Top.Mail.Ru
94

Павышанае ўтрыманне вуглякіслага газу выявілі ў крыві сучасных людзей

Аўстралійскія навукоўцы выявілі, што ў арганізме сучасных людзей назіраецца павышанае ўтрыманне вуглякіслага газу, якое ў хуткай будучыні можа дасягнуць крытычнага парога, паведамляе БелТА.


Каманда з Дзіцячага даследчага інстытута Аўстраліі, Універсітэта Керціна і Аўстралійскага нацыянальнага ўніверсітэта прааналізавала вынікі аналізаў крыві прыкладна 7 тыс. чалавек. Узоры бралі кожныя два гады ў перыяд з 1999 па 2020 год. 

Вынікі паказалі, што з 1999 года сярэдні ўзровень бікарбанату ў сываратцы крыві (паказчык, цесна звязаны з утрыманнем вуглякіслага газу ў арганізме) вырас прыкладна на 7 %. За той жа перыяд сярэднія ўзроўні кальцыю і фосфару знізіліся. 

Гэтыя змены адлюстроўваюць рост утрымання CO2 у атмасферы Зямлі. Яно павялічылася прыкладна з 369 частак на млн (ppm) у 2000 годзе да больш за 420 частак на млн у нашы дні.

Бікарбанат адыгрывае ключавую ролю ў падтрыманні кіслотна-шчолачнага балансу арганізма. Калі ўзровень СО2 павялічваецца, арганізм утрымлівае больш бікарбанату для стабілізацыі рн крыві. Навукоўцы папярэдзілі, што хімічныя змены складу крыві чалавека сталі рэакцыяй на рост вуглякіслага газу ў атмасферы. Калі нічога не зменіцца, сярэднія ўзроўні бікарбанату могуць наблізіцца да мяжы недапушчальнага ўзроўню на працягу 50 гадоў.

Эксперты нагадалі, што людзі эвалюцыянавалі ў атмасферы, якая змяшчае прыкладна 280-300 ppm вуглякіслага газу. Чалавечы арганізм прывык падтрымліваць тонкі баланс паміж утрыманнем CO2 у паветры, рн крыві, частатой дыхання і ўзроўнем бікарбанату ў крыві. Але зараз утрыманне CO2 у паветры вышэй, чым калі-небудзь у чалавечай гісторыі. Вуглякіслы газ, які назапашваецца ў арганізме, можа прывесці да розных праблем са здароўем.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю