Top.Mail.Ru

Падчас Дзён Мінска ў Маскве прадставяць усю палітру беларускай культуры

Ад «Песняроў» да выцінанкі

Дні Мінска ў Маскве пройдуць 18-21 верасня. І гэта не толькі свята культуры, спорту і сяброўства, але ў першую чаргу — новыя магчымасці для бізнэсу, якія, несумненна, прынясуць вынік. Такім меркаваннем падзялілася намеснік старшыні камітэта эканомікі Мінскага гарвыканкама Таццяна Селівонік.

Яна нагадала, што ў снежні 2024 года падчас сустрэчы старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарава з мэрам Масквы Сяргеем Сабяніным былі дасягнутыя дамоўленасці аб правядзенні ў 2025 годзе дзён Мінска ў Маскве. Паводле яе слоў, мэтай дадзенага мерапрыемства стала развіццё супрацоўніцтва, новых праектаў у розных сферах: «З 18 па 21 верасня будзе праведзена шмат культурных мерапрыемстваў, выстава-кірмаш беларускіх тавараў на Цвярской плошчы, адбудуцца спартыўныя мерапрыемствы». 

Пройдзе таксама круглы стол, тэлемасты па розных сферах: медыцына, турызм, нашы ўстановы адукацыі падзеляцца вопытам. Па выніках будуць падпісаны пагадненні аб далейшым супрацоўніцтве. «Ключавой падзеяй стане правядзенне бізнес-форуму „Мінск і Масква: новы драйвер развіцця“. Ужо зарэгістравана больш за 70 удзельнікаў форуму з Беларусі і Масквы. Яны падзеляцца вопытам і раскажуць пра свае прадпрыемствы. Плануецца вельмі шмат спікераў. Банкаўскія ўстановы раскажуць пра інструменты падтрымкі экспарту беларускіх прадпрыемстваў. Па выніках форуму таксама плануецца правядзенне цырымоніі падпісання кантрактаў на мільённыя сумы», — рэзюмавала Таццяна Селівонік.

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Святлана Сіліч расказала аб канцэртнай праграме, выстаўках беларускіх рамеснікаў і майстар-класах, якія пройдуць падчас Дзён Мінска ў Маскве: «Культурная праграма стане, без перабольшання, яркай падзеяй гэтых дзён. Мы вязём у Маскву найлепшыя калектывы і народных умельцаў Мінска, якімі па праву ганарымся. Канцэртная праграма ў суправаджэнні Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Беларусі адкрые Дні Мінска ў Маскве. У ёй прымуць удзел Беларускі дзяржаўны ансамбль „Песняры“ і іншыя вядомыя беларускія артысты. Гледачы пачуюць сучасныя хіты, залатыя шлягеры і мелодыі, якія сталі сапраўдным сімвалам Беларусі».

У 14 гандлёвых павільёнах будзе прадстаўлена беларуская прадукцыя, адзначыла намеснік генеральнага дырэктара ГА «Сталічны гандаль і паслугі» Алена Царыкава. Яна падкрэсліла, што кірмаш беларускіх тавараў пройдзе ў самым цэнтры Масквы з 18 па 21 верасня на фестывальнай пляцоўцы «Маскоўскія сезоны на Цвярской». «На кірмашы будуць працаваць 14 гандлёвых павільёнаў, у якіх прадставяць прадукцыю нашых вядучых вытворцаў. Як правіла, гэта тыя тавары, без якіх сёння ні адзін турыст не з’язджае з нашай краіны. У шырокім асартыменце будуць прадстаўлены прысмакі, уключаючы цукеркі, зефір, шакалад, а таксама малочная прадукцыя, марозіва, мясныя дэлікатэсы, хлебабулачныя вырабы. Прадставім сувенірную прадукцыю, посуд з фарфору, шкла, крышталя, уходавую касметыку, гадзіннікі і разнастайныя тэкстыльныя вырабы з хлопку і льну», — паведаміла яна.

«На кірмашы ў адным з пунктаў грамадскага харчавання ў меню будуць прадстаўлены стравы нацыянальнай беларускай кухні. І менавіта там можна будзе пакаштаваць беларускія дранікі», — адзначыла Алена Царыкава. Прадставяць на пляцоўцы і турыстычны патэнцыял Мінска. «Тут госці кірмашу змогуць адразу забраніраваць тур у Мінск або ў любы куток нашай краіны, уключаючы розныя гасцініцы і санаторыі», — падагульніла намеснік гендырэктара. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю