Top.Mail.Ru

Падведзены вынікі работы дэлегацыі Томскай вобласці ў Беларусі

Адбылося VI пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з Томскай вобласцю Расійскай Федэрацыі. Прадстаўнікі кран абмеркавалі перспектывы і кірункі ўзаемадзеяння.


Паводле слоў міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, сустаршыні рабочай групы Сяргея МАСЛЯКА, напрамкі сумеснага развіцця дастаткова шырокія. Так, у першую чаргу Томская вобласць зацікаўлена ў пастаўках беларускай аўтатрактарнай тэхнікі.

— Губернатар асабіста тэсціраваў цягач Еўра-6 на электраходзе, які выраблены Мінскім аўтамабільным заводам. Акрамя таго, МАЗ можа сёння пахваліцца яшчэ і навінкай, якая запушчана пакуль для выпрабаванняў на адным з прадпрыемстваў Мінска. Гэта смеццявозная электратэхніка, — адзначыў кіраўнік прыродаахоўнага ведамства.

Аб’ём тавараабароту з Томскай вобласцю за апошнія сем месяцаў склаў больш за $17 млн, або 122 % да аналагічнага перыяду мінулага года. Экспарт склаў больш за $10 млн, а імпарт з Томскага рэгіёну ў Беларусь за апошнія месяцы вырас фактычна ў два разы.

Работа з Томскай вобласцю вядзецца ў адпаведнасці з дарожнай картай, якая была падпісана на бліжэйшыя два гады. Летась рэгіён наведала беларуская дэлегацыя: падчас візіта адбылося азнаямленне з прадпрыемствамі і вытворчасцю вобласці. Сёлета тамічы прынялі ўдзел у міжнароднай прамысловай выставе «ІНАПРАМ. Беларусь», якая праходзіць у Мінску.

Як адзначыў губернатар Томскай вобласці Уладзімір МАЗУР, пасяджэнне рабочай групы дазволіла падвесці вынікі двухдзённага візіту дэлегацыі ў Беларусь.

— Мы разглядалі шырокую лінейку ўзаемнага супрацоўніцтва, пачынаючы ад традыцыйных пытанняў сельскай гаспадаркі і заканчваючы высокімі тэхналогіямі мікраэлектронікі, радыёэлектронікі і малатанажнай хіміі. У цесным супрацоўніцтве сёння выбудоўваем работу з Акадэміяй навук Беларусі, у якой вельмі высокія кампетэнцыі і шматгадовыя перадавыя напрацоўкі ў галіне мікраэлектронікі, — паведаміў Уладзімір Мазур і расказаў пра наведванне прадпрыемства BELAZ, дзе таксама ёсць прапанова ў сферы электронікі і галасавых памочнікаў.

Высокі ўзровень і патэнцыял супрацоўніцтва, паводле слоў Уладзіміра Мазура, пацвярджаецца існуючымі дамовамі. У першую чаргу Томская вобласць зацікаўлена ў прадукцыі лёгкай прамысловасці і прадуктовай лінейцы, а таксама ў беларускай тэхніцы для камунальнай і сельскай гаспадаркі, а таксама пажаратушэння.

— Яна надзейная, даступная ў цане, а, галоўнае, ёсць сэрвіснае абслугоўванне. Калі адбываюцца непаладкі, то яны хутка ўстараняюцца. Гэта вельмі моцна ўплывае на бяспеку і сацыяльны дабрабыт нашых грамадзян, — падкрэсліў губернатар.

Падчас пасяджэння падпісаны пагадненне аб супрацоўніцтве і сумеснай дзейнасці ў рамках рэалізацыі праграмы развіцця Перадавой інжынернай школы Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта сістэм кіравання радыёэлектронікі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, пагадненні аб супрацоўніцтве паміж ААТ «Планар» і Томскім дзяржаўным універсітэтам сістэм кіравання і радыё, а таксама паміж Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы і Томскім абласным ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга тэатрам драмы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю