Заўсёды з народам
Мерапрыемства, прымеркаванае да 30-годдзя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, адбылося ў Лідзе на базе дзяржаўнага прадпрыемства «Конус». Акрамя таго, у сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Савета працуючай моладзі Лідскага раёна, Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў і Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі.
Члены Савета Рэспублікі мінулых скліканняў Наталля Зайцава, Віктар Пранюк, Інэса Белуш і Кацярына Серафіновіч падзяліліся з лідарамі маладзёжнага руху сваім вопытам заканадаўчай дзейнасці, заклікалі маладое пакаленне пераймаць іх вопыт, трансліраваць яго далей, працягваючы пачатую імі справу пабудовы суверэннай Беларусі.
Сплаў энергіі і вопыту
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Конус» РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» Андрэй ЖАМОЙДА ад імя Савета Рэспублікі выказаў удзячнасць ветэранам-сенатарам за іх працу і ўнёсак у развіццё беларускага парламентарызму. Некаторыя з іх стаялі каля яго вытокаў. Гэтыя людзі ўнеслі ўклад не толькі ў развіццё Лідчыны, а і ў цэлым краіны.
«Вы заўсёды былі са сваім народам — у парламенце, у жыцці, — канстатаваў Андрэй Жамойда. — Ніколі не заставаліся ўбаку ў любых сітуацыях. Разам з народам вы пастараліся зрабіць усё, каб мы сёння жылі ў такой цудоўнай краіне».
Дзеючы член Савета Рэспублікі звярнуў увагу на тое, што за 30-годдзе існавання парламентарызму ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі працавала больш як 400 найлепшых прадстаўнікоў краіны.
«Як правіла, гэта заслужаныя кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, аховы здароўя, — канкрэтызаваў ён. — Яны заўсёды былі побач з народам і прымалі рашэнні, якія зыходзілі ад яго. Гэтыя рашэнні ляглі ў аснову законаў, па якіх мы сёння жывём».
Андрэй Жамойда назваў сімвалічным прысутнасць на сустрэчы моладзі. «Гэта наша будучыня, — падкрэсліў ён. — Але будучыні не бывае без мінулага — таго фундаменту, які створаны.
Сплаў старэйшага і маладога пакаленняў дае нам спакойна жыць, развівацца, ісці наперад дзеля развіцця нашай любімай краіны».
Памнажаць і ўдасканальваць
«Ганарымся тым, што маем магчымасць весці размову з такімі людзьмі, якія дасягнулі вышынь, можам пераймаць іх багаты прафесійны і жыццёвы вопыт, — канстатаваў маркетолаг прадпрыемства „Конус“, прэс-сакратар Рэспубліканскага савета працуючай моладзі пры Міністэрстве адукацыі, старшыня Савета працуючай моладзі пры аддзеле ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Павел ТРОН. — Мы карысныя адзін аднаму. Падтрымка моладзі адчуваецца з боку сенатараў, кіраўніцтва горада, краіны».
Асноўная задача Савета працуючай моладзі — прафарыентацыйная работа. «Расказваем маладым людзям, якія прафесіі запатрабаваны ў краіне, дзе гэтаму можна навучыцца, — удакладніў Павел Трон. — Акрамя таго, дапамагаем маладым спецыялістам, якія прыходзяць на прадпрыемства, адаптавацца да працоўнай дзейнасці, вядзём работу з маладымі сем’ямі. Усё з адной мэтай — каб наша краіна развівалася, квітнела. Мы будзем памнажаць тое, што ёсць, а таксама далей удасканальваць сваю родную Беларусь».
Звяртаючыся да моладзі, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах, член Савета Рэспублікі сёмага склікання Кацярына СЕРАФІНОВІЧ, якая цяпер з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, пажадала прысутнай падчас сустрэчы моладзі дасягнуць поспеху ў прафесійнай дзейнасці на карысць Радзіме.
«Вырашаць канкрэтную праблему магчыма толькі тады, калі мы адзіныя, калі мы разам, — звярнула ўвагу дэпутат. — Абстаноўка ў свеце, побач з нашай краінай, дастаткова няпростая. Вы бачыце, як Прэзідэнт наладжвае адносіны з рознымі дзяржавамі. У выніку замежнікі гавораць аб Беларусі як аб высокатэхналагічнай краіне. Наша краіна карыстаецца павагай на міжнародным трэку, і гэта ў тым ліку дзякуючы таму, што кіраўнік дзяржавы выбудаваў работу і ўрада, і парламента. Мы прымаем рашэнні, накіраваныя на карысць нашай краіны, абарону нацыянальных інтарэсаў».
Вераніка КАНЮТА
Фота з архіва Андрэя Жамойды