Top.Mail.Ru
916

Падведзены вынікі конкурсу «Пазнай Беларусь»

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХХІІІ Рэспубліканскага конкурсу «Пазнай Беларусь» прайшла ў Нацыянальным Акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. 


Сёлета на яго было пададзена 1653 заяўкі, для параўнання ў 2003 годзе, калі конкурс праводзіўся ў першыню, за званне лепшых змагалася ўсяго паўсотні прэтэндэнтаў. Як адзначыла дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч, такія лічбы сведчаць не толькі пра рост цікавасці да галоўнага турыстычнага конкурсу краіны, але і пра развіццё ўнутранага турызму. Уласна, конкурс і быў створаны найперш, каб прыцягнуць увагу грамадзян для падарожжаў па сваёй краіне. З кожным годам ён прырастае новымі намінацыямі, якія адлюстроўваюць развіццё галіны. Так, у папярэднія гады пачалі вызначацца лепшыя аб’екты рэлігійнага, прамысловага, экалагічнага турызму, а сёлета дадатковай намінацыяй стаў дзелавы турызм. Пра тое, што гэты кірунак набывае ўсё большую запатрабаванасць, сведчаць адкрыццё Мінскага дзелавога выставачнага цэнтра і рост колькасці гасцей, якія прыязджаюць у Беларусь на міжнародныя канферэнцыі, выстаўкі, семінары. 


Беларусы і замежныя турысты пачалі сачыць за фестывалямі і святамі, якія праводзяцца ва ўсіх абласцях Беларусі ў розныя перыяду году. Сёлета журы выбіраць самыя яскравыя мерапрыемствы давялося сярод 130 заявак. У фінале адзначаны канцэрная праграма «Класіка ў Ратушы», «Вішнёвы фестываль» ў Глыбокім, гарадскі пікнік «Вуліца Ежа». Перамога дасталася арганізатарам рок-фестывалю «Сонцастаянне» на Брэшчыне. 

Конкурс «Пазнай Беларусь» дазваляе вызначыць лепшыя санаторыі, гасцініцы, музеі, аб’екты рэлігійнага, аграэкатурызму, адзначыць турыстычныя кампаніі і экскурсаводаў, падтрымаць інавацыі, садзейнічаць павышэнню паслуг. Сёлета ў рамках Года добраўпарадкавання журы звяртала ўвагу і на тое, як выглядае тэрыторыя вакол аб’ектаў размяшчэння. Як адзначыў намеснік міністра Міністэрства спорту і турызму Беларусі Алег Андрэйчык, найперш конкурс накіраваны на тое, каб прасоўваць унікальны турыстычны патэнцыял нашай краіны. 


За апошнія тры гады ў конкурсе прынялі ўдзел больш 5 тысяч намінантаў. Алег Андрэйчык заўважыў, што сярод лаўрэатаў і пераможцаў — сапраўды прадстаўлены лепшыя.

Гэта людзі і кампаніі, якія прайшлі некалькі этапаў адбору на рэгіянальным, абласным узроўнях, ацэньваліся экспертным саветам па кожнай намінацыі. Сярод членаў журы — прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, Інстытута гісторыі НАН Беларусі турыстычных кампаній.

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза заўважыў, што турызм пачынае адыгрываць вялікую ролю ў жыцці грамадзян і набывае асаблівую «дзяржаўную» увагу, пра што сведчыць той факт, што пытанні развіцця галіны былі ўзняты падчас Усебеларускага народнага сходу.


Прадстаўнікі гасцініцы «Планета», якая падчас конкурсу прызнана адной з лепшых, упэўнены, што пастаўленая на бліжэйшую пяцігодку задача па павелічэнні колькасці турыстаў і росту даходаў галіны будзе дасягнута. Важна, каб усе сродкі размяшчэння працавалі якасна, паказвалі высокі ўзровень гасціннасці. Галоўны ж сакрэт поспеху, на думку лаўрэатаў, — гэта любоў да людзей. Можа таму ў гэту гасцініцу, пабудаваную да алімпіяды 1980 года, пастаяльцы так любяць вяртацца — напрыклад, адна з кліентак тут спынялася ўжо каля 50 разоў.

У конкурсе «Пазнай Беларусь» акрамя прафесіяналаў бяруць удзел і звычайныя падарожнікі. Яны дапамагаюць паглядзець на турыстычную галіну знутры, звярнуць увагу на аб’екты і рэсурсы, якія можна задзейнічаць для яе далейшага развіцця. У намінацыі «Фатаграфія года» перамагла настаўніца гісторыі з Капыльскага раёна Валянціна Ясючэня.

Яна прызналася, што вельмі рада, што дзякуючы конкурсу больш людзей змаглі даведацца пра родныя для яе мясціны. Галоўнае, на яе думку, тое, што конкурс прывівае любоў да радзімы, матывуе, падштурхоўвае да падарожжаў і адкрыццяў. Жанчына падзялілася, што для Ванелівіцкай сярэдняй школы, у якой яна працуе, гэта ўжо не першая перамога. Разам з настаўнікамі пошук унікальных і найпрыгажэйшых мясцін вядуць іх вучні. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю