На вуліцы «звяздоўца» Нікіфарава
Музей «Гісторыя газеты «Звязда» працуе на базе сталічнай сярэдняй школы № 45. Галоўны гонар калекцыі — арыгінальныя нумары 1931, 1936 гадоў і рэдкі экзэмпляр ад 22 чэрвеня 1941 года. Асобная старонка экспазіцыі прысвечана ўнікальнаму факту: «Звязда» выходзіла на акупаванай тэрыторыі — спачатку ў падполлі, а потым у партызанскіх зонах.
Школьны музей лепш за ўсіх ведае Ганна Манькоўская, якая на пачатку сваёй педагагічнай кар’еры была яго кіраўніцай, а цяпер, як намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, працягвае яго курыраваць. Яна ўспамінае:
«Калі толькі прыйшла ў гэтую школу, убачыла музей і падумала, што варта яго развіваць. І якраз была класным кіраўніком пятага класа. І вось са сваімі пяцікласнікамі сталі праводзіць у ім экскурсіі, весці навуковую дзейнасць, удзельнічаць у конкурсах. «Летась да нас прыходзіла выпускніца, якая цяпер таксама педагог, яна прывяла сваіх студэнтаў у наш музей», — расказвае аб пераемнасці пакаленняў настаўніца.
Ганна Аляксееўна расказала, што сярэдняя школа № 45 была першым будынкам, пабудаваным на вуліцы, названай у гонар члена Мінскага гарадскога падпольнага камітэта Вячаслава Нікіфарава, у новым мікрараёне Уручча-1. Вячаслаў Кандрацьевіч кіраваў падрыхтоўкай матэрыялаў і выпускам трох нумароў падпольнай «Звязды», менавіта таму ў 1988 годзе стварылі музей, прысвечаны нашай газеце.
Дырэктар школы Наталля Раманава ўпэўнена: музей працуе не сам па сабе, ён убудаваны ў школьнае жыццё: «Мы хочам выхаваць нашых навучэнцаў сапраўднымі патрыётамі, грамадзянамі, каб яны заставаліся ў нашай краіне, станавіліся рабочымі, інжынерамі, урачамі, каб разумелі, што гэта іх малая радзіма. І музей у гэтым адыгрывае першую ролю».
Паводле яе слоў, у школе 670 вучняў, і кожны, пачынаючы з першага класа, наведвае музей неаднойчы — вучняў збіраюць падчас урачыстых мерапрыемстваў, калі прымаюць у піянеры, на 9 Мая. «Мы пачынаем знаёміць з гісторыяй школы і, вядома, з гісторыяй краіны праз старонкі газеты „Звязда“. Для малодшых школьнікаў такая тэматычная экскурсія яшчэ складаная і цяжкаватая, але патрыятызму трэба вучыць з малых гадоў», — падзялілася Наталля Аляксандраўна. Дарэчы, у школе і сёння выпісваюць «Звязду» і выкарыстоўваюць наша выданне на гадзінах інфармавання.
Кіраўнік музея, настаўніца англійскай мовы Дар’я Сеген працуе ў школе чацвёрты год. Яна падкрэслівае каштоўнасць калекцыі: «Тут захоўваюцца рэдкія экзэмпляры. Амаль усе пажаўцелыя ад часу старонкі на стэндах — арыгіналы, ёсць узор друкарскага станка 1942 года, партрэты і асабістыя рэчы першых супрацоўнікаў, металічны шрыфт, які можна не толькі паглядзець, але і памацаць. Вось апошні мірны нумар „Звязды“, датаваны 22 чэрвеня 1941 года, — ён вярстаўся напярэдадні, і ў ім яшчэ нічога не сказана аб вайне...»
Што датычыцца наведвальнікаў, то, па словах Дар’і Дзмітрыеўны, іх шмат. «Прыходзяць з іншых школ, з універсітэтаў, прыязджалі кітайскія студэнты. Акрамя таго, мы праводзім экскурсіі на англійскай мове, што дазваляе нам пашыраць сувязі».

«Я цяпер разумею, як важна берагчы мір»
Падчас экскурсіі, якую зладзілі для нас у школьным музеі вучаніцы 10 класа, мы з задавальненнем пераканаліся, што гісторыю «Звязды» яны ведаюць не горш, чым самі «звяздоўцы». Яна Зезюлевіч з веданнем справы расказала пра першага рэдактара падпольнай «Звязды» Уладзіміра Амельянюка, які загінуў праз восем дзён пасля выхаду першага нумара, і пра Вячаслава Нікіфарава, чыё імя і носіць вуліца, на якой знаходзіцца 45-я школа. Паведамілі нам і пра ўмовы, у якіх рабілася газета ў партызанскай зоне, — друкарскай фарбы не было, таму яе рабілі самі: расціралі вугаль, змешвалі з маторным маслам. Супрацоўнікам партызанскай газеты, якім удавалася дабыць удалую фарбу, давалі ўзнагароду — капусны расол або запечаную бульбу...
Экскурсіі ў музеі праводзяцца практычна кожны дзень — на канікулах, у выхадныя і ў вучэбны час, для сваіх і для вучняў іншых школ. Пятнаццацігадовая Ангеліна Селях нават у выхадныя праводзіць экскурсію з радасцю. На пытанне, наколькі важны такі музей для яе аднагодкаў, шчыра адказвае: «Многім гэта цікава — што было да ваеннага часу, у вайну і пасля». Аднакласніцы Ангеліны — Дар’і Еўдакімавай досвед экскурсавода дапамагае ў жыцці, узнікае жаданне паглыбіцца ў тэму самастойна. Музей яе зацікавіў яшчэ з малодшых класаў, і дзяўчына хутчэй хацела паспрабаваць сябе ў ролі школьнага экскурсавода. Дзесяцікласніцу Яўгенію Табалевіч хвалююць гісторыі пра лёс першых рэдактараў «Звязды», яна не хавае эмоцый: «Гэта жудасна, што гітлераўцы вялі паляванне на газетчыкаў і распраўляліся з імі вельмі жорстка. Для мяне, калі прачытала змест сваёй першай экскурсіі, гэта было проста шокам». Дзяўчына кажа, што пасля гэтага па-іншаму ўспрымае 3 ліпеня, 9 Мая і ўвогуле гісторыю вайны: «Я цяпер разумею, як важна берагчы мір».

На пытанне, што для вучаніцы значыць музей у школе, Яўгенія адказвае: «Для мяне гэта вельмі важна. Калі я была маленькая, мне было цікава даведацца, што ў ім. І калі стала экскурсаводам — гэта стала часцінкай мяне. Падабаецца праводзіць экскурсіі вучням малодшых класаў, знаёміць з легендарнай газетай, якая прадаўжае жыць і сёння, не толькі за шклом музейных вітрын, але і ў нашай сучаснасці».
Гэты ўнікальны музей даказвае, што гісторыя жыве не толькі ў падручніках, але і на старонках падпольных газет. І калі ваша дзіця як-небудзь скажа, што гісторыя — гэта сумна, проста завядзіце яго сюды, у гэтае невялікае музейнае памяшканне памерам 60 квадратных метраў, дзе з-пад шкла з пажаўцелых старонак выглядае цэлая эпоха.
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ