Top.Mail.Ru

Падрабязнасці пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы

Для далейшага інтэграцыйнага збліжэння


Падчас рабочага мерапрыемства, якое прайшло ў Мінску, было разгледжана 15 пытанняў. Так, ключавымі тэмамі пасяджэння сталі разгляд ходу выканання асноўных кірункаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024 — 2026 гады і адабрэнне Асноўных кірункаў на 2027 — 2029 гады. Акцэнт зроблены на развіццё ключавых сфер: прамысловай палітыкі, тэхналагічнага суверэнітэту, забеспячэння харчовай бяспекі, транспарту, энергетыкі, аховы здароўя і турызму.

Таксама ў рамках пасяджэння быў адобраны праект Стратэгіі маладзёжнай палітыкі Саюзнай дзяржавы, які грунтуецца на прынцыпах і дасягненнях, закладзеных у нацыянальных стратэгічных дакументах Беларусі і Расіі. Прынятыя рашэнні ў мэтах забеспячэння павышэння эфектыўнасці работы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Шэраг рашэнняў Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы накіраваны на рэалізацыю сумесных праектаў у сферы пасажырскіх чыгуначных перавозак. Акрамя таго, была вызначана тэматыка работы вышэйшых органаў Саюзнай дзяржавы на наступны год.


Як заўважыў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр ТУРЧЫН, ключавыя вектары інтэграцыі Беларусі і Расіі традыцыйна задаюць кіраўнікі дзяржаў.

— Агульнасць іх поглядаў і падыходаў да вырашэння праблемных пытанняў на фоне няпростых знешніх абставін дазваляе хутка рэалізоўваць агульныя планы на ўсіх узроўнях узаемадзеяння — ад урада да рэгіёна і прадпрыемства. За апошнія гады Беларусь і Расія даказалі, што Саюзная дзяржава — гэта не дэкларацыя, а рабочы механізм, які дае рэальныя вынікі ў гандлі, прамысловасці, тэхналогіях і сацыяльнай сферы, — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Аляксандр Турчын таксама адзначыў, што беларуская і расійская эканомікі пераплеценыя як ніколі раней.

— Падстаўляем плячо адно аднаму ў рамках прамысловай кааперацыі, разам вырашаем пытанні тэхналагічнага развіцця, забяспечваем насычэнне рынку харчовымі і спажывецкімі таварамі. Нягледзячы на ціск, які працягваецца, эканомікі Беларусі і Расіі дэманструюць станоўчую траекторыю росту. У такой устойлівасці ёсць заслуга і нашай цеснай інтэграцыі. У бягучым годзе ўзаемны гандаль працягвае ўстанаўліваць рэкорды. За восем месяцаў гэтага года тавараабарот Беларусі і Расіі павялічыўся больш як на 20 працэнтаў. Мы дасягнулі практычна поўнай збалансаванасці ў дынаміцы ўзаемных паставак. Высокімі тэмпамі расце ўзаемны гандаль паслугамі, традыцыйныя флагманы тут — транспарт, будаўніцтва, дзелавыя і камп’ютарныя паслугі, — падкрэсліў Прэм’ер-міністр Беларусі.

Старшыня ўрада Расіі Міхаіл МІШУСЦІН у сваю чаргу адзначыў:

— Па даручэнні нашых прэзідэнтаў мы працягваем сістэмную работу па фарміраванні агульнай сацыяльна-эканамічнай, навукова-тэхналагічнай, культурна-гуманітарнай прасторы ў Саюзнай дзяржаве. Бачым адчувальную аддачу ад расійска-беларускай інтэграцыі.

Пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы завяршылася падпісаннем дакументаў.

Даслоўна 

У размове з журналістамі міністр эканомікі Беларусі Юрый ЧАБАТАР адзначыў, што ў ходзе пасяджэння па выніках трох гадоў было канстатавана выкананне большасці мерапрыемстваў, якія былі зацверджаны для рэалізацыі кіраўнікамі дзяржаў Беларусі і Расіі ў 2024 годзе:

— Да канца года, паводле нашых чаканняў, усе мерапрыемствы будуць выкананыя. 

Юрый Чабатар заявіў, што на наступныя тры гады прыярытэтам з’яўляецца развіццё эканомікі Саюзнай дзяржавы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю