Top.Mail.Ru

Падчас летніх канікулаў школы актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года

Рамонт, закупка мэблі, абсталявання, падручнікаў... Спіс спраў вялікі, а вось да 1 верасня засталося ўжо зусім няшмат часу. Мы пабывалі ў сярэдняй школе № 87 горада Мінска, каб паглядзець, як тут рыхтуюцца да сустрэчы вучняў 1 верасня.



Прастора для развіцця

Гэта ўстанова адукацыі была пабудавана ў Партызанскім раёне ў 1963 годзе. Штогод школу паступова паляпшаюць і мадэрнізуюць. Але сёлета быў здзейснены пэўны рывок наперад.


— Сёлета напярэдадні новага навучальнага года было зроблена вельмі шмат і сродкі былі затрачаны таксама каласальныя. Ва ўсіх класах быў праведзены касметычны рамонт, змяніліся калідоры, лесвічныя пралёты. Таксама мы замянілі больш за 80 % камплектаў мэблі. Поўнасцю былі адрамантаваны кабінеты гісторыі, беларускай, рускай, англійскай мовы. Вялікае ператварэнне прайшоў музейны комплекс «Спадчына», які перамясціўся ў хол другога паверха. Гэта калекцыя этнаграфічных экспанатаў, якая раней размяшчалася ў невялікім кабінеце. Такое рашэнне дазволіць большай колькасці навучэнцаў і наведвальнікаў школы азнаёміцца з нашай унікальнай калекцыяй, — расказала дырэктар школы Кацярына ГАРАЖАНЦАВА.


Цалкам была мадэрнізавана і малая спартзала, у якой займаюцца фізкультурай вучні пачатковых класаў, быў зроблены рамонт у раздзявалках. А для малых стварылі інтэрактыўны комплекс МНС.

— На дадзены момант адно з найважнейшых пытанняў — бяспека дзяцей. Фактычна гэты комплекс дае магчымасць растлумачыць у гульнявой форме, як пазбегнуць надзвычайных сітуацый і як правільна рэагаваць, калі яны ўсё ж такі здарыліся, — адзначыла дырэктар.


Штогод перад пачаткам навучальнага года тут прыводзяць у парадак унікальны стадыён, пабудаваны чатыры гады таму па прэзідэнцкай праграме. Яго асаблівасць у тым, што спартыўныя пляцоўкі размешчаны на некалькіх ярусах з прычыны асаблівасцей ландшафту. На першым ярусе — футбольнае поле, на другім — баскетбольная і валейбольная пляцоўкі, скачковая яма і турнікі, а на трэцім размяшчаецца сама школа.

— Таксама ў нас на 100 % укамплектаваны педагагічны склад і тэхнічныя кадры. Сёлета да нас прыйдуць тры маладыя спецыялісты, у тым ліку і малады чалавек, які будзе працаваць настаўнікам пачатковых класаў, — распавяла Кацярына Гаражанцава.

Па яе словах, для маладых спецыялістаў тут створаны ўсе ўмовы. Ад дапамогі з жыллём да стымулявальных выплат. Да таго ж за кожным новым супрацоўнікам замацаваны вопытны настаўнік, які дапамагае разабрацца ў перыпетыях нялёгкай прафесіі, знайсці ключык да бацькоў і разгледзець у дзецях патэнцыял.


Разам да лепшага

Маштабная мадэрнізацыя школы — гэта агульная справа. І яна ажыццяўляецца дзякуючы зладжанай працы бацькоў, настаўнікаў, вучняў і дапамозе ўпраўлення адукацыі і адміністрацыі Партызанскага раёна.

— Мы заўсёды ідзем у звязку: школа, цэнтр па забеспячэнні дзейнасці, упраўленне адукацыі, адміністрацыя раёна. Увогуле гэта тыя кампаненты, якія дапамагаюць нам абнаўляцца і станавіцца лепш кожны год. Напрыклад, сёлета з рэзервовага фонду кіраўніка раёна Мікалая Палякова было выдзелена каля 135 тысяч беларускіх рублёў на рамонт нашай школы, — паведаміла Кацярына Гаражанцава.


Асобна варта адзначыць і ўклад бацькоў. Сёлета, на спонсарскія сродкі ад іх былі закуплены стэнды і магнітныя дошкі ў класы.

Безумоўна, і самі настаўнікі прымаюць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года.


— Кожны настаўнік лічыць свой кабінет домам і стараецца зрабіць усё магчымае, каб там было чыста, прыгожа і ўтульна, — сказала дырэктар школы. — Таксама класныя кіраўнікі знаходзяцца ў цесным кантакце з бацькоўскім камітэтам. Сумесна яны плануюць рамонтныя работы ў сваім класе, узгадняюць гэта са мной, і калі неабходна матэрыяльная дапамога ў рамонце, то мы стараемся яе аказаць з пазабюджэтных сродкаў, якія зарабляюцца на працягу года, дзякуючы платным адукацыйным паслугам.


Адметна і тое, што школьнікі таксама актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы школы да 1 верасня. На працягу ўсяго лета ў школе функцыянуюць працоўныя брыгады.

— Яны працуюць групамі ад трох да шасці чалавек па два тыдні. Адбіраем на другасную занятасць па заяўным прынцыпе: запіс для школьнікаў з 14 гадоў пачынаецца ўжо зімой. Дзеці прыбіраюць тэрыторыі, падтрымліваюць чысціню ў кабінетах і прыбіраюць іх пасля рамонтаў, дапамагаюць разбіраць старыя камплекты мэблі і збіраць новыя. Для іх гэта першы запіс у працоўнай кніжцы і заробак, а для нас — дапамога, — падкрэсліла дырэктар.

Так, крок за крокам агульнымі сіламі сярэдняя школа № 87 ператвараецца ва ўтульную сучасную адукацыйную прастору. Наперадзе яшчэ шмат планаў: ад абнаўлення агароджы да рамонту фасада. Але ўжо зараз відавочна, што новы навучальны год тут пачнецца з добрага настрою і новых магчымасцяў для вялікіх дасягненняў.


Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю