Top.Mail.Ru

Падпал машын на паркінгу ў Мінску: падазраваны затрыманы, заведзена крымінальная справа

Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта ўстанаўлівае абставіны знішчэння і пашкоджання аўтамабіляў на сталічным паркінгу. Аб гэтым паведамляе БелТА.


Уначы 27 верасня ў МНС паступіла паведамленне аб узгаранні аўтамабіляў на адным з паркінгаў сталіцы. Ратавальнікі ліквідавалі пажар, аднак агонь паспеў знішчыць тры аўтамабілі, яшчэ сем атрымалі значныя тэрмічныя пашкоджанні.

На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Следчыя, спецыялісты ДКСЭ, работнікі МНС агледзелі тэрыторыю і аўтамабілі, зафіксавалі следавую карціну, прызначаны экспертныя даследаванні. 

«Першапачатковыя следчыя дзеянні паказалі, што ўзгаранне адбылося ад занесенай крыніцы, што сведчыць аб падпале», — адзначылі ў СК. 

У прыпаркаванай іншамарцы быў затрыманы 19-гадовы мінчанін. Устаноўлена, што малады чалавек, знаходзячыся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, па дарозе дадому з бара пашкодзіў маёмасць у тралейбусе, затым накіраваўся да паркінга і разбіў некалькі камер відэаназірання на размешчаным побач доме. У аўтамабілі, дзе пасля быў затрыманы фігурант, ён знайшоў няспраўны замак багажніка і каністру з бензінам. Абліўшы некалькі машын лёгкай на загаранне вадкасцю, падазраваны падпаліў іх.

Папярэдняя сума ўрону перавысіла 90 тыс. рублёў.

У дачыненні да мінчаніна распачата крымінальная справа па ч. 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне маёмасці, якія ўчыненыя агульнанебяспечным спосабам і прывялі да прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры) КК. Канчатковую прававую ацэнку дзеянням фігуранта дадуць па заканчэнні расследавання.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю