Top.Mail.Ru

Падрабязнасці кадравага дня ў Палацы Незалежнасці

Яшчэ адным мерапрыемствам у графіку беларускага лідара сталі кадравыя назначэнні. Кіраўнік дзяржавы ўнёс змяненні ў складзе кіраўніцтва Саўміна, назначыў новага памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гродзенскай вобласці, а таксама ўзгадніў на пасаду першага намесніка Генеральнага сакратара СНД.


«Ад вас вельмі сур’ёзна залежыць развіццё і вынікі ад работы сельскай гаспадаркі»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў Аляксандра Ломскага намеснікам Прэм’ер-міністра, які будзе курыраваць пытанні развіцця аграпрамысловага сектара. У канцы чэрвеня 2025 года Аляксандр Ломскі быў назначаны на пасаду памочніка Прэзідэнта — інспектара па Брэсцкай вобласці. А да гэтага ён займаў пасаду першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.

Дзмітрый Гарадзецкі назначаны памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Гродзенскай вобласці. Да цяперашняга часу ён займаў пасаду першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама.

Звяртаючыся да назначэнцаў, Прэзідэнт Беларусі адзначыў: «Першае — мы прыстойна агаляем Брэсцкую вобласць. Значыць, людзі павінны быць прапанаваныя для назначэння і ў самы кароткі тэрмін. Другое — вы людзі дарослыя, добра валодаеце рэгіянальнымі праблемамі. Для нас, не кажучы ўжо пра віцэ-прэм’ера, — гэта вельмі важны кірунак, там наогул аграрый павінен быць. Але і ў Гродзенскай вобласці з-за таго, што там яшчэ ў нас ваенны чалавек (гаворка пра старшыню Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева. — „Зв.“), яму патрэбна апора ў галіне сельскай гаспадаркі. Ён не спецыяліст у сельскай гаспадарцы, хоць за гэты час, калі быў памочнікам і губернатарам, ён справіўся па многіх кірунках. І чалавек ён такі хваткі, але тым не менш апора гэтая патрэбна будзе. Таму ад вас вельмі сур’ёзна залежыць развіццё і вынікі ад работы сельскай гаспадаркі ў Гродзенскай вобласці, а ад вас — у краіне ў цэлым». 

«Галоўны ваш кірунак ва ўрадзе — продаж»

Кіраўнік дзяржавы даў настаўленні новаму віцэ-прэм’еру. «Галоўны ваш кірунак ва ўрадзе — продаж. Як я заўсёды гавару, у нас віцэ-прэм’еры перш за ўсё займаюцца гэтым. Асабліва для вёскі гэта важна, — звярнуў увагу ён. — Усё, што мы вырабім у краіне, пройдзе праз вашы рукі, праз арганізацыю справы, дзе галоўным будзеце вы. Таму вельмі важна нам гэты кірунак не проста трымаць у полі зроку, але і каб там быў вынік».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з продажам па асобных пазіцыях не заўсёды ўсё атрымлівалася. Напрыклад, некаторы час таму былі праблемы з рэалізацыяй масла. «Я спецыяльна падтрымліваў гэту тэму. Мы не маглі разабрацца з гэтым маслам. Ні віцэ-прэм’ер, ні Міністэрства сельскай гаспадаркі... Дзякуй богу, цяпер у нас быццам бы тут усё нармальна з продажам і мы маем добры вынік ад сельскай гаспадаркі», — канстатаваў Прэзідэнт.

Што датычыцца цяпер ужо былога віцэ-прэм’ера Юрыя Шулейкі, ён, па словах Аляксандра Лукашэнкі, накіроўваецца на работу на канкрэтны ўчастак у Гродзенскую вобласць. «Гэта таксама для нас такая добрая дапамога ў Гродзенскай вобласці. І ён павінен разумець, што туды не адпачываць ідзе. А мы ад яго чакаем, я перш за ўсё чакаю, выніку ў галіне сельскай гаспадаркі і арганізацыі справы ў сельскай гаспадарцы і перапрацоўцы», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

«Вёска — гэта наш з вамі клопат»

«Я вельмі разлічваю на вас: што на памочніка ў Гродзенскай вобласці, што на віцэ-прэм’ера, які будзе адказваць у цэлым за сельскую гаспадарку. Ну і для мяне будзе добрая апора, таму што, вы ж бачыце, колькі ўвагі даводзіцца ўдзяляць сельскай гаспадарцы. Нам трэба дадаць у сельскай гаспадарцы, каб падвоіць вынікі, — арыентаваў беларускі лідар новых кіраўнікоў. — Назіраючы, можа, у нейкай ступені збоку, а часам будучы ў гэтых „жорнах“, вы бачылі і мае патрабаванні, бачылі і недахопы ў сельскагаспадарчай сферы, і ведаеце, што там трэба рабіць. Гэта вельмі важна». 

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы арыентаваў і Аляксандра Ломскага, і Дзмітрыя Гарадзецкага на новых пасадах не дзейнічаць па прынцыпе «гэта не мой участак». «Сяло — гэта наш з вамі клопат. Мой клопат — гэта вёска, а ваша — аграпрамысловая вытворчасць. Таму што вёскі без аграпрамысловай вытворчасці, ну і, натуральна, перапрацоўкі быць не можа. Таму, мужыкі, я на вас вельмі разлічваю. Вы нядрэнна сябе паказалі на ранейшай рабоце. Прашу вас да гэтага ставіцца адказна», — рэзюмаваў беларускі лідар.

***

Кіраўнік дзяржавы таксама даў згоду на назначэнне Канстанціна Бурака на пасаду першага намесніка Генеральнага сакратара Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Да цяперашняга часу Канстанцін Бурак займаў пасаду памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гродзенскай вобласці.

Квотная пасада першага намесніка Генеральнага сакратара СНД замацавана за Беларуссю як краінай пастаяннага знаходжання штаб-кватэры Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА


Даслоўна

«Кожны намеснік Прэм’ер-міністра павінен займацца экспартным патэнцыялам і рэалізацыяй вырабленай прадукцыі»

У размове з журналістамі намеснік Прэм’ер-міністра Аляксандр Ломскі расказаў журналістам пра галоўныя задачы і прыярытэты ў рабоце на новай пасадзе. «Кіраўнік дзяржавы пры прызначэнні паставіў асноўныя задачы і вызначыў прыярытэты развіцця аграпрамысловага комплексу. Гэта павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, яе глыбокая перапрацоўка. І кожны намеснік Прэм’ер-міністра павінен займацца экспартным патэнцыялам і рэалізацыяй вырабленай прадукцыі. З гэтага і буду пачынаць сваю работу», — канкрэтызаваў Аляксандр Ломскі.

Па словах віцэ-прэм’ера, прыярытэтную ўвагу неабходна ўдзяляць забеспячэнню ўмоў для захаванасці і павелічэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы. «У краіне распрацаваны комплекс мерапрыемстваў, праграма па будаўніцтве і мадэрнізацыі малочнатаварных комплексаў, прафілакторыяў для цялят, якія дазволяць захаваць асноўнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Гэта наш рэзерв і патэнцыял для павелічэння аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі», — удакладніў ён.

Журналісты звярнулі ўвагу, што ў адзін дзень пакінулі свае пасады памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці і першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама. Як такія кадравыя страты адаб’юцца на «першым рэгіёне» краіны, спыталі яны.

«Брэсцкая вобласць багатая кадрамі, сваімі традыцыямі, культурай. На жыватворнай Брэсцкай зямлі ёсць годныя людзі, якія заменяць нас на гэтых пасадах і зробяць усё магчымае, каб Брэсцкая вобласць заўсёды заставалася флагманам па вытворчасці не толькі сельскагаспадарчай прадукцыі, але і ў цэлым», — адказаў на гэта віцэ-прэм’ер.

«Мы робім адну агульную справу, і гэта справа на карысць нашых людзей»

У гутарцы з журналістамі памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Дзмітрый Гарадзецкі расказаў аб акцэнтах у рабоце і чаканых выніках: «Гродзенская вобласць — досыць паспяховы рэгіён па ўсіх кірунках развіцця. Задача, якая была пастаўлена кіраўніком дзяржавы (прызначэнні. — „Зв.“), — сумесна з абласным выканаўчым камітэтам, мясцовымі органамі ўлады падтрымліваць гэты ўзровень і прыкладаць намаганні для далейшага дынамічнага развіцця і паляпшэння добрых наяўных вынікаў».

У цэнтры ўвагі ён мае намер трымаць пытанні забеспячэння якасці жыцця насельніцтва розных раёнаў, а таксама вынікі работы АПК, развіццё якога патрабуецца працягваць у адпаведнасці з пастаўленымі кіраўніком дзяржавы задачамі. У першую чаргу — з пункту гледжання выраўноўвання умоў і вынікаў. Гэта датычыцца, па яго словах, перапрацоўчай прамысловасці, рэалізацыі прадукцыі перапрацоўкі.

Журналісты спыталі, ці будзе, паводле яго ацэнкі, у Гродзенскай вобласці працаваць лягчэй, чым на папярэдняй пасадзе. Бо на пасадзе першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама трэба было выконваць даручэнні кіраўніка дзяржавы, а цяпер — кантраляваць іх выкананне. 

«Мне здаецца, што галоўнае — нашым агульным вопытам, ведамі, якія ў нас ёсць, дзяліцца з калегамі, каб гэтыя веды і вопыт прыносілі карысць усім. Усё роўна, у якім рэгіёне працуеш, выконваеш або кантралюеш. Важна, што мы робім адну агульную справу, і гэта справа на карысць нашых людзей», — рэзюмаваў Дзмітрый Гарадзецкі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю