Пад Навагрудкам з-за забруджвання ракі Ятранкі загінула рыба, паведаміла прэс-служба Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.
У міністэрстве праінфармавалі, што аб магчымым забруджванні ракі Ятранка гноезмяшчальнымі сцёкавымі водамі з малочнатаварнай фермы «Ярашычы» сельскагаспадарчага рэспубліканскага даччынага прадпрыемства «Свіцязь» паведамілі мясцовыя жыхары вёскі.
«Навагрудская гаррайінспекцыя ПРіаНС неадкладна выехала на месца. Візуальны агляд пацвердзіў: сцёкі патрапілі ў раку па рэльефе мясцовасці», — гаворыцца ў паведамленні Мінпрыроды.
Спецыялісты таксама ўзялі пробы вады і грунту, каб прааналізаваць іх на наяўнасць забруджвальных рэчываў. Таксама была ўстаноўлена масавая гібель рыбы ў вадаёме.

Як удакладнілі ў ведамстве, комплексны аналіз проб для ацэнкі якасці вады і экалагічнага стану воднага аб’екта праводзіць Лідская міжраённая лабараторыя аналітычнага кантролю.
«Па факце парушэння праводзіцца праверка. Адносна гаспадарчага суб’екта і службовых асоб будзе дадзена прававая ацэнка», — заявілі ў міністэрстве.
Фота з Тэлеграм-канала Мінпрыроды