя дачушкі — філолаг і біёлаг-псіхолаг, чацвёра ўнукаў, шэсць сотак зямлі на лецішчы, на беразе Нёмана, дзе «ўсё чыста расце», свая бібліятэка.

— Часам, бывае, засумую, — прызнаецца жанчына. — Ведама, адна (муж — светлай памяці! — памёр сем гадоў назад)... Тады саджуся перачытваць свайго любімага земляка Якуба Коласа: «На ростанях», «Новую зямлю», духоўную літаратуру, выразкі са «Звязды». За дзесяцігоддзі іх вельмі шмат сабралася: з жыццёвых гісторый, з «Неасабістага суб’ектыву», з «Нефармату», «Простай мовы», «...Народа на провадзе!». Памру — хай дзеці чытаюць... Рэцэптаў цікавых шмат, падказак па агародніцтве, дамаводстве.

...Вось тут дарэчы было спытаць: ці спатрэбіцца ж гаспадыні выйграны (па выніках мінулай падпіскі) суперпрыз — кухонны камбайн?

— А як жа! Гэткага цуду тэхнікі я дагэтуль не мела, — пашкадавала Зінаіда Пятроўна. — Дочкі прыносілі ці прывозілі свае, калі трэба было што зрабіць. А зараз буду асвойваць. Можа, нават цеста даверу.

Як прызналася гаспадыня, любяць сямейнікі яе пірагі! А яна любіць гатаваць і ўсіх частаваць.

Наш чалавек? Без сумневу!

Фота Алены ДАЎЖАНОК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю