Top.Mail.Ru

Падрабязнасці рабочай паездкі Прэзідэнта ў Шклоўскі раён

Аляксандр Лукашэнка наведаў РУП «Купалаўскае» — кіруючую кампанію холдынга. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам рэканструкцыі рамонтных майстэрняў


Тут ствараецца сучасны цэнтр па абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання жывёлагадоўчых комплексаў. У красавіку 2024 года Прэзідэнт наведваў Шклоўскі аграсэрвіс, калі рамонтныя работы тут яшчэ толькі пачыналіся. Крыху больш як праз год беларускі лідар асабіста праінспектаваў зробленае. Дарэчы, на мінулым тыдні гэта тэма абмяркоўвалася ў Палацы Незалежнасці. На месцы ўсе пытанні разгледзелі на практыцы. На прыкладзе аграсэрвісу ў Шклове беларускі лідар прапанаваў прааналізаваць перспектывы развіцця падобных арганізацый па ўсёй краіне. 

У лютым 2025 года ў склад РУП «Купалаўскае» быў бязвыплатна перададзены маёмасны комплекс «Шклоўскі Аграсэрвіс», які складаўся з 19 аб’ектаў 1950 — 1975-х гадоў пабудовы. Сярод іх — рамонтная майстэрня, цэх рэстаўрацыі, будынак СТА, гаражы, склады, адміністрацыйны будынак і іншае. Па выніках тэхнічнай інвентарызацыі было прынята рашэнне аб зносе шасці аб’ектаў. Рэканструкцыя майстэрняў пачалася ў красавіку 2025 года і на бягучы момант практычна завяршылася. Цяпер у склад комплексу ўваходзіць 5 збудаванняў і 4 будынкі: адміністрацыйны будынак, цэнтральная рамонтная майстэрня, будынак абменнага пункту, станцыя тэхнічнага абслугоўвання для легкавых аўтамабіляў. Акрамя таго, праведзеная рэканструкцыя дазволіла стварыць сучасны цэнтр па абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання жывёлагадоўчых комплексаў (даільныя залы, халадзільнае абсталяванне). 

Яшчэ да завяршэння рэканструкцыі з мая 2026 года ў майстэрнях пачалі праводзіць рамонт сельгастэхнікі шэрагу мясцовых гаспадарак. Для зніжэння выдаткаў праводзяцца цэнтралізаваныя закупкі запасных частак непасрэдна ў заводаў-вытворцаў. Пасля праходжання атэстацыі майстэрняў будуць заключаны дагаворы на сэрвіснае абслугоўванне тэхнікі.

«Нам трэба тут зрабіць узорную тыповую сельгастэхніку»

Перш чым перайсці да агляду адрамантаваных майстэрняў, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз растлумачыў, чаму гэты і іншыя праекты рэалізуюцца менавіта ў Шклоўскім раёне. «Гэта не таму што я тут працаваў і гэта мая радзіма, — удакладніў ён. — Проста таму, што я тут усё ведаю, да кожнага метра. І калі нешта рабіць на перспектыву, то, вядома, вопыт гэты не перашкодзіць, і ўсё гэта трэба ведаць. Вось таму мы і робім такі ўзорны раён тут у Шклове і часткова ў Оршы».

Гаворачы аб райаграсэрвісе, або сельгастэхніцы, як раней яго называлі, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што да нядаўняга часу Шклоўскі аграсэрвіс знаходзіўся на сярэднім або нават крыху ніжэйшым узроўні ў параўнанні з іншымі такімі арганізацыямі. Такіх, як ён удакладніў, у краіне большасць. 

«Нам трэба тут зрабіць узорную тыповую сельгастэхніку — райаграсэрвіс тут, у Шклове, каб паказаць усім, як трэба, — паставіў задачу беларускі лідар. — Пакуль мы тут рабілі, ужо ў краіне шмат з’явілася нават лепшых гэтых пунктаў. Тут, я бачу, ужо значныя змяненні ў параўнанні з тым, што было, калі я апошні раз тут быў. Па-буйному ўсё зроблена. Засталіся дробязі. Трэба прывесці гэта ўсё ў парадак».

Прэзідэнт праанансаваў: гэтай восенню на базе ўзорнага райаграсэрвісу ў Шклове правядуць семінар, куды запросяць старшыняў райвыканкамаў. Тут ім пакажуць узорны аграсэрвіс, які павінен быць у кожным раёне.

«Чаму? Бо трэба абслугоўваць тэхніку, якая ёсць у раёне, — патлумачыў неабходнасць такіх аб’ектаў Аляксандр Лукашэнка. — І можа быць, не толькі ў раёне. Тут будуць аказвацца паслугі ўсім тым, хто сюды прыйдзе па гэтыя паслугі».

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, каб цэны на абслугоўванне былі і не ва ўрон, і даступныя як для сельгасарганізацый, так і для насельніцтва. Цэнаўтварэнне на паслугі ў райаграсэрвісах кіраўнік дзяржавы даручыў узяць пад кантроль як мінімум старшыняў аблвыканкамаў, а таксама старшыняў райвыканкамаў. Акрамя таго, пастаўлена задача трымаць пад кантролем выдаткі, сабекошт паслуг, арганізацыю гаспадарання. 

«Але трэба аднавіць усё, — дадаў беларускі лідар. — Тут павінен быць і запас паліва. Я не гавару ўжо пра запчасткі, паколькі тэхніку будзем тут абслугоўваць. І самае важнае (гэта ўжо датычыцца краіны ў цэлым), каб гэта былі такія апорныя пункты для нашых заводаў». 

Прэзідэнт удакладніў, што ўсё павінна быць па аналогіі з тым, як абслугоўваюць айчынную тэхніку ў нашых мультыбрэндавых цэнтрах за мяжой. «Заводы павінны разумець, што гэта і іх справа, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Прадалі сюды тэхніку („Гомсельмаш“ камбайны або МТЗ сучасную тэхналагічна складаную тэхніку) — будзьце ласкавы абслугоўваць яе тут пэўны перыяд. Не толькі гарантыі, а і абслугоўваць далей. Так, як за мяжой мы робім».

Як праінфармаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, у краіне функцыянуе 75 аграсэрвісаў, у 31 з якіх такая работа ўжо вядзецца. «Гэта значыць, яны з’яўляюцца апорнымі цэнтрамі для заводаў-вытворцаў», — удакладніў ён. 

Па словах кіраўніка спраў Прэзідэнта Юрыя Назарава, што датычыцца Шклоўскага аграсэрвісу, ён атэставаны Мінпрамам як мультыбрэндавы цэнтр для абслугоўвання тэхнікі айчыннай вытворчасці. 

«Цудоўна! Тут абслугоўваць трэба тую тэхніку, камплектуючыя, якія вырабляюць не толькі нашы заводы. Мы купляем (тэхніку. — „Зв.“) і за межамі. Для іх гэта добра, калі яны хочуць прасоўваць сваю тэхніку тут».

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў абавязковым парадку на балансе кожнага райвыканкама павінны быць і будаўнічая ПМК, і сельгасхімія. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не варта абмяжоўвацца абслугоўваннем аднаго канкрэтнага раёна. Калі на тое ёсць патрэба, неабходна, па яго словах, дапамагаць і іншым раёнам, бо краіна ў нас адна. 

Звярнуў увагу беларускі лідар і на стварэнне сітэмы льнонасеннестанцый. «Галоўнае, каб была сістэма, як мы і дамаўляліся, — канстатаваў ён. — Каб вы насенне льну атрымлівалі па ўсёй вобласці, краіне».

«Поўнасцю забяспечаны», — сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. 

  

«Гэта павінна быць у ідэальным стане» 

Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў праведзеную рэканструкцыю рамонтных майстэрняў. Ажыццяўленнем праекта займалася Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. 

«Для нас гэты цуд у тым плане, калі мы зробім такія рамонтныя майстэрні (у іншых раёнах. — „Зв.“). Зрабіў добра, — маючы на ўвазе кіраўніка спраў Прэзідэнта Юрыя Назарава, сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Зрабілі хутка, малайцы: за год, крыху больш».

Да будаўніцтва рамонтных майстэрняў, як праінфармавалі кіраўніка дзяржавы, прыцягваліся і прыватныя прадпрыемствы. «Трэба паглядзець па кошце, — даручыў беларускі лідар. — Калі гэты прыватнік нармальна будаваў, не завышаючы нідзе цэны, яго трэба выкарыстоўваць. Усюды трэба выкарыстоўваць, каб прыватнікі не крыўдзіліся, што з імі мы не працуем. Будзем працаваць. Але трэба рабіць танна і сярдзіта, вось так (як у Шклоўскім аграсэрвісе. — „Зв.“). На выгляд зрабілі нядрэнна. Зіму перажыў — значыць, добра». 

Пры гэтым Прэзідэнт разумее, што дакладна так зрабіць усюды наўрад ці атрымаецца, але да гэтага, па яго словах, трэба імкнуцца. 

Звяртаючыся да галоўнага інжынера РУП «Купалаўскае» — кіруючай кампаніі холдынга» Юрыя Касенкі, кіраўнік дзяржавы ўказаў на важнасць падтрымання парадку ў майстэрнях. «Гэта павінна быць у ідэальным стане, — канкрэтызаваў ён. — Як адразу пачнеш, так і будзе. Калі ты паслабіш „аброць“ з першых дзён і тыдняў, загадзяць, і будзеш потым хадзіць з палкай, прымушаць, каб мылі і чысцілі. У нас заводаў такіх (чыстых. — „Зв.“) няма, як тут. Таму парадак і дысцыпліна павінна быць ідэальныя!» 

 

Беларускі лідар нагадаў, што падчас нарады па асобных пытаннях развіцця Магілёўскай вобласці, якая на мінулым тыдні адбылася ў Палацы Незалежнасці, было вырашана, што холдынг «Купалаўскае», які знаходзіўся ў падпарадкаванні Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, акрамя малаказавода, будзе перададзены ў камунальную ўласнасць Шклоўскага райвыканкама.

«І пакуль застаюцца (у падпарадкаванні Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. — „Зв.“) рамонтныя майстэрні, пакуль мы не закруцім тут увесь працэс», — удакладніў Юрый Назараў. 

«Я хачу, каб усе разумелі, што ты ад імя дзяржавы зрабіў ім вялікі падарунак, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Гэты падарунак павінен быць растыражыраваны па ўсёй краіне». 

Прэзідэнт удакладніў, што тут усё павінна быць пад кантролем, без рыначных цэн. «Тады і сістэма будзе працаваць, — растлумачыў ён. — Тады яна будзе зразумелая для сялян, для кіраўнікоў гаспадарак. Таму рынак рынкам, але рэгуляваць і назіраць трэба». 

Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, як у халодны перыяд года ў майстэрнях наладжана ацяпленне. Высветлілася, што абаграваюць памяшканні дровамі. «Правільна, паступова трэба пераходзіць на ацяпленне дровамі, пелетамі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Ляціш над краінай — вакол лес. І нямала ў нас лясных масіваў, якія трэба перапрацоўваць у пелеты. Мы гэта ўмеем рабіць. Заводаў у нас звышдастаткова. Таму пелеты і яшчэ раз пелеты. Прыродны газ або іншая крыніца паліва — толькі як рэзерв». 

Падчас знаёмства з работамі па рэканструкцыі рамонтнай майстэрні Прэзідэнт паразмаўляў з рабочымі. Па традыцыі наведвання прадпрыемстваў Аляксандр Лукашэнка імкнецца даведацца і меркаванні не толькі тых, хто кіруе працэсам, а і хто працуе непасрэдна ў цэхах, на канвеерах. 

 

Звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і на побытавыя пытанні. У прыватнасці, у начальніка цэха ён удакладніў, дзе той жыве. Як высветлілася, у Шклове. Для сваіх работнікаў РУП «Купалаўскае» пабудавала шматпавярховы дом. Кватэры ў ім прадастаўляюцца на арэнднай аснове. 

«Тэма арэнднага жылля працуе, яна абсалютна патрэбная: даеш жыллё — чалавек прыходзіць, працуе і замацоўваецца», — растлумачыў Анатоль Ісачанка. 

 

«Жыллё — гэта яшчэ адна тэма, аб якой я гаварыў, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Жыллё трэба перамяшчаць сюды. З Мінска, абласцей — трэба сюды. Глядзіце, малады хлопец пасяліўся тут... Прымем рашэнне калісьці: сёння арэнднае, а заўтра выкупіць яго за капейкі. Дзесьці бясплатна, дзесьці яшчэ нешта — як у ваенных. Таму трэба сюды перамяшчацца». 

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

Шклоўскі раён

(Будзе дапоўнена)

 

У тэму

У сферу каардынацыі рэспубліканскага аб’яднання «БЕЛАГРАСЭРВІС» уваходзіць 125 арганізацый, з якіх 87 райаграсэрвісаў, 13 сельгасхімій, 4 мотарамонтныя і 4 рамонтныя заводы, 6 абласных арганізацый аграсэрвісу і іншыя арганізацыі, у якіх працуе звыш 14 тысяч чалавек.

Асноўнымі арганізацыямі па аказанні паслуг па рамонце і тэхнічным абслугоўванні поўнакамплектнай тэхнікі, вузлоў і агрэгатаў з’яўляюцца 75 арганізацый. У 31 арганізацыі адкрыты тэхнічныя цэнтры заводаў-вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі, наладжана вытворчасць звыш 250 найменняў машын і абсталявання, 52 арганізацыі аграсэрвісу займаюцца сельскагаспадарчай вытворчасцю.

Штогод арганізацыямі аграсэрвісу аказваюцца паслугі па рамонце больш як 3000 адзінак тэхнікі, у тым ліку 1000 трактароў, 300 збожжа- і кормаўборачных камбайнаў, 700 адзінак іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, 1600 рухавікоў для трактароў, збожжа- і кормаўборачных машын, больш як 890 адзінак вузлоў і агрэгатаў.

 

 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю