Top.Mail.Ru

Падатак на звышбагацце не выратуе сучасны капіталізм: неабходныя структурныя трансфармацыі

Мільярдэры не дапамогуць?!


Сусветная і многія нацыянальныя эканомікі перажываюць не лепшыя часы. Быццам бы па статыстыцы большасць краін хоць і павольна, але растуць. Аднак турбулентнасць ахутвае лічбы рознымі шумамі: інфляцыйнымі, шокамі прапановы, разрывам лагістычных сувязяў... І ўжо вельмі праблематычна вызначыць якасны складнік эканамічнай дынамікі. І зразумець, ці ёсць яна ўвогуле. Зрэшты, простыя еўрапейцы, амерыканцы, як і грамадзяне іншых краін, абыякавыя да статыстычных выкладак, а дзейнасць сваіх урадаў яны ацэньваюць па асабістым кашальку. Апошні становіцца настолькі худым, што эмоцыі ўжо выплюхваюцца на вуліцу, спараджаючы палітычныя крызісы.

У ЗША, у Францыі, у Іспаніі і іншых рэгіёнах усё часцей гавораць аб неабходнасці ўвядзення падаткаў на звышдаходы. Тым больш што вельмі вузкая праслойка заможных людзей працягвае павялічваць сваё багацце. Але ці здольнае пераразмеркаванне гэтага багацця вырашыць сацыяльныя дысбалансы? Або неабходныя структурныя змены, на якія, па вялікім рахунку, у парадыгме заходняга капіталізму не гатовыя ні палітыкі, ні эліта, ні бізнес, ні грамадства. Нават самая абяздоленая яго праслойка.

Як кажуць у Адэсе, немагчыма ўсё падзяліць на ўсіх. Таму што ўсіх шмат, а ўсяго — мала. У гэты тупік доўгія гады вырульвала капіталістычная сацыяльна-эканамічная мадэль. Колькасць мільярдэраў і мільянераў дынамічна павялічваецца ўжо гадоў дваццаць. І па сваёй хуткасці апярэджвае ўсе макраэканамічныя паказчыкі: ВУП, вытворчасць прамысловай прадукцыі, сельскай гаспадаркі... Тут і без спецыяльных індэксаў зразумела: доўгія гады адбывалася канцэнтрацыя багацця ў руках вузкай праслойкі грамадзян. Калі ў пераважнай большасці і адбываўся рост дабрабыту, то больш сціплымі тэмпамі, а ў апошнія гады дынаміка хутчэй адмоўная.

Да пары да часу палітычныя ўлады на Захадзе залівалі ўсе сацыяльна-эканамічныя праблемы грашыма. Пік валюнтарызму прыпаў на пандэмійныя гады. Адначасова раздзімаўся бюракратычны апарат. Па колькасці чыноўнікаў (і ў абсалютных лічбах, і на душу насельніцтва) адным з лідараў з’яўляюцца ЗША — больш за 23 мільёны. Плюс розныя агенцтвы, фонды, грамадскія і іншыя арганізацыі, якія так ці інакш фінансуюцца з казны. Эфектыўнасць работы гэтага апарату вельмі адносная. Калі Дональд Трамп узяўся за рэвізію гэтага сектара, высветлілася: нямала супрацоўнікаў месяцамі на працы не з’яўляюцца, але заробак атрымліваюць. Белы дом прыйшоў у абурэнне. Разгарнуў маштабную кампанію па барацьбе з бюракратыяй, аднак ініцыятыва скончылася бурай у шклянцы вады. Бо такая колькасць функцыянераў з’явілася не ад пакланення папярэдніх кіраўнікоў бюракратыі, а праз сацыяльны аспект. Такім чынам змагаліся з беспрацоўем і ў нейкай ступені з беднасцю. Фактычна ствараліся фіктыўныя ці напаўфіктыўныя працоўныя месцы. У Брытаніі сістэма аховы здароўя перанасычаная менеджарамі. Эксперты палічылі: на аднаго доктара прыпадае ледзь не да 10 чалавек, якія нешта плануюць, улічваюць, аналізуюць, фіксуюць... Магчыма, аналітыкі згусцілі фарбы, але сутнасць ад гэтага не мяняецца. Праз розныя механізмы, аднак заходняя эканоміка падтрымліваецца апошнія дзесяцігоддзе-два не столькі канкурэнцыяй, прыватнай ініцыятывай і інавацыямі, але ў большай ступені — дзяржаўнымі выдаткамі. У ЗША доля дзяржвыдаткаў да ВУП ушчыльную падышла да 35 %, у ФРГ і Францыі — больш за 50 %. Для параўнання, у Беларусі менш за 30 %!

Бюджэтныя грошы фарміравалі попыт, які ўдала задавальняўся буйнымі карпарацыямі. І гэтыя сродкі хутка абсарбаваліся ў руках мільянераў і мільярдэраў. Іншымі словамі, грошы з казны праз спажыванне перапампоўваліся ў прыбытак кампаній. Прычым у аснове сваёй сэрвісных. Пераважная большасць працоўных месцаў ствараецца не ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, а ў сферы паслуг. Прычым не інтэлектуальных, а ў большай ступені бытавых і забаўляльных. Пазітыўны фактар — атрымлівалася паказваць прыстойную макраэканамічную статыстыку. Вялікі і тлусты мінус — дэфіцыт бюджэту і дзярждоўг у краінах класічнага капіталізму зашкальвае. Фінансы падышлі да той рысы, калі ўжо не могуць фінансаваць попыт. Спробы ж зніжаць дзяржвыдаткі разбіваюцца аб супрацьдзеянне грамадства, якое вельмі прызвычаілася да такой парадыгмы. І ў рэальны сектар французаў, немцаў, амерыканцаў калом не загоніш. Ён у большай ступені ўжо трымаецца на мігрантах. Іх ніхто не любіць, але без іх заводы і параходы проста спыняцца. Усе ўрады сёння занепакоеныя адным пытаннем: дзе ўзяць грошы, каб затушыць сацыяльны і палітычны пажар?!

Цалкам лагічна ўключыць механізмы больш справядлівага пераразмеркавання даброт. Дадатковая фіскальная нагрузка на багатых і звышбагатых выглядае зусім лагічна. Але ці эфектыўна? Давайце ўспомнім гісторыю грамадскага гневу падчас сусветнага фінансавага крызісу супраць насельнікаў Уол-стрыт. Простых амерыканцаў абурыла, што менеджары фінансавага сектара не страцілі ў даходах, хоць банкаўская сістэма трашчала па швах, а яе кіраўнікі атрымлівалі свае традыцыйныя гадавыя бонусы. Абрэзаць даходы фінансістаў выглядала справядлівым, але крайнімі аказаліся б, як палічылі эканамісты, некалькі мільёнаў простых амерыканцаў. Можа, багацце ў дзялкоў і незаконнае, але ім патрэбныя шафёры, пакаёўкі і іншы абслуговы персанал. І калі зрабіць фінансістаў беднымі, то гэтыя людзі стануць беспрацоўнымі і жабракамі.

У прынцыпе багацце ў сучаснай сістэме каардынат — паняцце адноснае і вельмі ўмоўнае. Той жа Ілан Маск — самы заможны чалавек на планеце, але яго капітал — каштоўныя паперы. Калі ўтрыраваць, то іх можна падзяліць сярод тых, хто мае патрэбу. Аднак людзям патрэбныя жыллё, харчаванне, медыцынскае абслугоўванне, а не каштоўныя паперы. Вядома, мільярдэры супраць экспрапрыяцыі, але ў іх ёсць важкі довад супраць такіх ініцыятыў: каб заплаціць дадатковыя падаткі, ім давядзецца прадаваць свае каштоўныя паперы. А хто іх будзе набываць? І ці не прывядзе такі распродаж да падзення фондавых індэксаў і глыбокага фінансавага крызісу, які, зноў жа, ударыць больш па бедных, чым па багатых! Нават калі знойдуцца жывыя грошы на дадатковыя падаткі, ці вырашыць гэта праблему прынцыпова? Знізіцца попыт на прэміяльныя тавары (багацеі будуць эканоміць), страцяць даходы работнікі гэтага сегмента. Аднак узрасце попыт на масавую прадукцыю і паслугі, і яны проста падаражэюць. А падаткі на багатых пяройдуць у іх жа кішэні праз павышаныя карпаратыўныя прыбыткі.

Замкнёнае кола, з якога можна вырвацца толькі праз прынцыповыя эканамічныя рэформы і выбудоўванне такой структуры эканомікі з улікам патрэб усіх грамадзян. Каб пераадолець крызіс адукацыі ў Францыі, патрэбныя не толькі грошы, але настаўнікі, новыя будынкі, для рэнавацыі якіх неабходныя будаўнікі... А ці ёсць яны ў краіне ў дастатковай колькасці?! Іспанцам трэба жыллё. Для гэтага яго трэба будаваць, а не ўкідваць грошы на рынак нерухомасці. А для праграм будаўніцтва даступных дамоў нароўні з фінансамі неабходная наяўнасць магутнасцяў у будаўнічай індустрыі. У свой час бальшавікі забралі ў буржуяў палацы, але народ рэзка не стаў жыць лепш! Відавочна, што заходняму капіталізму неабходныя кардынальныя рэформы. Іншае пытанне, што для гэтага няма ні адпаведнай палітычнай волі, ні выразных ідэй і планаў трансфармацыі. А выключна фіскальна-манетарнымі высілкамі сістэмны крызіс не вырашаецца.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю