Top.Mail.Ru

Пачасціліся выпадкі сустрэч з гадзюкамі і іншымі паўзунамі

Не наступіце на змяю!

Толькі ў пачатку ліпеня ў Гродзенскую гарадскую бальніцу звярнуліся два пацярпелыя ад укусаў змей на дачных участках, паведамляецца аб выяўленні вужоў у гаспадарчых пабудовах і жылых памяшканнях у Лагойскім раёне і Беразіно. Чым выкліканы такія паводзіны жывёл і ці ёсць падстава для хваляванняў?

У нашай краіне жыве ўсяго тры віды змей (вужы, гадзюкі і мядзянкі), ядавітым з якіх з’яўляецца толькі адзін — гадзюка. Паводле слоў вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі наземных беспазваночных жывёл, дацэнта Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргея ДРАБЯНКОВА, у Беларусі гадзюк каля 450–500 тысяч. Хоць яны сустракаюцца паўсюдна, колькасць размеркавана нераўнамерна. Больш за ўсё гэтых змей у балоцістых мясцінах Віцебскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей. «У адзін год іх практычна не відаць, у другі — шмат. Залежыць ад надвор’я. Змеі — гетэратэрмныя жывёлы: тэмпература іх цела абумоўлена тэмпературай навакольнага асяроддзя», — растлумачыў спецыяліст.

  • Шчыльнасць паўзуноў у некаторых рэгіёнах больш высокая. Напрыклад, з-за асаблівага рэльефу мясцовасці ў лясах Шаркаўшчынскага, Сенненскага і Гарадоцкага раёнаў гадзюкі сустракаюцца часцей.

Звычайна паўзуны выходзяць са спячкі ў красавіку і актыўныя да сярэдзіны верасня — пачатку кастрычніка. Гадзюкі зімуюць на балотах, а вужы і мядзянкі — у сухіх і бяспечных месцах, дзе можна схавацца ад моцных маразоў. У гаспадарчыя пабудовы і жылыя памяшканні яны запаўзаюць у пошуках ежы і прахалоды, асабліва ў спякоту. Але такія выпадкі даволі рэдкія.

Значна большая верагоднасць сустрэчы са змеямі ў лесе, на балотах і ў прыватным сектары. Так, жыхарка аграгарадка Даўнарышкі Астравецкага раёна Таццяна не першы раз сутыкаецца з няпрошанымі гасцямі на ўчастку.

— Часам выйдзеш раніцай у агарод, а ў роснай траве след ад змяі! Аж мароз па скуры! Вядома, гэта можа быць звычайны вуж, але спачатку думаеш пра найгоршае. У нас побач Вілія, сажалка забалочаная, жабы канцэрты ладзяць, а ў канцы агародаў лес. Мабыць, паўзуць праз участак на паляванне, — расказвае жанчына. — Я ведаю, як сябе паводзіць, каб не ўкусілі, але ў высокай траве рызыка наступіць на гада павышаецца, ды і не заўсёды можна пачуць яго папераджальнае шыпенне. Стараюся хадзіць у чаравіках або гумовіках.

Як пазбегнуць нападзення

У натуральным асяроддзі паўзуноў можна сустрэць у забалочанай мясцовасці, лугах і лясах недалёка ад рэк і азёр. Яны могуць запаўзаць у ціхія і зацішныя месцы: старыя пні, пустыя норы, перапляценні каранёў дрэў, хмызнякі, карчы. Вужы любяць вільготнасць, таму іх шмат каля вадаёмаў і балот, гадзюку таксама можна ўбачыць на ўзлесках, прасеках, палянах, старых высечках, мядзянкі аддаюць перавагу палям і лугам.

У групе рызыкі ў першую чаргу аматары збору грыбоў і ягад, асабліва журавін, дачнікі. Ну і як не стаць ахвярай укусу?

— Змеі дрэнна бачаць — максімум на метр-паўтара, але адчуваюць страсенне глебы і імкнуцца пазбегнуць сустрэчы з чалавекам. Але калі вы наступілі на паўзуна, ён будзе абараняцца, — адзначыў дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Выганашчанскае» Сяргей ГАБЕЦ.

Але да самой атакі ўсімі спосабамі імкнуцца адпудзіць агрэсара: разяваюць пашчу, гучна шыпяць, прымаюць пагрозлівую позу. «Гадзюка баіцца чалавека не менш, чым ён яе. Да таго ж яе яд — вельмі каштоўны рэсурс. І проста так яна яго не будзе траціць, бо на аднаўленне спатрэбіцца некаторы час», — расказаў Сяргей Драбянкоў. Таму, калі змяю не трывожыць, яна не ўкусіць.

Калі ў вужа не атрымліваецца збегчы, ён часам... прыкідваецца мёртвым: пераварочваецца брушкам угару, разявае пашчу і вывальвае язык. А чырванакніжная мядзянка згортваецца ў шчыльны клубок, хаваючы галаву ўнутры. Можа ўкусіць, аднак для чалавека гэта бяспечна.

Каб не справакаваць атаку, не набліжайцеся да змяі і не спрабуйце прагнаць, не кідайцеся ў яе камянямі, не наступайце на хвост, не перакрывайце шляхі адступлення. Калі гэта жывёла паўзе па сцежцы, саступіце дарогу або абыдзіце. Не спрабуйце ўзяць у рукі, нават калі яна здаецца бясшкоднай. Так, небяспеку ўяўляюць нават зусім маленькія гадзюкі: яны нараджаюцца адразу з ядавітымі залозамі. А калі змяя запаўзла на ўчастак або ў жыллё, не спрабуйце злавіць яе самастойна — звярніцеся да спецыялістаў.

  • Калі на спіне змяі ад задняй часткі галавы да кончыка хваста ёсць шырокая зігзагападобная паласа — гэта гадзюка. Калі на галоўцы дзве жоўтыя ці аранжавыя плямы — вуж. На патыліцы дзве цёмныя ромбападобныя плямы (часам зліваюцца ў «карону»), а ад ноздраў да вачэй цягнецца цёмная шырокая паласа — мядзянка.

— Збіраючыся ў лес, на рыбалку, для адпачынку на прыродзе, неабходна абуваць гумовыя боты або іншы шчыльны абутак з высокай халявай (не меней за 40 см). Таксама трэба глядзець пад ногі на балотах, пакрытых хмызняком берагах рэк і азёр, узлесках, якія мяжуюць з палямі. У высокай траве і ў лес бярыце з сабой кіёк, 

якім вадзіце-стукайце перад сабой, бо чалавека, які ідзе павольна і бясшумна, змяя можа падпусціць вельмі блізка, — параіў спецыяліст рэспубліканскага заказніка «Выдрыца» Вадзім КАНДРАШОНАК і нагадаў, што паўзуны іграюць важную ролю ў экасістэме:

— Яны кантралююць колькасць грызуноў, якія могуць наносіць шкоду сельскай гаспадарцы і быць пераносчыкамі хвароб. Напрыклад, у рацыён гадзюк, акрамя жаб, яшчарак і птушанят, уваходзяць таксама мышы, палёўкі і буразубкі-землярыйкі. Да таго ж паўзуны самі з’яўляюцца часткай харчовага ланцужка і служаць здабычай для іншых відаў, напрыклад, вожыкаў і драпежных птушак.

Калі гадзюка ўсё-такі ўкусіла

Як мага хутчэй звярніцеся па медыцынскую дапамогу, каб урач мог ацаніць стан і пры неабходнасці ўвесці сываратку.

Таксама медыкі раяць абмежаваць рухомасць пацярпелага органа, даваць пацярпеламу шмат піць. Трэба апрацаваць рану антысептыкам і накласці стэрыльную павязку, прыняць супрацьалергічныя прэпараты.

Не варта ў гэтым выпадку накладваць жгут, прыпякаць рану. Нельга спрабаваць выціснуць яд самастойна. Спецыялісты таксама не рэкамендуюць пацярпелым ужываць алкаголь.

Александрына ПАРШЫНА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю