Калі казаць пра якасць жыцця, нельга не згадаць электратранспарт. Найперш гэта чыстае паветра. А яшчэ — камфорт для вадзіцеляў і пасажыраў, калі размова пра грамадскі транспарт. Нездарма Прэзідэнт на нядаўняй нарадзе па развіцці атамнай энергетыкі закрануў гэту тэму, даручыўшы прапрацаваць маршруты электробусаў замест цесных душных маршрутак у гарады-спадарожнікі Мінска.
Мы накіраваліся на прадпрыемства, дзе робяць экалагічна чысты транспарт — холдынг «Белкамунмаш». Дзякуючы менавіта яму Мінск стаў першай сталіцай у СНД з паўнавартасным маршрутам электробусаў, у выпуску якіх «Белкамунмаш» стаў першапраходцам. Мы паназіралі, як ідзе вытворчы працэс і пацікавіліся, за кошт чаго забяспечваецца якасць і бяспечнасць электрычных машын.
Разам з намеснікам генеральнага дырэктара прадпрыемства па інавацыйным развіцці Алегам Быцко праходзім па вытворчых цэхах прадпрыемства. Паўсюдна кіпіць работа. Спецыялісты працуюць над зборкай транспарту. На першым этапе ўзводзіцца каркас будучага электробуса, затым вядзецца яго аснашчэнне дэталямі, камплектуецца салон.
Робіцца ўсё на сучасным абсталяванні, прычым мадэрнізацыя на прадпрыемстве — працэс бесперапынны: закупляюцца новыя станкі і комплексы, у тым ліку рабатызаваныя, будуюцца новыя вытворчыя цэхі. «У нас ёсць новая фарбавальная камера, абнаўляецца тэхналагічная база, што дазваляе выпускаць больш складаную і сучасную прадукцыю, уключаючы тралейбусы з аўтаномным ходам і сучлененыя секцыі. Тры гады таму быў уведзены ў эксплуатацыю новы будынак цэха афарбоўкі. Сёлета мы адкрылі цэх палімернага пакрыцця, — расказвае Алег Быцко. — Вядзецца таксама падрыхтоўка да будаўніцтва новага вытворчага корпуса зваркі. Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта нам дазволіць да 2030 года павялічыць аб’ёмы вытворчасці практычна ў два разы».
Яшчэ адзін складнік якасці — укараненне інавацый. Што датычыцца электробусаў, гэта найперш вырашэнне пытанняў іх хуткай і доўгатэрміновай зарадкі, асабліва цяпер, калі вядзецца размова аб развіцці прыгарадных маршрутаў. Алег Быцко прыводзіць у прыклад «вітаўты-гармонікі» — яны аснашчаны і экспрэс-зарадкай, і магчымасцю начной зарадкі ў парку. «Асаблівую ўвагу сёлета мы ўдзялялі прыгарадным электробусам новага тыпу, у прыватнасці мадэлі Е350, арыентаванай на камфортныя ўмовы для далёкіх паездак з павялічанай колькасцю месцаў для сядзення», — расказвае намеснік гендырэктара.
Лакалізацыя вытворчасці на прадпрыемстве складае не менш за 55 %, прычым асноўныя кампаненты тут айчынныя — кузаў, электроніка і электрычныя сістэмы. Для батарэй выкарыстоўваюцца ячэйкі з Кітая, але сама зборка назапашвальнікаў ажыццяўляецца на прадпрыемстве. Такім чынам вядзецца адаптацыя іх пад патрабаванні канкрэтных праектаў.
«Наша стратэгія развіцця на бліжэйшыя гады — гэта павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і ўкараненне перадавых тэхналогій для павышэння якасці і бяспечнасці транспарту, які выпускаецца, канкурэнтаздольнасці прадпрыемства і пашырэння экспарту, — гаворыць Алег Быцко. — У прыярытэце — развіццё інавацыйных прадуктаў, такіх як прыгарадныя электробусы, тралейбусы і трамваі з павялічаным аўтаномным ходам з паступовым павышэннем узроўню беспілотнасці. Па розных прычынах не ўсюды можна эксплуатаваць нізкападлогавыя трамваі, таму некаторыя трамвайныя паркі гатовы набываць вагоны з пераменным узроўнем падлогі. Мы плануем правесці падрыхтоўку вытворчасці і вярнуцца да серыйнага выпуску высокапольнай цялежкі».
Таксама ў планах прадпрыемства — пашыраць экспартныя рынкі, у тым ліку сваю прысутнасць у краінах СНД, Расіі і найбліжэйшых рэгіёнах. Экалагічны электратранспарт цяпер запатрабаваны ва ўсім свеце, таму, выпускаючы якасную прадукцыю, тут можна быць, як кажуць, у трэндзе.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА