Top.Mail.Ru

Падарункі Прэзідэнта

«Мы будзем усё рабіць для дзяцей, бо дзеці — гэта галоўнае», — сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні Новага года, падчас наведвання Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Незабыўныя ўражанні і станоўчыя эмоцыі ў той дзень, напэўна, сталі найлепшымі лекамі для маленькіх пацыентаў. А ў святочную ноч у нашай краіне нарадзіліся новыя маленькія беларусы, і ўчора іх матуль ад імя Прэзідэнта віншавалі высокія дзяржаўныя асобы — што стала лагічным працягам і найлепшым пацвярджэннем нашай унутранай палітыкі і прамоўленых кіраўніком краіны слоў.


Яркі пачатак жыцця Міры

У Мінску ў першую хвіліну новага 2025 года дзяўчынка нарадзілася ў Гарадскім клінічным радзільным доме № 2. Менавіта тут учора маладая мама Вольга Заяц і яе нованароджаная Міра атрымлівалі віншаванні і падарункі, перададзеныя Прэзідэнтам краіны.

— Я ўпэўнена: вы ведаеце, што для кіраўніка дзяржавы няма нічога больш важнага, чым мірнае, спакойнае, шчаслівае дзяцінства нашых дзяцей. Ён кожную хвіліну робіць усё магчымае, каб менавіта такім яно і было. Нараджэнне дзяцей — вялізнае шчасце, і гэта пастаянна паўтарае Прэзідэнт. Перадаваць віншаванні і падарункі ад кіраўніка дзяржавы — вялікая радасць, прыемная і ганаровая місія, — адзначыла прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант.

Яна звярнула ўвагу, што дзяўчынка атрымала вельмі сімвалічнае імя — Міра.

— Ваша дачушка нарадзілася ў такі чароўны момант. Ад усёй душы жадаем, каб і жыццё яе было менавіта такім — шчаслівым пад нашым мірным небам. Я ўпэўнена, што Прэзідэнт пажадаў бы вам, каб гэта быў не апошні ваш візіт у падобную ўстанову і не апошняе дзіця, бо ён заўсёды кажа, што ў сям’і павінна быць тры, чатыры дзіцяці. А ўсе, хто адказны за тое, каб у нашых моцных сем’ях нараджалася як мага больш дзяцей і яны жылі шчасліва ў спакойнай краіне, усё для гэтага зробяць, — дадала Наталля Эйсмант, уручыўшы маладой маці ад кіраўніка дзяржавы букет кветак і падарунак для Міры — вялікі набор неабходных рэчаў, які спатрэбіцца ў першыя месяцы жыцця малой. Акрамя таго, сям’я атрымала сертыфікат на тры тысячы рублёў на набыццё бытавой тэхнікі — і гэты падарунак таксама дарэчы, бо нядаўна сям’я справіла наваселле.

Міра, цалкам апраўдваючы сваё імя, нягледзячы на гасцей, захоўвала поўны спакой. Яна — першынец у сям’і 35-гадовай Вольгі і яе мужа Дзмітрыя. Маці адзначыла, што зачата дзіця метадам ЭКА, прычым за дарагую працэдуру не давялося плаціць дзякуючы таму, што ў нашай краіне адна спроба даецца сям’і бясплатна, а ўсе расходы бярэ на сябе дзяржава. Дарэчы, сама Вольга па прафесіі педагог-псіхолаг, яе муж — маёр пагранічных войскаў.

Сям’я жыве ў Лідзе, але нараджаць Вольга прыехала ў Мінск, у радзільню № 2, бо менавіта ў гэтай установе, паводле пераканання маладой матулі, найвышэйшы ўзровень аказання медыцынскай дапамогі. Дзяўчынка з’явілася на свет шляхам планава-экстраннага кесаравага сячэння, аперацыю праводзіла загадчык аддзялення Наталля Кісялёва. А тое, што дзяўчынка прыйшла ў гэты свет разам з Новым годам, — яркі пачатак жыцця, паводле прызнання маці.

Міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў у сваю чаргу таксама павіншаваў маладую матулю і перадаў падарункі.

— У першыя хвіліны новага года на свет у Беларусі з’явіліся пяць дзетак — чатыры дзяўчынкі і адзін хлопчык. Чатыры з іх нарадзіліся якраз у першую хвіліну новага года. Такое бывае не кожны год, а такая колькасць дзетак, якія нарадзіліся ў першую хвіліну, — упершыню. Акрамя Міры, якую мы віншуем у Мінску, двое дзетак нарадзіліся ў Гродзенскай вобласці і адно — у Віцебскай. Гэта выдатны пачатак новага года, будзем старацца такія тэмпы падтрымліваць і далей, — адзначыў Аляксандр Хаджаеў у размове з журналістамі, дадаўшы, што медыцынская дапамога з’яўляецца неад’емнай часткай нараджэння дзетак. — Калі ёсць даступная, якасная медыцына, гэта стымулюе і матывуе ў тым ліку і на нараджэнне дзяцей, — рэзюмаваў ён.

Сімвалы міру і спакою

У Віцебскім абласным радзільным доме павіншавалі дзвюх мам — абедзве шматдзетныя! У першую хвіліну пасля апоўначы Людміла Палтаржыцкая з горада Глыбокае нарадзіла дачку Аліну, дома сястрычку чакаюць двое братоў. Услед за ёй на свет з’явілася яшчэ адна маленькая грамадзянка Беларусі — Аляксандра, якая стала сёмым дзіцем у сям’і Бандарэнкаў з Докшыцкага раёна! У Алены, кавалера ордэна Маці, цяпер чатыры дачкі і тры сыны.

Павіншаваць жанчын паўночнага рэгіёна з самымі дарагімі навагоднімі падарункамі прыехалі намеснік старшыні Віцебскага
аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны Дзмітрый Дзямідаў і начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі. Ганаровыя госці ўручылі гераіням падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, а таксама сертыфікаты на набыццё прадуктаў і рэчаў для дзетак.

Дзмітрый Дзямідаў адзначыў, што з’яўленне на свет дзяўчынак у першыя хвіліны новага года — добрая прыкмета, якая азначае, што ў краіне будуць мір і спакой. «Дзякуй вам за дзетак, гэта сапраўдны падарунак усім нам. Мы жадаем вам шчасця, бо толькі ў шчаслівых сем’ях нараджаюцца любімыя дзеці», — павіншаваў матуль Дзмітрый Уладзіміравіч.

Сумесна з прадстаўнікамі абласной улады жанчын і іх малышоў па добрай традыцыі павіншавалі віцебскія футбалісты. Спартсмены ўручылі фірменныя цацкі, мячы і запрашэнні для малых у будучыні далучыцца да футбольнага руху паўночнага рэгіёна.

«Мы будзем памятаць такую ўвагу і клопат»

Усяго ў Гродзенскай вобласці ў навагоднюю ноч на свет з’явіліся чацвёра немаўлят — трое дзяўчынак і адзін хлопчык. Роды адбыліся ў Гродзенскім абласным перынатальным цэнтры, Гродзенскай бальніцы хуткай дапамогі і Лідскай раённай бальніцы.

У Гродзенскім перынатальным цэнтры віншаванні і падарункі ад імя кіраўніка дзяржавы перадаў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. Маладой маме, якая нарадзіла дачку, уручаны сертыфікат на мэблю.

— Наша дзяржава так і называецца — сацыяльная, калі мы сваёй працай удзельнічаем у лёсе сталых людзей, малазабяспечаных, а ў прыватнасці ў абароне мацярынства і дзяцінства. Гэта не толькі ў нашых традыцыях, але і ў палітычным курсе нашай дзяржавы. У нас выдадзена шмат нарматыўных дакументаў, якія ахоўваюць мацярынства, стымулююць яго, робіцца ўсё для таго, каб сем’і не баяліся нараджаць і выхоўваць дзяцей. Гродзенскі перынатальны цэнтр абсталяваны ўсім неабходным, тут працуюць сапраўды вельмі адказныя медыцынскія работнікі, якія чула ставяцца да сваіх пацыентаў і ствараюць усе ўмовы для іх камфортнага знаходжання. Такая абстаноўка садзейнічае таму, каб роды праходзілі нармальна, у тым ліку ў навагоднюю ноч, — рэзюмаваў сваю місію Юрый Караеў.

Нованароджаная з’явілася на свет у 00.01 новага 2025 года з вагой 3 кілаграмы 400 грамаў. У сям’і Дзіяны і Андрэя Парфёнавых гэта другое дзіця. Першынцу Цімафею тры гады. Дачку вырашылі назваць Лізаветай. Як расказала Дзіяна, ніхто не спадзяваўся, што такі цуд адбудзецца менавіта ў першыя хвіліны новага года. Меркавалі, што дзяўчынка з’явіцца на свет крыху пазней. «Цяпер у нас Новы год — двайное свята. Мы гэтаму вельмі рады», — кажа маладая маці. Дзіяна адчувае сябе здавальняльна, прайшло некалькі дзён, арганізм паступова прыходзіць у норму. Па словах Дзіяны, умовы ў радзільні вельмі добрыя: асобная палата, уважлівы персанал.

Павіншаваць Дзіяну з нараджэннем дачкі прыйшлі таксама прадстаўнікі Гродзенскай абласной арганізацыі «Беларускі саюз жанчын», партыі «Белая Русь», упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама. А таксама Дзед Мароз і Снягурка. Дзіяна прызналася, што не чакала такой увагі, і прыемна ўражана. Кажа, што ўся яе сям’я будзе памятаць гэты клопат.

«З новым шчасцем!»

З нараджэннем сына, які з’явіўся на свет у першую хвіліну новага года, ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі павіншаваў жыхарку Лідскага раёна Сняжану Барташ старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік.

Дзіма стаў чацвёртым хлопчыкам у сям’і жыхароў аграгарадка Дворышча Лідскага раёна Сняжаны і Леаніда Барташ, яго братам цяпер 20, 14 і 13 гадоў. Немаўля нарадзілася ў Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы.

«У першыя хвіліны новага года прынята віншаваць з новым шчасцем, — сказаў кіраўнік рэгіёна. — Ёсць людзі, для якіх гэтыя словы заўсёды будуць гучаць па-асабліваму, бо менавіта ў першую хвіліну 2025 года ў іх з’явілася гэта маленькае прыгожае шчасце — доўгачаканае дзіця. І яны ўсё жыццё будуць успамінаць гэтыя хвіліны як самыя шчаслівыя».

Як адзначыў Уладзімір Каранік, даручэнне кіраўніка дзяржавы было дадзена, каб яшчэ раз падкрэсліць, што захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, падтрымка мацярынства і дзяцінства — сярод краевугольных камянёў ідэалогіі нашага грамадства і дзяржавы. Гэта акцыя заклікана пераканаць кожную беларускую сям’ю — і тых, хто ўжо стаў бацькамі, і тых, хто яшчэ толькі рыхтуецца ўзяць шлюб і спазнаць радасць мацярынства і бацькоўства, што яны знаходзяцца пад абаронай дзяржавы, будуць карыстацца падтрымкай.

Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю