Top.Mail.Ru
282

Пабываць у сярэдневяковым лагеры і ўбачыць рыцарскі турнір можна 31 мая ў музеі «Бярэсце»

Філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея — археалагічны музей «Бярэсце» запрашае 31 мая на «Берасцейскую маёўку — 2025». Гэта мерапрыемства акцыі «Ноч у музеі», паведамілі ва ўстанове культуры.



Асаблівасць такой «Ночы музеяў» у тым, што пройдзе яна ў гістарычным месцы, дзе зарадзіўся Брэст. Наведвальнікі змогуць акунуцца ў аўтэнтычную атмасферу, каб хоць крыху зведаць, якім было жыццё ў старажытным Бярэсці. «Будзе магчымасць убачыць арыгінальныя прадметы і сучасныя рэчы, якія былі выраблены традыцыйнымі спосабамі, дакрануцца да іх. Можна паспрабаваць сябе ў нейкіх напрамках, даведацца пра розныя сферы жыцця нашых продкаў», — заўважылі ў музеі.

Мерапрыемства разлічана на тры гадзіны. Дзейства пачнецца ў 19.00. Па суседстве з «Бярэсцем» адновяць сярэдневяковы лагер. Наведвальнікам прадэманструюць, якім быў побыт у жыхароў старажытнага горада, як яны забаўляліся і абаранялі свае дамы. Напрыклад, можна будзе паназіраць і самім далучыцца да выканаўцаў гістарычных танцаў, убачыць рыцарскую амуніцыю, паўдзельнічаць у майстар-класах па стральбе з лука, паспрабаваць сябе ў стварэнні скураных вырабаў і кляпаных кальчуг. Рэканструктары правядуць рыцарскі турнір і сучасны мечавы бой. Чакаецца, што паспрабаваць сябе ў ролі рыцараў змогуць і дзеці. Для іх падрыхтуюць спецыяльную амуніцыю.

Задзейнічаюць і непасрэдна будынак археалагічнага музея. Там у 20.00 пачнецца квест. Удзельнікам прапануюць выканаць шэраг заданняў. Таксама будуць праводзіцца майстар-класы па вырабе паясоў і лялек-абярэгаў. На заканчэнне вечара для публікі выступяць творчыя калектывы.

«Бярэсце» — унікальны музей. Ён створаны на месцы дзядзінца старажытнага горада, дзе вучоныя пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Лысенкі ў час раскопак знайшлі драўляныя пабудовы XI-XIII стагоддзяў. Адкрыты музей у 1982 годзе. Пад шкляным купалам размешчаны раскоп са старажытнымі пабудовамі, а для наведвання адкрыты больш за дзясятак экспазіцыйных залаў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю