Top.Mail.Ru

Пабывалі на конкурсе прыгажосці і творчасці жанчын элегантнага ўзросту

Званне «бабуля» гучыць горда!


Завяршыўся фінал рэспубліканскага конкурсу «Супербабуля-2026». Яго пераможцай стала 64-гадовая Часлава Мулярчык са Скідзеля Гродзенскай вобласці. Менавіта яе журы выбрала «найлепшай бабуляй краіны» — за шчырае выкананне конкурсных нумароў, любоў да жыцця і захопленасць усім, што яна робіць.


Другое месца заняла 63-гадовая Святлана Левіна з Віцебска, а трэцяе — 55-гадовая Таццяна Алексяюк з г. п. Вялікая Бераставіца (таксама Гродзеншчына).

Каб адкрыць канверт з імем пераможцы першага Рэспубліканскага конкурсу «Супербабуля», на сцэну паднялася Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля КАЧАНАВА.

— Эмоцыі перапаўняюць мяне, — сказала яна. — Таму што гэта цудоўны конкурс. Ён павінен стаць добрай традыцыяй у нашай краіне.

— Быць бабуляй — вялікае шчасце, — падкрэсліла Наталля Іванаўна. — Як і мець бабулю. 

Я дакладна гэта ведаю, таму што ў маім жыцці так склалася, што я не ведала сваіх бабуль. Але я рада, што сёння — бабуля, і гэтым ганаруся. Дай Бог кожнай жанчыне адчуць гэта.

Конкурс, арганізаваны ГА «Беларускі саюз жанчын», праходзіў у Беларусі ўпершыню. Сімвалічна, што прымеркаваны ён да Года беларускай жанчыны. Праект накіраваны на ўмацаванне інстытута сям’і, павышэнне грамадскага статусу старэйшага пакалення, захаванне сямейных традыцый і ўкараненне каштоўнасцяў актыўнага даўгалецця.


Надзейны падмурак сям’і

Успрымаць пенсійны ўзрост як час новых адкрыццяў, творчасці і рэалізацыі смелых ідэй — менавіта такая жыццёвая пазіцыя ў сучасных жанчын «сярэбранага ўзросту». Гэта даказалі фіналісткі Рэспубліканскага конкурсу «Супербабуля» — 14 маладых душой жанчын з усёй Беларусі.

Несумненна, у бабулі — асаблівая роля ў сям’і: і ў выхаванні малодшага пакалення, і ў перадачы жыццёвага досведу, і ў фарміраванні маральных арыенціраў, і ва ўмацаванні сувязяў паміж пакаленнямі. Падчас наведвання фіналісткамі Дома Беларускага саюза жанчын кіраўнік жаночага руху краіны Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ менавіта бабулю назвала «падмуркам сям’і». На жанчын старэйшага пакалення наша краіна ўскладае вялікія надзеі, падкрэсліла яна.

«Калі не вы растлумачыце ўнучкам і ўнукам, што трэба заводзіць сем’і, нараджаць дзяцей, што гэта самае важнае ў жыцці, ніхто ім так шчыра гэтага не раскажа», — патлумачыла лідар жаночага руху.

І дадала, што ўсе 14 фіналістак (іх узрост — ад 50 да 73 гадоў) паслужаць прыкладам, як будаваць жыццё, каб унутры, нягледзячы на ўзрост, заставаўся запал.


У рытме даўгалецця

Праект рэалізоўваўся пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і абласных выканаўчых камітэтаў. А яго фіналам стала яркае, незабыўнае свята ў Канцэртнай зале «Мінскканцэрт». Кожную з удзельніц падтрымлівалі дзеці і ўнукі.

Але перад выхадам на сцэну канкурсантак чакаў цэлы тыдзень рэпетыцый і прымерак касцюмаў, дэфіле і творчых нумароў, фотасесій і відэаздымак.

— Вы станеце вядомымі на ўсю краіну, і я гэтаму рада: хочам, каб гледачы пранікліся вашым аптымізмам, жаданнем рабіць свет лепшым, — сказала фіналісткам напачатку гэтага шляху Вольга Шпілеўская.

«Супербабулі» ўсведамлялі сваю місію, і ўсё ж прызнаваліся: сцэна, сафіты, журы і поўная зала гледачоў — усё гэта іх трохі палохала.

— Калі мне патэлефанавалі і сказалі, што я прайшла ў фінал, спачатку нават не паверыла, — расказала Іна ТАНКОВІЧ, 50-гадовая фіналістка конкурсу з Віцебска. — Дочкі і ўнукі былі вельмі радыя, яны — мая галоўная падтрымка. Сцэны трохі пабойваюся, бо ніколі раней на яе не выходзіла. Але арганізацыя на вышыні, нас акружылі такім клопатам, што адчуваем сябе ўпэўнена.

— Жыццё на пенсіі можа быць яркім і насычаным, — мяркуе 72-гадовая мінчанка Людміла ДЗІЦЭВІЧ. — Некаторыя могуць сказаць: «Куды табе ў такім узросце на сцэну?» Але праект «Супербабуля» вельмі важны для мяне, каб паказаць: я — жанчына, якая жыве ў рытме актыўнага даўгалецця. 

Я дакладна ведаю, што для сваіх дзяцей і ўнукаў я ўжо супермама і супербабуля, а цяпер хачу стаць ёй на рэспубліканскім узроўні.


«Бабуля, ты — супер!»

Галоўнае шоу конкурсу «Супербабуля» яшчэ раз паказала: бабулі XXІ стагоддзя не толькі віртуозна пякуць пірагі і выхоўваюць унукаў, але і асвойваюць сучасныя тэхналогіі, могуць падняцца на сцэну з чароўнай песняй і смела прайсціся па подыуме ў вячэрнім уборы. Конкурс прыгажосці і творчасці жанчын элегантнага ўзросту падарыў і фіналісткам, і гледачам цэлую гаму пазітыўных эмоцый, а супербабулі 

Беларусі шмат разоў за вечар пачулі ў свой адрас апладысменты і воклічы «Брава!». Зачаравана было і строгае журы. Члены журы сцвярджалі: выбар быў нялёгкім. Бо кожная з 14 удзельніц вартая галоўнага тытула — ужо хоць бы таму, што не пабаялася ўдзельнічаць у конкурсе, выйшла ў фінал і паднялася на сцэну КЗ «Мінскканцэрт». І кожная мае права пачуць ад унукаў: «Бабуля, ты — супер!»


Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю