«Мы павінны зрабіць усё для таго, каб людзі маглі без усялякіх цяжкасцяў, перашкод здаць лішкі сваёй прадукцыі»
У чацвер у Капыльскім раёне Мінскай вобласці адбылося выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі, у ходзе якога абмеркавалі пытанні нарыхтоўкі лішкаў плодаагародніннай прадукцыі ў насельніцтва.
Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з работай гандлёвага аб’екта «Родны кут», што ў аграгарадку Мажа, прадстаўленым у краме асартыментам і тым, як на практыцы выбудавана сістэма закупкі сельгаспрадукцыі ў жыхароў раёна. У аграгарадку Цімкавічы парламентарыям прадэманстравалі нарыхтоўчы пункт і цэх. Работу пункта нарыхтоўкі і рознічнага продажу ўдзельнікі таксама ацанілі, наведаўшы капыльскую краму «Журавінка».

Падчас пасяджэння Прэзідыума Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА адзначыла, што цэнтральная тэма выязнога пасяджэння знаходзіцца на асаблівым кантролі кіраўніка дзяржавы, таму што збор, прыём і перапрацоўка вырашчанай вяскоўцамі прадукцыі — умацаванне эканамічнага складніка краіны.
— Вы ведаеце, што ў нашай краіне галоўныя — людзі, — падкрэсліла падчас выступлення спікер. — Калі яны, займаючыся сваёй працай, яшчэ вырошчваюць на ўласных участках прадукцыю, мы павінны зрабіць усё для таго, каб людзі маглі без усялякіх цяжкасцяў, перашкод здаць яе лішкі. Вядома, зарабіць грошы. Гэта (вырашчаная прадукцыя. — «Зв.») яшчэ і сыравіна для нашых перапрацоўчых прадпрыемстваў.
Яшчэ адзін важны момант, на які звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі, — дапамога людзям ва ўборцы вырашчанага ўраджаю:
— Калі ёсць праблемы ў пажылых людзей, значыць, мы павінны аказаць ім садзейнічанне. Нельга адштурхоўваць людзей. Сельскія Саветы, якія працуюць у нас на месцах, павінны бачыць (мясцовых жыхароў і іх патрэбы. — «Зв.»).

На 1 студзеня бягучага года ў краіне налічвалася звыш 960 тысяч асабістых падсобных гаспадарак, 794 нарыхтоўчыя пункты, адзначыла спікер падчас свайго выступлення.
— Калі мы ўсе разам будзем выконваць задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы, сітуацыя ў нашай краіне будзе яшчэ лепшай. І ў эканоміцы, і ў рабоце з людзьмі. Мы павінны быць заўсёды на вастрыі вырашэння гэтых задач, — сказала Наталля Качанава.
Намеснік старшыні праўлення Белкаапсаюза Аксана СКІНДЭР адзначыла, што спажывецкія таварыствы працуюць з насельніцтвам па многіх відах сельгаспрадукцыі на працягу ўсяго года:
— Нарыхтоўчая галіна — гэта галоўная сувязная галіна паміж насельніцтвам, перапрацоўшчыкам і гандлёвай сеткай па паступленні сельскагаспадарчай прадукцыі, як у свежым выглядзе, так і ў перапрацаваным, непасрэдна канчатковаму пакупніку. І ў апошнія гады ўнесены значныя карэктывы ў работу нарыхтоўчай галіны. У прыватнасці, становяцца больш жорсткімі патрабаванні да якасці, дакументальнага афармлення, наогул па рабоце з насельніцтвам. Пастаўлена задача не толькі працаваць з насельніцтвам, але і каб любы пакупнік мог пераканацца, што прадаецца і перапрацоўваецца якасная прадукцыя.
У размове с журналістамі Аксана Скіндэр дадала, што да працы сёння прыцягнуты не толькі стацыянарныя нарыхтоўчыя пункты, але і раз’язныя.

— Для поўнага ахопу сельскіх населеных пунктаў, а іх больш за 23 тысячы ў краіне, складаем маршруты па прадастаўленні транспарту для нашых здатчыкаў, для нарыхтоўкі і своечасовага вывазу якаснай прадукцыі, — адзначыла яна. — Усе пытанні, якія ўзнікаюць падчас вядзення нарыхтоўчага сезону, вырашаюцца вельмі аператыўна.
Даслоўна
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід ЗАЯЦ у размове з журналістамі таксама звярнуў увагу на неабходнасць аказваць поўнае садзейнічанне ва ўборцы прысядзібных участкаў і нарыхтоўцы плодаагародніннай прадукцыі ад насельніцтва — гэта патрабаванне Прэзідэнта.
— У нас у краіне, як было сёння агучана, каля мільёна асабістых падсобных гаспадарак, — прывёў лічбы сенатар. — За першыя сем месяцаў толькі прадпрыемствамі Белкаапсаюза была закуплена ў насельніцтва прадукцыя на суму 100,5 мільёна рублёў. Гэта даволі нядрэнныя грошы. Кожны разумее сёння: што я вырашчу — буду гарантавана мець рэалізацыю прадукцыі. Усё гэта будзе запатрабавана ў нашай краіне, на нашых магутнасцях. І будзе спажыта не толькі людзьмі нашай дзяржавы, але і з задавальненнем будзе прадстаўлена на экспарт.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота БелТА
Капыльскі р-н