Top.Mail.Ru

Падводзім вынікі мінулага года і фіксуем планы на новы

Тыя беларусы, якіх на Гульні дапусцілі, у Парыжы прадэманстравалі сапраўдны гераізм і спартыўны дух. У авангардзе — батутысты. Іван Літвіновіч стаў першым у гісторыі двухразовым чэмпіёнам па скачках на батуце. Віялета Бардзілоўская — сярэбраны прызёр Алімпіяды. Яўген Залатой стаў сярэбраным прызёрам у спаборніцтвах па акадэмічным веславанні. Гэта першы для Беларусі медаль у мужчын-акадэмістаў. Яўген Ціханцоў узяў рэванш за няўдалае выступленне на Алімпіядзе ў Токіа і з Парыжа прывёз бронзавы медаль. І няхай аматараў цікавяць найперш медалі, не варта забываць, што чацвёртае месца байдарачніка Уладзіслава Краўца ці выхад у фінал плыўчыхі Аліны Змушко — таксама выдатны вынік на Алімпійскіх гульнях.


З надзеяй на правільны выбар

Пытанне ўдзелу беларусаў у зімовых Алімпійскіх гульнях — 2026, як і ў цэлым зняцце санкцый залежыць ад выбараў прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта, якія пройдуць у сакавіку. Так, летась МАК дапусціў беларусаў на Алімпійскія гульні. Але рашэнне аб допуску спартсменаў на кваліфікацыйныя старты і іншыя спаборніцтвы прымаюць міжнародныя федэрацыі па відах спорту — а там у кожнага свае сімпатыі ці антыпатыі. Новы кіраўнік МАК можа паспрыяць змяненням у сусветным спорце. Адзін з кандыдатаў, якога лічаць фаварытам, Себасцьян Коў даў зразумець, што беларусаў і расіян вяртаць не хоча. Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый, якую ён зараз узначальвае, упарта выступае катэгарычна супраць вяртання нашых спартсменаў. Падобную пазіцыю займае і швед Юхан Эліаш, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту і снаўборда. На пасаду прэзідэнта МАК балатуюцца таксама прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі Марынарі Ватанабэ і прэзідэнт Міжнароднага саюза веласіпедыстаў Давід Лапарцьян. А гэта лаяльныя да нашых спартсменаў арганізацыі, якія знялі міжнародны бан. Будучым прэзідэнтам МАК імкнецца стаць алімпійская чэмпіёнка па плаванні Кірсці Ковентры. Можна спадзявацца на тое, што сама ў нядаўнім мінулым спартсменка яна разумее, каму найперш шкодзіць адхіленне. Вялікія чаканні ўскладаюць на іспанца Хуана Антоніа Самаранча малодшага. Яго бацьку называюць адным з найлепшых кіраўнікоў МАК у гісторыі. Хуан Антоніа Самаранч у 1990-я актыўна дапамагаў Беларусі ў стварэнні свайго Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Хочацца верыць, што алімпійскія ідэалы перадаюцца генетычна.

Што пакуль баліць...

Пакуль жа інфармацыя аб удзеле беларусаў у Алімпійскіх гульнях 2026 года неадназначная. Міжнародны саюз канькабежцаў дапусціў канькабежцаў, фігурыстаў, шорт-трэкістаў да ўдзелу ў алімпійскай кваліфікацыі. «У гэтага допуску прысутнічае маса абмежаванняў, якія абыдуць не ўсе. Ёсць падазрэнне, што „абрэжуць“ менавіта лідараў зборнай і дапусцяць не самых галоўных прэтэндэнтаў на ўзнагароды», — адзначыў Ігнат Галавацюк, лідар зборнай па канькабежным спорце.

Цяжкая сітуацыя з Міжнароднай федэрацыяй лыжнага спорту і снаўборда. «Зараз мы можам з упэўненасцю заявіць, што ніводны расійскі або беларускі спартсмен, а таксама трэнер або любы член персанала не будзе запрошаны да ўдзелу ў Кубку, чэмпіянаце свету ці іншым турніры пад эгідай FІS да наступнага апавяшчэння», — заявілі ў арганізацыі. Не могуць выступаць на міжнародных стартах фрыстайлісты, якія з кожнай Алімпіяды прывозяць медалі. Міжнародны саюз біятланістаў допуск беларусаў нават не разглядае. А дарэмна, нашы спартсмены маглі б упрыгожыць міжнародныя спаборніцтвы. Антон Смольскі, напрыклад, выйграў агульны залік Кубка Садружнасці сезона 2023/2024. Ды і цяпер Дзінара і Антон Смольскія, Ганна Сола, Дзмітрый Лазоўскі не здаюць лідарскіх пазіцый на этапах Кубка Садружнасці.

Абнадзеіў хакей. Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея Люк Тардзіф днямі заявіў, што неабходна як мага хутчэй «адчыніць дзверы» для беларусаў і расіян, каб была магчымасць скласці зразумелы графік спаборніцтваў. Плануецца, што канчатковае рашэнне будзе вынесена ў лютым.

Разам з тым прадстаўнікі зімовых відаў спорту без справы не сядзяць. На гульні хакейнага «Дынама-Мінск» збіраецца поўная «Мінск-арэна». Летась «Дынама-Мінск» стаў першым клубам у Кантынентальнай хакейнай лізе, які пакарыў неба. Ліўрэя аднаго з самалётаў авіякампаніі «Белавія» ўпрыгожана ў фірмавым стылі каманды. Вялікае спартыўнае свята ў лютым будуць прымаць «Раўбічы». Тут пройдуць спаборніцтвы біятланістаў Беларусі і Расіі — «Кубак мацнейшых спартсменаў». Праграма ўключае шэсць дысцыплін і будзе дубліраваць перадалімпійскі тыдзень.

...і за што варта радавацца

Спецыялісты неаднаразова падкрэслівалі, што міжнародны бан дапамог больш увагі ўдзяліць дзіцячаму і юнацкаму спорту. Санкцыі санкцыямі, а рэзерв рыхтаваць трэба. У мінулым годзе юныя беларусы выдатна выступалі на спаборніцтвах у Расіі. Летнія «Дзеці Азіі» прынеслі беларусам 78 медалёў, а зімовыя «Дзеці Прымор’я» — 13 узнагарод. Трэба пашыраць гарызонты. Еўрапейскія алімпійскія камітэты (ЕАК) дапусцілі магчымасць удзелу беларусаў у Еўрапейскіх юнацкіх алімпійскіх фестывалях 2025 года. Першы з падобных форумаў ужо ў лютым пройдзе ў Грузіі. Верым у лепшае.

Днямі стартуе першы ў новым годзе турнір серыі «Вялікага шлема» па тэнісе — Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі, які два гады запар выйгравала Арына Сабаленка. Летась яна зноў стала першай ракеткай свету. Таму сумна аматарам беларускага тэніса не будзе. У мінулым годзе нацыянальная зборная па пляжным футболе заняла чацвёртае месца — гэта быў сапраўдны фурор. Каманда ўжо пачала падрыхтоўку да чэмпіянату свету 2025 года. Падрыхтоўку да галоўнага старту сезона — чэмпіянату свету па водных відах спорту — пачалі і плыўцы. У іх мінулы год таксама быў паспяховым: на пяці этапах Кубка свету заваявалі 17 медалёў, а пад канец года — два медалі чэмпіянату свету, абнавілі мноства нацыянальных рэкордаў.

Сёлета свой клас на міжнароднай арэне абяцаюць паказаць барцы, цяжкаатлеты, гімнасты, самбісты, весляры, баксёры — да міжнародных стартаў дапушчаны 28 федэрацый па 35 відах спорту. І гэта ўжо нядрэнна. Але ў 2025-м хацелася б радавацца перамогам спартсменаў на міжнародных стартах, а не таму факту, што іх туды дапусцілі.

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Перамогі і старты

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю