Top.Mail.Ru

Пад Мінскам прайшоў ваенна-гістарычны фестываль па падзеях Першай сусветнай вайны

Страляніна, выбухі і гучнае «Ура!» разляталіся па ўсім «Падняпроўі»

Арганізатарам мерапрыемства, акрамя музея, стаў культурна-гістарычны фонд памяці Першай сусветнай вайны «Крокі» пры падтрымцы гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна».

На ўваходзе ў музей каля сектара «Цэнтральная Беларусь» працавалі пляцоўкі рэканструктараў: палявы лагер рускага войска, у якім паказваўся побыт і страявая падрыхтоўка вайскоўцаў; шпіталь Чырвонага Крыжа — інтэрактыўная выстава, прысвечаная рабоце сясцёр міласэрнасці. 

Асноўнае дзеянне фестывалю — рэканструкцыя бою паміж нямецкімі і расійскімі войскамі за адно з мястэчак у красавіку-маі 1915 года — праходзіла ў Падняпроўскай частцы музея. Салдаты ў поўным вайсковым рыштунку, з арыгінальнай зброяй і піратэхнічнымі выбухамі наступалі, адыходзілі, гінулі ад куль, а параненых ратавалі санітары — на перадавую жанчыны не дапускаліся, працавалі толькі ў шпіталях. Ар’ергардны бой, калі мястэчкі і вёскі маглі быць атакаваны адным ваюючым бокам і хутка адбіты налётам другога, — тыповая карціна франтавых месяцаў 1915 года, якая яскрава адноўлена праз 111 гадоў у музеі побыту. 

Трэба адзначыць, што асноўным «гісторыкам-настаўнікам», арганізатарам і нязменным вядучым фестывалю «Няскончаны ўрок...» кожны год з’яўляецца Андрэй Аралін, старшыня фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі». Ён — інтэлектуал, цікавы расказчык — на ўсіх рэканструкцыях нагадвае, што ў Рускай імператарскай арміі мелася больш за 200 падраздзяленняў беларускага паходжання. Сярод іх — лейб-гвардыі Гродзенскі гусарскі полк, 54-ы пяхотны Мінскі полк, Маладзечанскі, Кобрынскі, Лясны, Бабруйскі, Лідскі палкі. Шмат вядомых беларусаў удзельнічалі ў вайне, праславіліся сваімі подзвігамі і мужнасцю. Сярод іх — нашы знакамітыя пісьменнікі і паэты — Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі.

Аляксандр Грыгор’еў, фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю