У чацвер у Мінскай гарадской ратушы прайшоў агульнагарадскі дзень інфармавання. Яго тэма — «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — прававы падмурак адзінства і працвітання беларускага народа». Некалькі дзён таму наша краіна адзначыла адно з найважнейшых дзяржаўных святаў — Дзень Канстытуцыі, а таму тэма дня інфармавання была асабліва актуальнай. У якасці спікераў выступілі заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафесар Рыгор Васілевіч і намеснік старшыні Канстытуцыйнага Суда Наталля Карповіч.
«Сённяшняя наша сустрэча прысвечана абмеркаванню і растлумачэнню палажэнняў нашага Асноўнага Закона — Канстытуцыі, — звяртаючыся да прысутных, адзначыла намеснік старшыні Канстытуцыйнага Суда Наталля Карповіч. — Мы бачым, што нашы грамадзяне шануюць Асноўны Закон як сімвал нашай дзяржаўнасці і ўзровень канстытуцыйнай правасвядомасці людзей несувымерна вырас. Прыходзіць разуменне, што Канстытуцыя — гэта найважнейшы, фундаментальны дакумент, які вызначае прававое становішча асобы ў канкрэтнай дзяржаве, які гарантуе яму годнае жыццё на роднай зямлі і вызначае адпаведныя абавязкі дзяржавы».
Яна падкрэсліла, што велізарная роля ў стварэнні годных умоў для жыцця грамадзян належыць мясцовай уладзе: «Мясцовая ўлада фактычна стаіць тварам да твару з чалавекам, з яго паўсядзённымі патрэбамі і клопатамі. Яна закліканая рэагаваць на іх і садзейнічаць людзям у вырашэнні іх праблем. І я бачу, што тыя пытанні, якія сёння абмяркоўваюцца, — і паляпшэнне асяроддзя жыццядзейнасці для нашых пажылых людзей і інвалідаў, і ахова здароўя, і фізічная культура — усе яны таксама накіраваны на рэалізацыю палажэнняў Асноўнага Закона. Нават калі ўзяць меры па забеспячэнні нашых гараджан чыстай пітной вадой — яны непасрэдна звязаны з канстытуцыйнымі гарантыямі аховы здароўя, спрыяльнага навакольнага асяроддзя».
На мерапрыемстве абмеркавалі гісторыю падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі, праведзеныя рэферэндумы і мадэрнізацыю Асноўнага Закона, а таксама яго фундаментальную ролю ў жыцці кожнага грамадзяніна Беларусі. «Канстытуцыя важная для ўсіх грамадзян Беларусі і, у першую чаргу, для службовых асоб і прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, — паведаміў заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Васілевіч. — У гэтым дакуменце ёсць не толькі правы і свабоды, але і абавязкі. Мы ў апошняй рэдакцыі замацавалі палажэнне аб сацыяльнай адказнасці кожнага за дабрабыт нашага грамадства, неабходнасць унясення пасільнага ўкладу ў развіццё краіны. Больш за тое, у Канстытуцыі з’явілася палажэнне аб тым, што мы павінны захаваць гістарычную памяць аб той ролі, якую адыграла наша старэйшае пакаленне ў перамозе над фашызмам. Па сутнасці, ідзе гаворка пра патрыятызм, пра захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа. Гэта таксама вельмі важны тэзіс».
Удзел у дыялогу таксама ўзялі прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый горада, студэнцкая моладзь. Студэнтка юрыдычнага каледжа БДУ Ганна Стэльмах — будучы спецыяліст у галіне юрыспрудэнцыі, таму на сустрэчу прыйшла з жывой цікавасцю і жаданнем задаць свае пытанні. «Прайшло тры гады з апошніх унясенняў змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, і вельмі цікава паглядзець, як рэалізаваліся гэтыя змены цяпер на практыцы. Прававая сфера ўключае ў сябе вывучэнне Канстытуцыі як асноўнага Закона дзяржавы, і мы, будучыя юрысты, нацэленыя на тое, каб максімальна вывучыць гэтую тэму», — сказала яна.
У рэжыме анлайн да дня інфармавання таксама далучыліся дзевяць студый з усіх раёнаў сталіцы. У агульнай складанасці падзея аб’яднала каля тысячы чалавек.
Фота БелТА