Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 21-гадовага замежнага грамадзяніна. Малады чалавек абвінавачваецца ў распаўсюджванні шкодных праграм, несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі і яе капіраванні. Аб гэтым паведамілі ў наглядным ведамстве.
Паводле даных следства, абвінавачаны хацеў атрымаць доступ да чужых зберажэнняў. Знойдзеныя ў інтэрнэце шкодныя праграмы ён маскіраваў пад відэазапісы афіцыйнага дадатка «VK Відэа». Гэтыя праграмы прызначаліся для неправамернага пошуку і капіравання камп’ютарнай інфармацыі, у тым ліку даных плацежных і іншых мабільных дадаткаў. Для гэтага малады чалавек выкарыстоўваў сваю і арандаваную камп’ютарную тэхніку.
Каб атрымальнікі адкрылі файлы, ён прыдумваў ім назвы, якія прыцягваюць увагу, і праз праграмы-боты рассылаў іх у папулярных месенджарах. У выніку шкодныя праграмы трапілі на мабільныя тэлефоны трох грамадзян Беларусі, якія пражываюць у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Абвінавачаны атрымаў без іх дазволу і згоды доступ да інфармацыі, якая захоўваецца на прыладах.
Адна з заражаных прылад пазней была выкарыстана для несанкцыянаванай спробы перадаць аналагічнае паведамленне са шкоднай праграмай іншым абанентам.
Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. У пракуратуры прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачання, а таксама аб поўным і аб’ектыўным даследаванні абставін злачынстваў. Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 349, ч. 2 арт. 352 і ч. 2 арт. 354 Крымінальнага кодэкса. Пры накіраванні справы ў суд раней ужытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту пакінута без змянення.
Ягор ЧУРЫК