Top.Mail.Ru

Падведзены вынікі работы Мінпрыроды за 2025 год

Падчас пасяджэння калегіі Мінпрыроды абмярковаліся рэзультаты рэалізацыі дзяржаўных праграм па ахове навакольнага асяроддзя, добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі, развіцця мінеральна-сыравіннай базы, захавання і прымнажэння прыроднага патэнцыялу і іншыя кірункі прыродаахоўнай дзейнасці. 



Вынікі работы прыродаахоўнай галіны прадставіў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК. Паводле яго слоў, былі выкананы 4 зводныя мэтавыя і 14 з 17 мэтавых паказчыкаў. Так, прырост рэсурсаў нафты склаў 486 тыс. т (было запланавана 250 тыс. т), апраўдвальнасць кароткатэрміновых прагнозаў надвор’я па абласных цэнтрах павялічылася на 95,5 % (па плане — 93,4 %), удзельная вага плошчы ААПТ у агульнай плошчы краіны дасягнула 9,2 %. Значна знізіліся і выкіды парніковых газаў — 40,7 % (да ўзроўню 1990 г.).

У мэтах фарміравання цэласнай сістэмы кіравання ўсімі відамі адходаў Мінпрыроды была падрыхтавана Стратэгія па абыходжанні з адходамі вытворчасці і спажывання ў Рэспубліцы Беларусь (зацверджана пастановай Урада ад 18 жніўня 2025 года № 444), а таксама змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь аб абыходжанні з адходамі. Зараз законапраект дадаткова накіраваны выканаўчым і распарадчым органам на ўзгадненне. 

Даволі высока Сяргей Масляк ацаніў работу ў рамках Года добраўпарадкавання. Былі выкананы амаль усе з 84 мерапрыемстваў, згодна з планам па яго правядзенні. Многія нават з вялікім апярэджаннем.

— І гэта нягледзячы на тое, што штабам пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Анатоля СІВАКА названыя паказчыкі былі перагледжаны ў бок павелічэння. Перакананы, работа праведзена значная. Але няма мяжы дасканаласці. Таму перад намі сёлета стаіць задача давесці яшчэ больш высокія паказчыкі, каб забяспечыць навядзенне парадку на ўсёй без выключэння тэрыторыі нашай краіны, асабліва на землях агульнага карыстання ў межах сельскіх населеных пунктаў. Дарэчы, на 1 студзеня 2026 года ўзровень азелянення беларускіх гарадоў дасягнуў 40 %. Гэта таксама дастаткова сур’ёзны паказчык, — расказаў кіраўнік прыродаахоўнай галіны.

Летась было высаджана больш за 500 тыс. дрэў (у 2024 годзе — 348 тыс.), 656 тыс. кустоў (у 2024 годзе — звыш 550 тыс.), рэкордныя больш за 33 млн кветак (у 2024 годзе — усяго 5 млн). Прычым безумоўным лідарам па пасадцы кустоў і кветак стаў Мінск.

Паводле слоў кіраўніка ведамства, Мінпрыроды ўнесла прапанову працягнуць каардынаваць і кантраляваць пытанні добраўпарадкавання, а таксама захаваць такія эфектыўныя падыходы, як фарміраванне штаба са старшынствам профільнага віцэ-прэм’ера, абмеркаванні ў рэжыме рэальнага часу найбольш актуальных пытанняў з прыняццем канкрэтных рашэнняў у моманце.

Не абышлі ўвагай і гідраметэаслужбу. Як адзначыў Сяргей Масляк, у 2017–2025 гадах Белгідрамет перажыў маштабную рэканструкцыю і мадэрнізацыю назіральнай сеткі, на якую было затрачана каля 43 млн рублёў. У выніку істотна павялічыўся ўзровень апраўдвальнасці кароткатэрміновых прагнозаў. На бліжэйшыя суткі ён складае звыш 98 %, на трое сутак — больш за 97 %.

Працягваецца развіццё назіральнай сеткі. Так, у 2025 годзе на тэрыторыі Беларусі пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 5 аўтаматычных метэаралагічных станцый. Сёння іх каля 73. 

— Ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на 2026 год. Да канца года будзе уведзена яшчэ пяць станцый. У планах — пакрыць тэрыторыю краіны так, каб аўтаматычная метэаралагічная станцыя знаходзілася ў кожным раёне. Гэта павялічыць дакладнасць прагнозаў надвор’я ў абласных і раённых цэнтрах, — рэзюміраваў кіраўнік прыродаахоўнай галіны

Александрына ПАРШЫНА

Фота Лізаветы Голад

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю