«Толькі наперад!»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на назначэнне старшынёй Гомельскага гарвыканкама Руслана ПАРХАМОВІЧА ўдзень 12 мая, і ўжо ўвечары новага кіраўніка горада прадставіў мясцовай вертыкалі старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван КРУПКО.
— Мы цесна папрацавалі з Русланам Віктаравічам і як з памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Гомельскай вобласці, і раней — плячо ў плячо ва ўрадзе як з міністрам архітэктуры і будаўніцтва. Заўсёды знаходзілі ўзаемаразуменне, — сказаў Іван Крупко.
Ён асабліва адзначыў такія якасці Руслана Пархамовіча, як працавітасць, прынцыповасць, арганізатарскія здольнасці, аналітычны склад розуму, а таксама ўменне аператыўна прымаць правільныя кіраўніцкія рашэнні, неабходныя для атрымання патрэбнага выніку.
— Як запэўніў Прэзідэнта Руслан Пархамовіч, ён сам больш схільны да практычнай дзейнасці. Трэба будзе нямала зрабіць. Гэта не толькі будаўніцтва і ўвод новых аб’ектаў, але і капітальны і бягучы рамонт жылфонду, дарог, сацыяльных аб’ектаў. Вам давядзецца ўводзіць у горадзе такую неабходную Навабеліцкаму раёну дзіцячую паліклініку. Людзі чакаюць новыя прасторы для адпачынку і заняткаў спортам. Гэта таксама павінна застацца ў вашым аператыўным плане работы, — падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама.
Ён выказаў упэўненасць, што ў абласным цэнтры і ў далейшым будзе зроблена ўсё для яго росквіту і дабрабыту гамяльчан.
***
13 мая дэпутаты Мазырскага райсавета зацвердзілі на пасадзе старшыні Мазырскага райвыканкама Аляксандра ВЕРАМЕЕВА, кандыдатуру якога напярэдадні ўзгадніў Аляксандр Лукашэнка. Раней ён узначальваў Петрыкаўскі раён, да гэтага быў кіраўніком СУП «Палессе-Аграінвест». У гэтай гаспадарцы ён прайшоў усе ступені кар’ернай лесвіцы.
Мясцовай вертыкалі новага кіраўніка раёна таксама прадставіў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Ён цёпла падзякаваў за работу былому старшыні Мазырскага райвыканкама Алене Паўлечка.
Аляксандр Верамееў выказаў упэўненасць, што вынікі, якія дасягнуты мазыранамі на чале з Аленай Паўлечка, будуць стабільна, устойліва расці:
— Далейшая наша работа будзе ў першую чаргу накіравана на паляпшэнне якасці жыцця жыхароў Мазырскага раёна.
***
Кіраўнік дзяржавы 12 мая ўзгадніў на пасаду генеральнага дырэктара ААТ «Беларускі металургічны завод — кіруючая кампанія холдынгу «Беларуская металургічная кампанія» Аляксандра САКОВІЧА. У сераду новага кіраўніка калектыву прадставілі намеснік Прэм’ер-міністра Віктар КАРАНКЕВІЧ і міністр прамысловасці Андрэй КУЗНЯЦОЎ.
— Гэта разумны і адказны кіраўнік, які праявіў сябе і на дзяржаўнай службе, і ў рэальным сектары эканомікі. У Апараце Савета Міністраў каардынаваў работу прамысловага комплексу, — адзначыў Віктар Каранкевіч, характарызуючы новага гендырэктара БМЗ.
— Пры ўзгадненні на пасаду Аляксандра Саковіча Прэзідэнтам былі пастаўлены задачы. Асноўная з іх — прадпрыемства павінна працаваць і рэалізоўваць прадукцыю, быць канкурэнтаздольным.
Намеснік Прэм’ер-міністра выказаў упэўненасць, што Аляксандр Віктаравіч разам з калектывам забяспечыць рэалізацыю пастаўленых задач.
Віктар Каранкевіч адрасаваў словы падзякі Дзмітрыю Корчыку, які з 2019 года кіраваў холдынгам.
Па паведамленнях карэспандэнтаў «Звязды» і БелТА