Top.Mail.Ru
223

Падрыхтоўку да зімовага турсезона пачалі ў Белавежскай пушчы

У нацыянальным парку «Белавежская пушча» пачалі падрыхтоўку да зімовага турыстычнага сезона. Сёлета ён стартуе 6 снежня, паведамілі ў аддзеле турызму, маркетынгу і рэкламы нацпарка, перадае БелТА.

Па традыцыі галоўнай падзеяй пачатку сезона стане прыезд Снягуркі ў маёнтак беларускага Дзеда Мароза. Ужо пачалася падрыхтоўка да святочнага мерапрыемства «Белавежская казка», якое адбудзецца 6 снежня. Для гасцей арганізуюць экскурсіі па ўладаннях гаспадара сядзібы, конкурсы, гульні, карагоды. 

Часткай праграмы стане фестываль «Агні зімы». На адкрытай пляцоўцы маёнтка Дзеда Мароза ў рэжыме нон-стоп пройдзе гала-канцэрт. У ім прапануюць прыняць удзел творчым калектывам і сольным выканаўцам розных узростаў. У выбары жанраў артыстаў не абмяжоўваюць. Галоўнае — зарадзіць гледачоў энергіяй. 

Да фестывалю «Добрыя чараўнікі» арганізатары запрашаюць далучыцца аніматараў, якія пераўвасабляюцца ў казачных персанажаў. Чакаецца, што ўдзельнікі парадам пройдуць у суправаджэнні духавога аркестра Дзеда Мароза, а таксама прадставяць анімацыйную праграму на цэнтральнай сцэне. 

Белавежская пушча з’яўляецца адной з самых наведвальных турыстычных лакацый Брэсцкай вобласці. У нацыянальным парку адзначаюць рост турпатоку. Так, у студзені — верасні гэтага года яго наведалі 526 тыс. чалавек, у тым ліку амаль 200 тыс. замежных падарожнікаў. Асаблівы ўсплёск адзначаецца напярэдадні і ў дні святкавання Каляд і Новага года, калі тысячы беларусаў і замежных гасцей імкнуцца пабываць у маёнтку пушчанскага Дзеда Мароза.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю