Мерапрыемства, якое адбылося ў Савеце Рэспублікі, прымеркавана да Дня пажылых людзей. Параіцца са старэйшымі калегамі, якія маюць грунтоўны досвед заканадаўчай дзейнасці, праінфармаваць іх аб асаблівасцях сучаснай заканатворчасці і іншых кірунках парламенцкай работы — ужо добрая традыцыя. Упершыню ў такой сустрэчы ўзялі ўдзел члены Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі.
«Людзі старэйшага пакалення зрабілі вельмі многае для нашай краіны»
Як адзначыла ў размове з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, члены Савета старэйшын пры Савеце Рэспублікі — гэта людзі, якія зрабілі вялізны ўнёсак у развіццё нашай краіны, станаўленне і стварэнне суверэннай дзяржавы.
«Мы шчыра ўдзячныя ўсім людзям старэйшага пакалення, бо іх унёсак — бясцэнны, — падкрэсліла спікер. — Іх вопыт, мудрасць, талент, уменне выслухаць, падзяліцца сваім досведам — гэта вельмі важна. Сустракаючыся са сваімі калегамі, якія калісьці працавалі ў Савеце Рэспублікі, мы разумеем, што іх меркаванне аб тым, як мы працуем цяпер, добрыя парады для нас вельмі важныя».
Па словах спікера, гэтыя сустрэчы заўсёды кранальныя. «Мы павінны дакладна разумець, што людзі старэйшага пакалення зрабілі вельмі многае для нашай краіны, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Асабліва ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі мы добра ведаем, што такое жыць на сваёй суверэннай зямлі. Зусім нядаўна мы адзначылі Дзень народнага адзінства, і ёсць уведамленне таго, што мы павінны быць усе разам. Тыя, хто сёння на заслужаным адпачынку, але неабыякавыя да жыцця сваёй краіны, тыя, хто сёння працуе, прыносячы карысць для сваёй дзяржавы. І моладзь, якая заўтра прыйдзе на месца тых людзей, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Перадаючы гэтыя слаўныя, добрыя традыцыі, мы робім усё для таго, каб захаваць сваю краіну такой цудоўнай, незалежнай і суверэннай».
Шчырыя словы ўдзячнасці за ўсё зробленае для нашай краіны Старшыня Савета Рэспублікі адрасавала людзям старэйшага пакалення. Некаторыя і сёння працягваюць прыносіць карысць краіне. «Многія нашы пенсіянеры, якія заслужылі адпачынак, — у страі: дзеляцца сваім вопытам, талентам з моладдзю, перадаючы свой досвед маладому пакаленню», — канстатавала спікер.
Каштоўны вопыт для маладых парламентарыяў
Падчас дыялогу розных пакаленняў у Савеце Рэспублікі абмяркоўваліся актуальныя пытанні для краіны. Наталля Качанава тэзісна праінфармавала сваіх ранейшых калег аб асноўных кірунках дзейнасці Савета Рэспублікі на сучасным этапе. Хоць гэта, як заўважыла спікер, было неабавязкова: людзі, якія прысутнічалі на сустрэчы, вельмі паглыблены ва ўсе працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі.
Старшыня Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Аліна РАЦЬКОВА расказала членам Савета старэйшын аб тым, чым займаюцца маладыя парламентарыі.
«Маладзёжны савет — 138 энергетычных, матываваных хлопцаў і дзяўчат з розных рэгіёнаў нашай краіны і сталіцы, — адзначыла яна. — Наша ключавая задача — быць злучальным звяном паміж моладдзю і парламентарыямі. Мы актыўна працуем па ўсіх кірунках і вельмі ўдзячны нашым старэйшым настаўнікам за тое, што яны падтрымліваюць нас у любых пачынаннях, праектах і ініцыятывах».
Старшыня Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі выказала спадзяванне, што гэта сустрэча з членамі Савета старэйшын стане стартам новага супрацоўніцтва, што іх старэйшыя калегі будуць прымаць удзел у мерапрыемствах і праектах маладых парламентарыяў.
«Вашы мудрасць, веды — гэта бясцэнная магчымасць для членаў Маладзёжнага савета запазычыць досвед парламенцкай дзейнасці», — падкрэсліла Аліна Рацькова.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА