Top.Mail.Ru

Пад­ве­дзе­ны вы­ні­кі даб­ра­чын­ных ак­цый «На­шы дзе­ці» і «Ад усёй ду­шы»

Мерапрыемствы завяршыліся, марафон дабра працягваецца

Падчас рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ў краіне прайшло каля 33 тысяч мерапрыемстваў, якія ахапілі больш за мільён дзяцей. На падарункі і набыццё абсталявання было сабрана больш за 10 мільёнаў рублёў. Другая традыцыйная рэспубліканская дабрачынная акцыя — «Ад усёй душы» — ахапіла каля 600 тысяч пажылых грамадзян, падчас свят ім аказалі дапамогу на суму больш за 2,5 мільёна рублёў.

Дапамога па поклічы сэрца

Рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» праводзіцца ў нашай краіне ўжо больш за 30 гадоў. Сёлета яна прайшла з 15 снежня 2025 года да 15 студзеня 2026-га.

— Правядзенне акцыі з’яўляецца сведчаннем адзінадушнага аб’яднання дзяржавы, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзянскай супольнасці ў рашэнні адной з галоўных задач сацыяльна арыентаванай дзяржавы — клопату пра дзяцей, асабліва тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Гэта ў першую чаргу дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў ці знаходзяцца ў святочныя навагоднія дні на лячэнні ва ўстановах аховы здароўя, — адзначыла кансультант упраўлення выхаваўчай і сацыяльнай работы Міністэрства адукацыі Алена ВАЙЦЯХОВІЧ.


Традыцыйна вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, грамадскіх аб’яднанняў, дэпутацкі корпус наведваюць цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, установы адукацыі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, установы аховы здароўя. Адметна, што не толькі дзеці атрымліваюць падарункі падчас акцыі, але і ўстановы, і сем’і, дзе яны выхоўваюцца. Дзякуючы акцыі ў многіх устаноў сёння склаліся шэфскія сувязі з шэрагам арганізацый, і такое ўзаемадзеянне ажыццяўляецца на пастаяннай аснове.

Ужо трэці год урачыстае адкрыццё акцыі праходзіць у новым фармаце. Штогод яно стартуе ў новым абласным цэнтры. Сёлета эстафеты ад Брэста і Віцебска пераняў Гомель. Адкрыццё прайшло на тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. У ім удзельнічала 150 дзяцей з Гомельскай вобласці. Адкрыццё суправаджалася тэлемастом з абласцямі, такім чынам акцыя адначасова стартавала па ўсёй краіне і суправаджалася мерапрыемствамі на раённым узроўні і літаральна ў кожнай установе.

Галоўнай падзеяй з удзелам кіраўніка дзяржавы стала дабрачыннае навагодняе свята для дзяцей, якое традыцыйна праходзіць у Палацы Рэспублікі. На галоўную ёлку краіны сёлета запрасілі 2370 дзяцей ад 8 да 14 гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

  • Традыцыйным, важным і значным мерапрыемствам акцыі з’яўляецца Навагодні баль для моладзі, які праходзіць у Палацы Незалежнасці. Сёлета на яго запрасілі 335 хлопцаў і дзяўчат — студэнтаў ВНУ, навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія дасягнулі бліскучых поспехаў у вучобе, перамаглі ў конкурсах і прадэманстравалі высокія дасягненні ў грамадскім жыцці. У студзені прайшоў шэраг мерапрыемстваў для дзяцей розных катэгорый — выхаванцаў прыёмных, апякунскіх, шматдзетных сем’яў, школ-інтэрнатаў, дзіцячых дамоў, а таксама тых, хто дасягнуў поспехаў у вучобе, спорце і грамадскім жыцці. У святкаваннях у Палацы Рэспублікі і Палацы Незалежнасці прынялі ўдзел таксама дзеці з Расіі.

З 2021 года ў рамках акцыі «Нашы дзеці» стала добрай традыцыяй правядзенне дабрачыннага марафону, які арганізуецца Міністэрствам адукацыі сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Беларускі дзіцячы фонд». Сёлета ён праводзіўся для аказання дапамогі ў ранняй дыягностыцы парушэнняў слыху ў немаўлят і быў накіраваны на набыццё перадавога абсталявання для РНПЦ отарыналарынгалогіі.

З клопатам і ўвагай

Без увагі ў святы не засталіся і грамадзяне элегантнага ўзросту. Падчас акцыі для пажылых «Ад усёй душы» іх таксама віншавалі як кіраўнікі органаў дзяржкіравання, міністэрстваў і ведамстваў, так і моладзь. Асаблівая ўвага надавалася ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і людзям, якія пацярпелі ад яе наступстваў, адзінокім і адзінока пражываючым грамадзянам, доўгажыхарам і ветэранам працы.


— Акцыя нездарма праводзіцца напярэдадні і падчас навагодніх свят, бо яна напаўняе іх асаблівым сэнсам і сімвалізуе клопат і ўвагу да старэйшага пакалення моладзі, школьнікаў і нераўнадушных грамадзян, — адзначала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вераніка ГУЛЕВІЧ.

Сёлета Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прадугледзела больш за 20 разнапланавых мерапрыемстваў — ад дабрачынных і святочных акцый да канцэртных праграм і вечароў адпачынку. Галоўная асаблівасць акцыі — захаванне яе добрых традыцый. Напярэдадні Новага года — з 23 да 30 снежня — прайшла дабрачынная эстафета «Гірлянда добрых спраў», калі моладзь дапамагала адзінокім пажылым людзям падрыхтаваць іх дом да свят. Каля 25 тысяч хлопцаў і дзяўчат наведалі 36 тысяч пажылых людзей

Урачысты старт акцыі ва ўсіх рэгіёнах з удзелам кіраўнікоў мясцовых органаў улады адбыўся 23 снежня. 3 студзеня бягучага года ў Вялікім тэатры адбылося святочнае мерапрыемства «Віншуем ад усёй душы» з удзелам кіраўнікоў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства культуры. На яго запрасілі каля тысячы пажылых грамадзян з усёй Беларусі. Калядныя балі прайшлі па ўсёй краіне 9 студзеня. Нягледзячы на тое, што надвор’е ўнесла свае карэктывы (у гэты дзень, нагадаем, прайшоў моцны снегапад), былі прыкладзены ўсе намаганні, каб мерапрыемствы адбыліся. Удзельнікамі танцавальных баляў стала каля 8,2 тысячы чалавек. Партнёрамі дам і кавалераў элегантнага ўзросту выступілі кадэты, сувораўцы і ліцэісты Міністэрства ўнутраных спраў. 14 студзеня адбыўся марафон «Добрыя справы на Новы год», у рамках якога дзяржаўныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання, бальніцы сястрынскага догляду, хоспісы наведалі госці — прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, дэпутаты, нераўнадушныя і аб’яднаныя агульнай справай прадстаўнікі розных структур.

Не засталіся без увагі падчас акцыі каля 4,9 тысячы доўгажыхароў, старэйшых за 90 гадоў, якія ў гэты час адзначалі свае дні нараджэння. 88 з іх перасягнулі 100-гадовую мяжу. Акрамя таго, на даму мясцовыя органы ўлады наведалі каля 1,8 тысячы пажылых грамадзян.

Алена КРАВЕЦ

Фота Лізаветы Голад і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю