«З пачатку бягучага года ў Беларусі зарэгістравана амаль сем тысяч кіберзлачынстваў, — паведамілі ў галоўным упраўленні па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС. — Станоўчай тэндэнцыяй з’яўляецца тое, што грамадзяне Беларусі становяцца больш інфармаванымі і дасведчанымі пра розныя метады падману. У сувязі з гэтым махляры адаптуюцца і распрацоўваюць больш складаныя і хітрамудрыя спосабы выманьвання грашовых сродкаў».
Напрыклад, толькі на Брэстчыне было зарэгістравана 800 кіберзлачынстваў за пяць першых месяцаў года. І хоць гэта на паўтары сотні менш, чым за такі ж адрэзак часу летась (работа па прафілактыцы прыносіць вынікі), аднак пакуль што асаблівай нагоды для аптымізму няма, лічыць Віталь Гадлеўскі, начальнік упраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі Брэсцкага абласнога УУС. Людзі па-ранейшаму штодня становяцца ахвярамі віртуальных махляроў.
З апошніх прыкладаў — выпадак з 70-гадовай пенсіянеркай з Драгічынскага раёна.
У сетцы Іnstagram жанчына ўбачыла аб’яву аб выгадным укладанні грошай у акцыі «Газпрамнафта». Пакінула заяўку, з ёй звязаўся куратар, зарэгістраваў яе на біржы, дзе яны нібыта будуць весці таргі. Жанчына ўнесла першы ўклад у суме 4000 рублёў. Праз тры тыдні ёй паведамілі, што на яе рахунку ўжо 25 000(!) долараў. Яна захацела атрымаць усю суму, яе папрасілі адкрыць транзітны рахунак. Спачатку плаціла за яго адкрыццё, потым аплачвала камісію банка, пасля — падатак на прыбытак. А калі ўжо перавяла больш за 13 000 беларускіх рублёў, крыху задумалася і... пайшла ў міліцыю.
Старшы оперупаўнаважаны ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі Брэсцкага абласнога УУС Уладзіслаў Шкуцько працуе ў тым ліку з пацярпелымі. Ён згадаў шэраг выпадкаў, калі людзі станавіліся ахвярамі менавіта пры жаданні атрымаць лёгкія грошы. Не так даўно адна зусім не старая жанчына атрымала паведамленне аб тым, што стала спадчынніцай графіні, якая памерла ў Францыі. Калі ж суайчынніца спрабавала перавесці праз банк 190 еўра ў якасці аплаты «юрыдычных паслуг», пільныя работнікі банка выклікалі міліцыю. Супрацоўнікі райаддзела гадзіну даводзілі жанчыне, што яе банальна «разводзяць», а яна казала: «Выйду адсюль, пайду ў іншы банк і аплачу». Давялося звязвацца са сваякамі.
Супрацоўнікі міліцыі звяртаюць увагу на той факт, што ўсё часцей ахвярамі віртуальных махляроў становяцца маладыя людзі — ад 30 да 39 гадоў. Нярэдка яны «вядуцца» на прапановы па дадатковым заробку, напрыклад, на крыптабіржах. Альбо спрабуюць набыць нейкія рэчы па вельмі прывабнай цане, забываючы вядомую прыказку пра бясплатны сыр.
Як відаць, прынцыпы работы віртуальных махляроў у цэлым не мяняюцца, яны толькі развіваюцца і ўдасканальваюцца з тым, каб людзі самі неслі свае зберажэнні ў банк, пераводзілі іх на сумнеўныя рахункі або перадавалі кур’ерам. Дарэчы, міліцыянеры нагадалі пра незайздросны лёс кур’ераў.
У СМІ рэгулярна з’яўляецца інфармацыя аб затрыманні людзей, якія з пункту гледжання закона становяцца саўдзельнікамі злачынства, нясуць адпаведную адказнасць і атрымліваюць немалыя тэрміны пазбаўлення волі. Зарэгістраваны выпадак, калі кур’ер, усведамляючы рызыкоўны характар сваёй работы, вырашыў не пераводзіць замежнаму куратару грошы, а прысвоіць іх. Куратар звязаўся з нашымі праваахоўнікамі і здаў непаслухмянага саўдзельніка. Цяпер у апошняга будзе шмат часу на роздум, у тым ліку пра жорсткія правілы свету віртуальных махляроў.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Ну а для ўсіх законапаслухмяных грамадзян стаіць задача не трапіць на вуду ашуканцаў і зберагчы свае сумленна заробленыя грошы. Для гэтага прадстаўнікі банкаўскай сферы краіны нагадваюць пяць простых правіл:
- Не паведамляйце староннім людзям свае персанальныя даныя.
- Не ўстанаўлівайце на тэлефон або камп’ютар дадаткаў па ўказанні ці рэкамендацыі невядомых вам людзей.
- Не паведамляйце нікому коды і паролі.
- Не пераводзьце грошы на невядомыя вам рахункі, у тым ліку ў якасці перадаплаты за тавар невядомым прадаўцам.
- Не верце «вельмі выгадным» прапановам зарабіць на віртуальных біржах. Чым вышэйшы абяцаны даход, тым большая верагоднасць, што вас падманваюць.