Top.Mail.Ru

Падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці за 2024 год

На пасяджэнні Гродзенскага аблвыканкама былі разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці за 2024 год і задачы на 2025 год, а таксама выкананне бюджэту рэгіёна за 2024 год і задачы па выкананні бюджэту на 2025 год.


Сацыяльна-эканамічны комплекс Гродзенскай вобласці знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях па шасці з васьмі крытэрыяў ацэнкі яго работы, трэба будзе працаваць над тым, каб высокія вынікі дасягаліся ва ўсіх без выключэння сферах. Аб гэтым сказаў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч перад пасяджэннем Гродзенскага аблвыканкама, на якім падводзіліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну ў 2024 годзе і вызначаюцца задачы на 2025 год.

«Работа сацыяльна-эканамічнага комплексу сёння ацэньваецца па васьмі паказчыках. Гродзенская вобласць па шасці крытэрыях паказвае ўстойліва высокія вынікі, якія перавышаюць сярэднерэспубліканскае значэнне. Па двух паказчыках ёсць пытанні: гэта прыцягненне інвестыцый у асноўны капітал і будаўніцтва арэнднага жылля. Па гэтых пытаннях неабходна выпрацаваць канструктыўныя пазіцыі. Трэба працаваць над тым, каб у 2025 годзе па ўсіх васьмі крытэрыях Гродзенская вобласць займала лідзіруючыя пазіцыі ў краіне», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.

Як адзначыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі, на працягу некалькіх дзён было праверана выкананне ў раёнах даручэння па зімоўцы жывёлы, стан малочнатаварных комплексаў, машынных двароў, падрыхтоўка тэхнікі да веснавых палявых работ. У цэлым уражанне станоўчае. Пабудавана больш за 35 сучасных малочнатаварных комплексаў, дзе сапраўды створаны добрыя ўмовы. Ёсць і тыя, якія трэба абнаўляць. Радуе стаўленне людзей да справы, аптымізм, тое, што персанал ставіцца да справы з душой, адказна: ад гэтага і надоі, и якасць малака адпавядаюць патрабаванням.

На думку дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі, было б добра, каб гарадскія жыхары часцей бывалі на сяле, бачылі, якой працай дастаецца багацце на паліцах нашых магазінаў.

Як падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч, былі і праблемныя пытанні, на якія ўказана кіраўнікам гаспадарак. Ён выказаў упэўненасць, што ўсё неабходнае аператыўна паправяць, каб было ўсё, як і павінна быць у нашай рэспубліцы — на выдатна.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, выступаючы на калегіі, заявіў, што 2024 год быў удалым для Гродзенскай вобласці. «Мы захавалі станоўчую дынаміку росту эканомікі, мы захавалі станоўчую дынаміку росту як рэальных даходаў насельніцтва, так і налічанай заработнай платы. Мы бачым павелічэнне паступленняў у бюджэт», сказаў губернатар.

Уладзімір Каранік звярнуў увагу на тэндэнцыю скарачэння колькасці стратных прадпрыемстваў, рост экспарту. «Гэта дарагога каштуе, — сказаў ён. — Наша задача цяпер — ні ў якім разе не спыняцца, а вызначыць канкрэтна, што трэба яшчэ, каб гэтыя працэсы захоўваліся і развіваліся».

Гаворачы аб веснавых палявых работах, старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў рэгіёне ўжо ёсць гаспадаркі, дзе пачынаецца ранні падкорм. Асноўная задача зараз — забяспечыць гатоўнасць тэхнікі. Паводле даных на 25 лютага, узровень гатоўнасці па вобласці ў цэлым 92-93 працэнты. «Як толькі дазволяць умовы надвор’я, дружна выйдзем у поле», — дадаў ён.

Як адзначана на пасяджэнні аблвыканкама, у Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе выпусцілі прамысловай прадукцыі на суму Br21,7 млрд., гэта 10,7 працэнта ад усяго вырабленага ў краіне. Забяспечаны рост вытворчасці прадуктаў харчавання, напіткаў і тытунёвых вырабаў, хімічных прадуктаў, вырабаў з дрэва, транспартных сродкаў і абсталявання, электраабсталявання і іншай прадукцыі.

Аб’ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак склаў Br6,6 млрд., або 104,1 працэнта ў супастаўных цэнах да 2023 года. Сельскагаспадарчымі арганізацыямі, уключаючы сялянскія (фермерскія) гаспадаркі, выраблена прадукцыі на суму Br5,6 млрд., або 105,8 працэнта. Вытворчасць малака вырасла на 6 працэнтаў і склала 1,6 млн. т. На 413 кг у цэлым па вобласці вырас сярэдні надой малака ад каровы, па выніках 2024 года ён склаў 7512 кг. У 19 гаспадарках надаілі больш за 10 тыс. кг малака ад каровы.

У 2024 годзе ў рэгіёне намалочана больш як 2 млн т збожжа.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю