Top.Mail.Ru

Падарожнічалі па краіне студэнты ўніверсітэта замежных моў

У Беларускім дзяржаўным універсітэце замежных моў прайшоў чарговы этап праекта «Мая малая радзіма ў тварах, лічбах і фактах»


​Ініцыятыва ладзіцца штогод у межах святочнай праграмы Дня народнага адзінства. На гэты раз у госці да выкладчыкаў і студэнтаў прыйшлі вядомы грамадскі і палітычны дзеяч, доктар педагагічных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Радзькоў і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч. Аляксандр Міхайлавіч, прадстаўляючы сваю кнігу «Гарады.

Асабістыя ўражанні», вёў размову пра грамадскія, сацыяльныя прыярытэты ў жыцці чалавека і ўсяго грамадства. Вучоны і літаратар звярнуў увагу на розныя адметнасці паселішчаў у розных куточках нашай Айчыны і пры гэтым падкрэсліў агульнасць інтарэсаў жыхароў усёй нашай краіны.

​Тэматычна прадстаўленне кнігі вельмі супала з другой часткай сустрэчы, калі студэнты прэзентавалі творчую частку праекта «Мая малая радзіма...» Розныя ўніверсітэцкія факультэты знаёмілі з той ці іншай вобласцю Беларусі. І рабілі гэта таленавіта, падаючы цікавую інфармацыю на фоне песняў, музычнага, тэатральнага афармлення. Можна было толькі падзівіцца мастацкаму майстэрству студэнтаў і выкладчыкаў. І самі ўдзельнікі, і госці імпрэзы пабывалі віртуальна ў Брэсце і Віцебску, Гродна і Магілёве, Крычаве і Бабруйску, Лагойску і Слуцку... У межах такой вандроўкі былі і віктарыны, конкурсы, якія прыцягнулі да працэса знаёмстваў і адкрыццяў літаральна ўсю аўдыторыю.

У нас навучаюцца студэнты з дзесяткаў краін, — падзялілася сваімі меркаваннямі рэктар універсітэта Наталля Лапцева, — мы вывучаем мноства моў. І пры гэтым усе мы імкнёмся спасцігаць адметнасці, багацце культуры і гісторыі нашай роднай краіны — Рэспублікі Беларусь. І вось ужо на працягу некалькіх гадоў ладзім праект «Мая малая радзіма ў тварах, лічбах і фактах». І штораз яго фармат нечым адрозніваецца ад зместу ў папярэднія гады...

Аўтар кнігі «Гарады. Асабістыя ўражанні» Аляксандр Радзькоў, захапіўшыся атмасферай сустрэчы, тымі пытаннямі, якія задавалі студэнты, заўважыў, што гатовы прыйсці ва ўніверсітэт і з прэзентацыяй другой сваёй кнігі падарожных нарысаў — «Гарады Беларусі. Асабістыя ўражанні», якая ў хуткім часе з’явіцца на паліцах кнігарняў.

Мікола Берлеж.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю