Акцыя «Нашы дзеці» ахапіла больш за мільён дзяцей. Матэрыяльная дапамога ўстановам, дзе яны выхоўваюцца, вучацца ці лечацца, склала 8 мільёнаў рублёў. Больш за 550 тысяч чалавек прынялі ўдзел у акцыі «Ад усёй душы». Падчас мерапрыемстваў сабрана больш за два мільёны рублёў, якія накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сацыяльных пансіянатаў і бальніц сястрынскага догляду, дапамогу і падтрымку пажылых грамадзян.
Салодкія падарункі, абсталяванне, бытавая тэхніка
Рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» споўнілася ўжо 30 гадоў. Гэтым разам яна прайшла з 16 снежня 2024 года да 15 студзеня 2025 года. Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Вайцяховіч, вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дзяржаўных і іншых арганізацый наведалі больш за 130 устаноў, сярод якіх дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, арганізацыі аховы здароўя, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, установы адукацыі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.
Акрамя прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, дзяржарганізацый, да акцыі штогод актыўна далучаюцца і грамадскія аб’яднанні — Беларускі дзіцячы фонд, які з’яўляецца актыўным пастаянным партнёрам, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, БСЖ, якія ўдзельнічалі ў наведваннях і віншаваннях дзяцей.
— Падчас акцыі дзеці атрымлівалі не толькі салодкія падарункі, але і абсталяванне, калі мы гаворым аб установах, якія неабходны для лячэння дзяцей, навучання, арганізацыі камфортнага пражывання. Таксама гэта бытавая тэхніка, якая падорана дзіцячым дамам сямейнага тыпу, — расказала Алена Вайцяховіч. — Аднак самае важнае, што атрымліваюць дзеці, — гэта ўвага і клопат. Падчас акцыі ў многіх устаноў сфарміраваліся шэфскія сувязі, якія актыўна падтрымліваюцца і за рамкамі акцыі.
З мінулага года акцыя «Нашы дзеці» праходзіць у новым фармаце — адкрыццё кожны год праводзіцца ў новым рэгіёне. Гэтым разам старт прайшоў у Віцебскай вобласці 16 снежня ў загарадным комплексе «Верасы». На свята запрасілі больш за 220 дзяцей. Старт акцыі быў дадзены адначасова ва ўсіх рэгіёнах краіны, з арганізацыяй тэлемоста з Віцебскай вобласцю.
Цэнтральнай падзеяй акцыі стала навагодняе свята з удзелам кіраўніка дзяржавы. Галоўная ёлка краіны сабрала ў Палацы Рэспублікі 2370 дзяцей ад 8 да 14 гадоў з усіх рэгіёнаў краіны. На навагодні баль для навучэнцаў і студэнтаў таксама з удзелам кіраўніка дзяржавы ў Палац Незалежнасці запрасілі тры сотні найлепшых прадстаўнікоў ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. У навагодніх мерапрыемствах у Палацы Рэспублікі і Палацы Незалежнасці прынялі ўдзел дэлегацыі з Расіі, Латвіі і Літвы.
У фармаце адзіных дзён
Больш як 550 тысяч чалавек прынялі ўдзел у навагодняй акцыі «Ад усёй душы». Сёлета яна праходзіла з 26 снежня да 15 студзеня. Традыцыйна мэтавай аўдыторыяй, для якой арганізаваны ўсе віншавальныя мерапрыемствы, сталі адзінокія грамадзяне, ветэраны вайны, доўгажыхары, людзі, якія перажылі вайну, ветэраны працы.
Як расказала начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Кацярына Каляда, у гэтым годзе дзейнічаў прапанаваны летась фармат акцыі. Мерапрыемствы праходзілі ў рамках адзіных дзён для таго, каб ахапіць як мага больш людзей па ўсёй краіне. Навацыяй акцыі стала мерапрыемства 26 снежня па ўрачыстым старце ва ўсіх рэгіёнах краіны, у ім прынялі ўдзел больш за 25 тысяч чалавек: гэта і пажылыя грамадзяне, і моладзь, і прадстаўнікі органаў улады, і грамадскіх аб’яднанняў.
Акцыя праходзіла ў два этапы. Падрыхтоўчы быў накіраваны на стварэнне святочнага настрою і падрыхтоўку да сустрэчы Новага года, а з 3 студзеня пачаліся ўласна віншавальныя мерапрыемствы. Такім чынам, 30 снежня прайшоў адзіны дзень «Гірлянда добрых спраў», калі моладзь наведала пажылых людзей, каб дапамагчы прыбраць і ўпрыгожыць дом, набыць прадукты да святочнага стала. У ім паўдзельнічала каля 45 тысяч чалавек. Трэцяга студзеня Вялікі тэатр Беларусі арганізаваў вялікі віншавальны вечар з паказам балета «Шчаўкунчык», на які сабралася каля тысячы чалавек.
Самае чаканае мерапрыемства — балі «Калядная сімфонія», якія прайшлі не толькі ва ўсіх абласных цэнтрах, але і ў раёнах, у іх прынялі ўдзел каля 9 тысяч чалавек, прычым актыўнічала і моладзь. Яшчэ адзін тэматычны дзень — 14 студзеня: прайшлі мерапрыемствы з удзелам валанцёраў пад назвай «Сустрэнем дружна стары Новы год», у ім узялі ўдзел каля 20 тысяч чалавек.
У рамках акцыі абавязковым стала ўшанаванне доўгажыхароў. Кацярына Каляда нагадала, што ў краіне жыве каля 40 тысяч чалавек, старэйшых за 90 гадоў, і больш за 600 чалавек, якія перасягнулі 100-гадовы рубеж. Падчас акцыі 1400 чалавек з ліку доўгажыхароў адсвяткавалі свае дні нараджэння.
Яркай падзеяй акцыі стала і наведванне выстаўкі «Мая Беларусь». Сярод пажылых людзей яна выклікала вялікую цікавасць, утварылася нават пэўная чарга з ахвотных наведаць экспазіцыю.