Разам сабраны нарысы, артыкулы, у якіх расказваецца пра лёс паселішчаў Брэсцкай воблаасці, якія былі спалены фашысцкімі карнікамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Кніга падрыхтавана пад кіраўніцтвам рэдакцыйнай калегіі на чале з Таццянай Міхайлаўнай Гагакавай. Асновай выдання сталі публікацыі ў абласной газеце «Заря»: у 2024 годзе газета рэалізавала творчы даследчыцкі, публіцыстычны праект «Забвения не будет». У кнізе выкарыстаны фотаздымкі, прадастаўленыя Пракуратурай Брэсцкай вобласці, рэдакцыямі раённых газет Брэстчыны, абласной газеты «Заря».
З прадмовы да выдання: «Рэалізацыя праекта праходзіла ў цесным кантакце з органамі пракуратуры вобласці і раёнаў. Першая публікацыя — інтэрв’ю з пракурорам Брэсцкай вобласці Віктарам Клімавым была змешчана 6 ліпеня 2024 года. У ёй таксама былі прыведзены выказванні шэрагу экспертаў, якія сыходзіліся ў меркаванні, што тэма знішчэння мірных грамадзян нацысцкімі захопнікамі як ніколі актуальная, вынікі расследвання крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа павінны быць галоснымі. У час рэалізацыі праекта былі закрануты тэмы знішчэння вёсак і іх жыхароў, праведзеных карных аперацый, масавай ліквідацыі яўрэйскага насельніцтва, прымусовай адпраўкі на працу ў Германію, адкрыцця новых, раней невядомых мясцін злачынстваў нацысцкага рэжыма...»
Гартаючы старонкі кнігі, чытач быццам віртуальнае падарожжа ажыццяўляе па мясцінах драматычных падзей у Баранавіцкім, Бярозаўскім, Брэсцкім, Ганцавіцкім, Драгічынскім, Жабінкаўскім, Іванаўскім, Івацэвіцкім, Камянецкім, Кобрынскім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Маларыцкім, Пінскім, Пружанскім, Столінскім раёнах. Зборнік «Забвения не будет: брестские сёстры Хатыни» — унікальны дапаможнік у вывучэнні гісторыі Брэсцкай вобласці перыяду Вялікай Айчыннай вайны.