Top.Mail.Ru

Падарожжа па Радзіме: дзе можа адпачыць беларус?

Права на адпачынак нам гарантуе Канстытуцыя. Умець праводзіць вольны час цікава і з карысцю — свайго роду талент. А магчымасцяў для гэтага сёння мноства, нават калі гаворка ідзе не пра свабодныя тыдні, а ўсяго толькі пра выхадныя дні. Адказ на пытанне «Куды беларусу паехаць у Беларусі?» шукалі на выстаўцы «Адпачынак-2025».


Маштабны праект на адной выставачнай пляцоўцы ў 10 тысяч кв. м. сабраў неверагодна шырокі спектр турыстычных прапаноў. Больш за 500 экспанентаў з розных краін свету прадстаўляюць гэтымі днямі турыстычныя маршруты. Сярод краін-удзельніц — Узбекістан, Тайланд, Турцыя, Кыргызстан, Куба, упершыню ў беларускую сталіцу прыбылі тураператары з Амана, а таксама (у ліку 16 расійскіх рэгіёнаў) — з Кабардзіна-Балкарыі. Але, мабыць, ярчэй за ўсіх на ХХVІІ Міжнароднай выстаўцы-кірмашы турыстычных паслуг «Адпачынак-2025» пазіцыянуе сябе гаспадыня форуму — Беларусь. Кожны рэгіён знаёміць са сваімі найбольш каларытнымі гранямі.

«Беларускі Хогвардс» і малая радзіма Машэрава

— Куды паехаць? Вядома ж, у Полацк! Наш старадаўні горад — калыска праваслаўя ў Беларусі, — кажа супрацоўніца Полацкага раённага цэнтра культуры Таццяна Захаранкава. — Сёлета адзначаем 900-годдзе знакамітага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Запрашаем усіх! Будзе вялікае свята.

Суразмоўніца распавядае, што падчас нядаўняй рэстаўрацыі ў манастыры быў адкрыты ніжні пласт фрэсак, які датуецца ХІІ стагоддзем. Але не зніклі і пазнейшыя (але ўсё роўна старадаўнія) пласты жывапісу: фрэскі рэстаўратары беражліва «перакаталі» на дошкі, і іх таксама могуць убачыць турысты.

А яшчэ ў Полацку ёсць універсітэт, былы езуіцкі калегіум, заснаваны ў 1581 годзе. Яго празвалі «Беларускі хогвардс»: там мноства старадаўніх «магічных артэфактаў». Напрыклад, «галава старца» ўражвала гасцей калегіума больш за два стагоддзі таму і працягвае рабіць гэта ў нашы дні. Старац дае парады і прадказвае будучыню. Або дубовыя дзверы рэктарскага ўвахода, якія адкрываюцца толькі двойчы ў год. А таксама ўнікальны гадзіннік: падобнымі ганарацца Кракаў і Прага. Сёння па ўніверсітэце водзяць экскурсіі, кажа яго супрацоўнік і экскурсавод Марына Бурлакова. І паралельна тут працягваюць, як і амаль пяць стагоддзяў таму, вучыцца студэнты.

Турыстычны комплекс «Утрына» з Глыбоцкага раёна запрашае на каністэрапію: псіхолагі тут лечаць стрэсы, дэпрэсіі, трывожнасць і гаджэт-залежнасць у дзяцей і дарослых у супрацоўніцтве са спецыяльна навучанымі хаскі. Адзін з пухнатых дактароў — прыгажун Шэйла — з задавальненнем пазіруе перад камерамі.

Сенненскі раён расказвае наведвальнікам стэнда пра сваіх знакамітых землякоў — напрыклад, менавіта там малая радзіма Пятра Машэрава. І менавіта тут жыла аўтар арнаменту, які сёння можна ўбачыць на дзяржаўным сцягу нашай краіны.

— Арыгінал яе ручніка захоўваецца ў нашым музеі, а на выстаўку мы прывезлі копію: майстры палічылі кожную нітачку, выткалі і вышылі ручнік па старадаўняй тэхналогіі, — заўважае народны майстар Беларусі Вольга Квашко.

Згушчонка і банкуха

Рагачоўская згушчонка — гэта брэнд, прычым як у нашай краіне, так і за яе межамі. А яшчэ ў Рагачове неўзабаве адкрыецца найцікавейшы музей местачковай яўрэйскай культуры, расказаў начальнік аддзела спорту і турызму горада Ігар Хадзько. Аднаўляецца старадаўні Касцёл Святога Антонія. Але самая, мабыць, прывабная турыстычная сфера для гасцей Рагачова — гастратурызм.

— Кожны чацвер ва ўсіх нашых кафэ праходзіць Дзень беларускай кухні. Прычым прапаноўваюцца рэгіянальныя стравы, і гэта не толькі дранікі. Прыязджайце пакаштаваць! — кажа суразмоўца.

Дарэчы, частуюць у Рагачове не толькі за грошы — па чацвяргах праводзяцца і бясплатныя дэгустацыі, дадае ён.

Гастранамічны турызм — адзін з кірункаў, які рэгіёны сёння развіваюць вельмі актыўна. Магілёўшчына на выстаўцы частуе вэнджаным карпам і мясам у гліняных збанках, а Міншчына — пітным мёдам па аўтэнтычных рэцэптах, які разлівае з бочачак манах Ёран.

— Прыязджайце ў Свіслач! — раіць загадчыца сектара турызму Свіслацкага райвыканкама Алена Панізнікава. — Гэта самае цудоўнае месца ў Беларусі! Мы — паўночныя вароты Белавежскай пушчы: 50 % нашага раёна — дзікі тысячагадовы лес. З аднаго боку, інтэрнэт і мабільная сувязь, з другога — дзікая прырода. І гэта вельмі ўплывае на нашу мясцовую культуру і рытм жыцця. І на нашу рэгіянальную кухню!

Толькі тут можна пакаштаваць дзясяткі відаў салёных грыбоў, сотні варыянтаў страў з ягад. І нават мясцовы чай:

— Напрыклад, вось такі: скрыпень з пушчы аднаго года ферментацыі. Спрабуйце!

Алена расказвае пра ўнікальную мясцовую страву — банкуху. Гэта велізарны каравай, які пякуць... на палцы. 

У рэцэпт уваходзіць 60 яек, кілаграм масла, а захоўваецца такі хлеб усю зіму.

Петрыкаўскі раён запрашае на Пціч: тут праходзіць знакаміты фестываль «Кліч Палесся», тут музей дзеда Талаша, тут сплаўляюцца на байдарках аматары экстрэмальнага спорту і можна наведаць сафары-парк. Рэгіён развівае прамысловы турызм.

Мінулае: далёкае і блізкае

— Куды беларусу паехаць у Беларусі? Лідскі замак, адназначна! Беларусь, вядома, краіна замкаў, але наш, Лідскі, — сапраўдная жамчужына. Калі вам кажа пра гэта сам Францыск Скарына, наўрад ці паспрачаешся, — кажа гісторык Алесь Хітрун на выстаўцы — у вобразе вялікага першадрукара.

— Ён распавядае, што Дзень беларускага пісьменства сёлета будзе праходзіць у Лідзе: гасцей свята чакае мноства цікавых лакацый і актыўнасцяў.

Брэст — гэта, вядома, Брэсцкая крэпасць.

— Адзін раз наведаць гэты аб’ект мала. Каб зразумець усю глыбіню экспазіцыі, трэба пабываць у Брэсцкай крэпасці не раз і не два, — пераконвае ўдзельнік ваенна-гістарычнага клуба «Гарнізон» Аляксандр Радаман.

Ён адзначае, што 22 чэрвеня яго клуб штогод рэканструіруе першы дзень бою абаронцаў крэпасці з фашыстамі. 

А яшчэ на брэсцкім стэндзе можна пагаварыць са знакамітым брэсцкім ліхтаршчыкам, таксама сімвалам горада.

У Баранавічах цікава, напрыклад, пабываць на начным квэсце, які арганізоўвае Музей чыгункі. Толькі прыхапіце з сабой ліхтар, гэта пропуск у гульню.

— Паравоз сышоў, эра пары змянілася эпохай сучасных цягнікоў, але засталіся машыніст і памочнік машыніста, — кажа навуковы супрацоўнік музея Наталля Ярашына. — А трэцім у брыгадзе раней быў качагар. Яго мы і будзем шукаць у святле ліхтароў. А ён будзе падкідваць нам падказкі і сляды.

Наша краіна робіць стаўку на ўязны і ўнутраны турызм. І небеспадстаўна: беларускай зямлі ёсць што паказаць і чым ганарыцца.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю