У Полацку падлеткі ўтапілі арэндны электрасамакат у рацэ, распачата крымінальная справа. Пра гэта БелТА паведамілі ў Следчым камітэце.
Увечары 9 верасня 2025 года чацвёра падлеткаў падчас прагулкі заўважылі арэндны электрасамакат. Адзін з іх пракаціўся на ім з горкі і пакінуў каля моста. Затым двое 17-гадовых юнакоў зацягнулі самакат на падвесны пешаходны мост, дайшлі да яго сярэдзіны і скінулі ў раку, пасля чаго працягнулі прагулку. Увесь працэс яны здымалі на мабільны тэлефон.
У той жа вечар супрацоўнік арганізацыі, якая аказвае паслугі кікшэрынгу ў Полацку, атрымаў з call-цэнтра паведамленне аб тым, што адзін з электрасамакатаў страціў сувязь з дадаткам. Яму накіравалі скрыншот з апошнім зафіксаваным маршрутам. Работнік прыбыў да месца, дзе знік сігнал самаката, і не знайшоў маёмасць, таму звярнуўся да праваахоўнікаў.
Устанавіць датычных да злачынства ўдалося падчас расследавання іншай крымінальнай справы — аб згоне транспартнага сродку. У тэлефоне аднаго з маладых людзей следчыя выявілі відэа, на якім самакат скідаюць з моста. Запіс канфіскаваны, агледжаны і далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы.
Следчыя дапыталі юнакоў і сведак. Сабраны матэрыял паказаў, што падлеткі — навучэнцы каледжа. Раней яны ўжо прыцягваліся да крымінальнай адказнасці: адзін — за згон, другі — за згон і крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі.
Маладым людзям выстаўлены абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) КК. Да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.
Следчыя нагадваюць, што санкцыя названага артыкула прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 6 гадоў.